“Прыходзілі афіцэры Навумава на ўчастак і гаварылі міліцыянэру: “Ідзіце пагуляйце”, а самі брудную справу рабілі – урны адкрывалі й кідалі туды бюлетэні”

RFE/RL Водгукі слухачоў – 12 кастрычніка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.
(Спадар: ) “Добры вечар, “Свабода”. Здаецца мне, што ўжо, напэўна, апошняму дэбілу зразумела, што ў датэрміновым галасаваньні прымаюць удзел толькі прыхільнікі Лукашэнкі, прычым заўзятыя. І найбольш такіх – у вёсках. Дык чаго ж вы ставіце такія дурныя пытаньні – “Ці будзеце вы прымаць удзел?”… Няўжо не зразумела гэта? Гэта ж ня першыя выбары. Я ўжо быў і наглядальнікам у вёсцы, членам камісіі, і бачыў, хто ходзіць – толькі той, хто будзе галасаваць “за”. Пра ніякія фальсыфікацыі падчас датэрміновага галасаваньня гаварыць не прыходзіцца – бо і так усе бюлетэні будуць “за”. Хіба што за выключэньнем нейкай памылкі – чалавек ня там нешта па сваёй дурасьці выкрэсьліць, ці наогул які вар’ят”.

(Слухач: ) (1) “Добры вечар, “Свабода”. Ужо ваша радыёстанцыя працуе, скажам так, без цэнзуры, але, на жаль, вы не пазбавіліся аднабаковасьці. Вы мала чым сталі адрозьнівацца ад афіцыйнай прапаганды. Што я маю на ўвазе? Вось, не далей чым учора, сёньня нават раніцою так званае апытаньне, якое праводзіла Галіна Абакунчык. Што мяне ўразіла? Тое, што да ўсіх, каго яна апытвала, нікому нават не задавала пытаньня, ці чулі яны аб гэтым “Акце аб дэмакратыі”. Усе, як некалі піянэры, дружна адказвалі на яе пытаньні, што ўсе яны так добра ведаюць, што прыняты такі акт. Я ў гэтым вельмі і вельмі сумняваюся – таму што вы нават не паведамляеце, колькі ў вас слухачоў; а чытачоў у Народнай волі”, якая ў асноўным такія матэрыялы публікуе, дакладна вядома – 27-28 тысячаў, усяго, на 20-цімільённую Беларусь”.

(Слухач: ) (2) “Прашу прабачэньня ў “Свабоды”, што такім чынам займаю вашу апаратуру – яна ў недалёкім мінулым нават сапсавалася ад такога наплыву званкоў. На жаль, цяпер іх паменела. І яшчэ, шкадую, што ня ведаю, ці існуе “Кодэкс гонару журналіста”. Калі ён існуе, я б туды ўключыў такое правіла: калі праводзіць такія апытаньні, пра якія я гаварыў – я маю на ўвазе апытаньне Галіны Абакунчык пра “Акт аб дэмакратыі” – то ў канцы ці напачатку трэба было б абавязкова ўзгадваць, колькі чалавек было апытана, колькі зь іх адказалі так, колькі – іначай, колькі – ухіліліся ад адказу; колькі – па-расейску, колькі – па-беларуску. А так – вы нас трымаеце быццам бы за тых дурняў. Асабліва гэта тычыцца дзяржаўных сродкаў. Мабыць, вы ўсе выйшлі адтуль, таму таксама пераймаеце мэтады іх працы. Яны паказваюць толькі тое, што ім самім карысна, толькі тое яны палічаць мэтазгодным даць у эфір”.

(Спадар: ) “Мне падаецца, мае рацыю Зянон Пазьняк – трэба байкатаваць гэты сатанінскі рэфэрэндум, які, апрача напружаньня ў грамадзтве, нічога нам не прынясе”.

(Спадарыня: ) “Я хачу паведаміць, што ў школе №172 загадалі настаўнікі ўсім дзецям, каб заўтра адбыўся ў школе сход ва ўсіх клясах, і каб бацькі ўсе прыйшлі з пашпартамі, і каб датэрмінова заўтра ж прагаласавалі. Вось такая ў нас дэмакратыя”.

(Спадар: ) “Задаю пытаньні. Першае: які ўраджай сапраўды зьняты ў Беларусі? Гэта ж “ліпа” – 7.5 мільёнаў тон. Другое пытаньне: чаму райваканкамы не прымаюць справаздачы ад калгасаў, калі ў справаздачах заніжаны паказьнікі – надоі малака й г.д. Трэцяе пытаньне: сруктуры Навумава на тыя ўчасткі, дзе галасаваньне датэрміновае, прыяжджалі. Прыходзілі афіцэры Навумава на ўчастак і гаварылі міліцыянэру: “Ідзіце пагуляйце”, а самі брудную справу рабілі – урны адкрывалі й кідалі туды бюлетэні, асабліва студэнцкія – ведаюць, што кожны студэнт прагаласуе “супраць”. Ці будзеце ласкавыя адказаць? І дзе прафэсар Кулажанка? Чаму няма яго артыкулаў у “Народнай волі”? Дзякуй за ўвагу”.

(Жыхар Менску: ) “Добры вечар, “Радыё Свабода”. Канешне, жывем мы цяпер у даволі складаны час, у сувязі з гэтым рэфэрэндумам і выбарамі кандыдатаў ў Палату прадстаўнікоў. У адказ на пытаньне, якія шансы маюць апазыцыйныя кандыдаты, можна сказаць – малыя, найдрабнейшыя. Шмат хто лічыць, што працу выбарчых камісій будуць кантраляваць назіральнікі. Аднак вашым радыё не асьвятляюцца тыя паўнамоцтвы, якія дадзены гэтым назіральнікам – ці ўдзельнічаюць яны ў падліку бюлетэняў, у падліку галасоў. Гэта варта было б асьвятляць шырока і часта”.

(Спадар: ) “Вось вы мінулым тыднем асьвятлялі пытаньне вяртаньня ўкладаў, унесеных у Ашчадны банк. Але, канешне, знайсьці цяпер такія грошы вельмі складана. Аднак, не паднята пытаньне таго, што грошы ўносіліся ў Ашчадны банк Савецкага Саюза, а правапераемнікам Саюза стала Расея. Ніхто не падымае пытаньня, каб Расея вярнула ўклады. Апрача гэтага, Лукашэнка, калі стаў прэзыдэнтам, два гады назіраў, як усякія ілжывыя фірмы і прадпрымальнікі бралі ўклады ад насельніцтва Беларусі без ліцэнзіі. Але толькі праз два гады, у траўні 1996-га, выдаў загад, каб без ліцэнзаваньня забараніць прыём укладаў ад насельніцтва. Як вынік гэтага, сотні тысячаў укладнікаў засталіся падманутымі. Уклады ня вернуты да нашага часу”.

(Спадар: ) “Добрай раніцы, “Свабода”. Адказваю на пытаньне тыдня, за сябе й за сваю жонку. Ні на якое галасаваньне ні да дня выбараў, ні ў дзень выбараў мы ня пойдзем. Таму што ўдзельнічаць у самападмане, удзельнічаць у забесьпячэньні трэцяга тэрміну спадару Лукашэнку можа толькі, як сёньня казаў таварыш пра Шушкевіча, “вельмі наіўныя” людзі. Альбо людзі вельмі несумленныя. Дзякую”.

(Спадар: ) “Добрага ранку. Здаецца, гэта ў казцы Гофмана ёсьць – калі на краіну напалі чорным дахам. Па-мойму, гэта ў нас такое, нават горай. Гэта ж трэба, каб паважаныя людзі, кандыдаты ў дэпутаты, ня мелі магчымасьці сустрэцца з выбарцамі ў памяшканьні. Пытаюся ў іх – чаму мы з вамі сустракаемся тут, каля пад’езда, у цемры й халадэчы, чаму не даюць нам памяшканьня? Дзе такое калі бачана было? Другое: клоўны гэтыя бессаромныя, несумленныя – ды без усякага: банда нейкая тэлевізійная. Што яны кажуць – прэзыдэнт (гэта па яго просьбе) пайшоў на неапісальны крок, не бывала ў гісторыі – павялічыў заробак і павялічыў на 9% пэнсію. Ды не павялічыў ён пэнсію на 9%, гэта не кампэнсацыі нават. Калі я спытаў у кіраўніка аддзелу сацыяльнага забесьпячэньня (па пэнсіі каторы), дзе ж тут павелічэньне – калісьці роўная была, 120-132 – вы ведаеце, што яна заявіла? Заявіла, што гэта няправільна было, такую вялікую пэнсію даваць. Яна нават не разумее таго, што кошт працоўнай сілы тады ў пяць разоў памяншаўся – рубель мы зараблялі, нам давалі 12-18 капеек тады, таму дзяржава й дазволіла даваць хоць пэнсію такую пасьля, калі ўжо чалавек ня можа зарабіць. Яна гэтага не разумее”.

(Слухач, Менск: ) “На датэрміновае галасаваньне ніколі не хадзіў і не пайду. Датэрміновае галасаваньне – гэта “лазейка” для ўлады, каб рабіць фальсыфікацыі. На датэрміновае галасаваньне маюць права толькі жанчыны, якія тэрмінова ад’яжджаюць у бардэлі ў Арабскія Эміраты. Усяго добрага”.

(Спадар: ) “Ні ў якім разе я не буду галасаваць датэрмінова. Бо я ведаю, што гэта такое. У нас на трох участках у галоўную ўрну за Лукашэнку было пададзена ў два разы больш, чым за Ганчарыка. А ў урне папярэдняга галасаваньня за Лукашэнку было пададзена ў адзінаццаць разоў больш, чым за Ганчарыка. Вось і ўсё, тут і вожыку зразумела, для чаго людзей прымушаюць галасаваць датэрмінова”.

(Міхаіл Лекаў, Рыга: ) (1) “Я сёньня зноў праслухаў запісаную ўчора перадачу, у якой удзельнічае спадар Юры Дракахруст і рэдактары газэт Павал Якубовіч і Андрэй Дынько. Трэба сказаць, гэта адна зь лепшых перадачаў, якія мне прыйшлося слухаць на працягу апошніх тыдняў. Трэба і найдалей ператварацца ў прафэсіяналаў і сур’ёзных людзей. Яшчэ я хачу зьвярнуць увагу, што ў прынцыпе яны не эканамісты, але разумныя людзі, якія паводле роду сваёй дзейнасьці разьбіраюцца ў такіх пытаньнях. Але я зноў хачу паўтарыць сваю просьбу – неабходна было б зрабіць такую ж перадачу, запрасіць буйных спэцыялістаў у галіне эканамічнай, сацыяльна-эканамічных стасункаў. У Беларусі такія спэцыялісты ёсьць. Я не навязваю вам сваю волю, але думаю, што з апазыцыйных можна было б запрасіць былога прэзыдэнта банка, прафэсара Станіслава Багданкевіча. Не істотна, што ён не падзяляе палітычных поглядаў уладаў, але як прафэсіянал ён, думаю, скажа праўду. Гаворка ідзе пра магчымыя нэгатыўныя эканамічныя, сацыяльна-эканамічныя наступствы – для Беларусі, для маёй краіны. Я не хацеў бы, каб так было, але так можа быць. Больш за тое, я гатовы сам прыехаць і даць інтэрвію – калі вы мяне запросіце і напішаце ў Рыгу, прычым за свае грошы прыеду. Гэта першая частка майго паведамленьня”.

(Міхаіл Лекаў, Рыга: ) (2) “Хачу працягнуць размову пра перадачу, у якой прымалі ўдзел Юры Дракахруст, Якубовіч і Дынько. Я прынцыпова не магу пагадзіцца па шэрагу палажэньняў. І вось чаму – спынюся толькі на двух пазыцыях. Першае: спадар Дракахруст, гаворачы пра прыняты амэрыканскім Кангрэсам і Сэнатам дакумэнт і задаючы пытаньне Якубовічу, падкрэсьліваў, што мова ідзе толькі пра тое, што ўрад ЗША ня будзе выдаваць крэдытаў. Але ж справа ня ў гэтым, паважанае спадарства, а ў тым, што гэта парушае наладжаныя сувязі з шэрагам краінаў, улучна з заходнеэўрапейскімі. Я пяць гадоў працаваў у прамысловасьці й навуцы Беларусі і добра ведаю, што ёй трэба. І гэта небясьпечна, бо многія краіны будуць “браць пад казырок”. Сёньня ЗША – адзіны цэнтар ваеннай і эканамічнай сілы. Няўжо спадар Дракахруст не разумее, што размова ідзе не пра амэрыканскія грошы – абыдземся бязь іх, але не перашкаджайце нам, не парушайце наладжаныя сувязі, не перашкаджайце нам здабываць новыя тэхналёгіі, прыцягваць вытворчасьць, якая пакідае многія заходнія краіны. Трэба было б спадару Дракахрусту гэта зразумець – ці ён спэцыяльна задаў правакацыйнае пытаньне Якубовічу?”

(Міхаіл Лекаў, Рыга: ) (3) “Я хачу крануць другое пытаньне, зьвязанае з размовай спадара Дракахруста зь Якубовічам і Дынько. Дык вось, паважаны мной спадар Дынько сказаў, што прыняты Кангрэсам і Сэнатам ЗША дакумэнт зьвязаны з тым, што кіраўніцтва Беларусі наведвала Іран ды іншыя нездавальняючыя ЗША краіны й гандлюе з гэтымі краінамі. Але, шаноўнае спадарства, мы ж, Беларусь, – сувэрэнная дзяржава. Дык што, яна мусіць падладжвацца пад Злучаныя Штаты? Цяпер пра гандаль зброяй і таму падобнымі рэчамі. Так, Расея сышла з рынкаў 10-15 год таму, і гэтыя рынкі занялі Злучаныя Штаты, Англія, Германія й г.д. Таму, калі Беларусь мае патэнцыял і можа прадаваць, гандляваць – трэба гэта рабіць. Не Беларусь будзе прадаваць – дык гэта будуць рабіць іншыя краіны, а Беларусь апынецца без працоўных месцаў, без валюты й г.д.”