Гулец, нападнік, кутні ўдар

Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".
“Як быць з каляфутбольнай тэрміналёгіяй? – пытаецца ў лісьце на адрас “Жывой мовы” адзін з нашых слухачоў і працягвае: Ці варта ўжываць па-беларуску словы ігрок, нападаючы, словазлучэньне вуглавы ўдар?”

У цяперашнiм лiтаратурным маўленьнi, калі маюць на ўвазе супернiцтва, канкурэнцыю, ужываюць, як правiла, дзеяслоў гуляць (а не iграць / граць): гуляць у карты, гуляць у хованкi, гуляць у футбол. Чалавек, які гуляе, – вядома ж, гулец. Ігрок у гэтым значэньні не патрэбны. Словамi iгрок, iграч, iгрэц у народнай беларускай мове называлi й называюць музыку. Гавораць: i жнец, i шавец, i на дудзе iгрэц. То ж запомнім: на дудзе – ігрок, ігрэц, а ў гульні – гулец.

Называньне гульца нападу нападаючым – вынік калькаваньня расійскага слова на -ющ (нападающий). У функцыі назоўніка нам варта выкарыстоўваць уласна назоўнік, а ня форму дзеяслоўнай будовы. У маўленчай практыцы апошніх дзесяцігодзьдзяў памалу замацоўваецца слова нападнік. Нападнік, дарэчы, ня толькі той, хто гуляе ў нападзе. Гэтым беларускім словам можам называць і кожнага, хто ўчыняе напад. Скажам, напрыклад, што на месцы злачынства затрыманы нападнік, а не нападаўшы, як калькуюць нашыя газэты.

Нарэшце, пра вуглавы ўдар. Месца, зь якога наносіцца гэты ўдар, знаходзіцца ў межах поля, у куце поля. Адсюль і цалкам заканамерны варыянт кутні ўдар: з кута поля футбаліст падае кутні ўдар. Дарэчы, выдадзены ў сярэдзіне 1990-ых “Русско- белорусский словарь спортивных терминов” аўтарства Зьмітра Паўлаўца і Ўладзімера Старчанкі расійскае угловой удар перадае беларускім кутні ўдар.