Апытаньне Свабоды: “Як вы ацэньваеце датэрміновае галасаваньне, ці будзеце самі галасаваць і чаму?”

Міхал Стэльмак, Менская вобласьць На гэтае пытаньне тыдня адказваюць жыхары Смалявіцкага раёну, зь якімі сустрэўся наш карэспандэнт.
(Карэспандэнт: ) “Пра датэрміновае галасаваньне чулі?”

(Спадарыня Ганна: ) “Чула. Казалі. Зьбіраюцца ісьці. Толькі, можа, ня ўсе”.

(Карэспандэнт: ) “А вы будзеце браць у ім удзел?”

(Спадарыня Ганна: ) “Яшчэ пасьпеецца. Я так лічу”.

(Спадар Аляксей: ) “Як скажуць. У любы час дня і ночы”.

(Спадарыня Вера: ) “Ну вядома, абавязкова”.

(Спадар Ігнат: ) “Не. Навошта. Я пайду і прагаласую 17 кастрычніка, як належыць. Калі б зьяжджаў, дык прагаласаваў бы. А так навошта?”

(Спадарыня Галіна: ) “Так, мы ведаем. Але ўсё добра ў час”.

(Спадарыня Антаніна: ) “Наагул мы ня хочам галасаваць. У нас няма вады, і мы пакрыўдзіліся. Паслалі Лукашэнку нават ліст, каб зрабілі вадаправод, у нашай вёсцы вады няма”.

(Карэспандэнт: ) “Як ваша вёска называецца?”

(Карэспандэнт: ) “Чэрнікаўшчына — там ёсьць тры калодзежы, але вады зь іх нельга піць. Пісалі скаргу ў раён, але не атрымалі адказу”.

(Карэспандэнт: ) “Ці будзеце браць удзел у датэрміновым галасаваньні?”

(Спадарыня Аксіньня: ) “Не, у тэрмін прагаласую”.

(Карэспандэнт: ) “Буду браць, але мне няма розьніцы, бо няма мне дапамогі. Я рабіла ў калгасе, але ў мяне няма стажу. Раблю бесьперапынна вось цяпер у лякарні гадоў сорак. І ў мяне ўсяго стажу трыццаць шэсьць гадоў. А дзе ж той наш стаж. Калі мы ў калгасе задарма працавалі. Нават есьці не давалі. Хіба яны разумеюць, як мы, старыя, жывем?”

(Карэспандэнт: ) “Ці казалі вам, каб ішлі галасаваць датэрмінова?”

(Спадарыня Натальля: ) “Вядома, казалі. Таксама мы і радыё слухаем, і газэты чытаем. Не, мы будзем галасаваць у тэрмін”.

(Спадарыня Ірына: ) “Так, буду галасаваць датэрмінова, бо трэба будзе зьехаць”.

(Спадарыня Зоя: ) “Я таксама датэрмінова буду. Пайду ў вучылішча і прагаласую”.

(Спадарыня Валянціна: ) “Не дурыце мне галавы з гэтым галасаваньнем. Я ледзь жывая. Што мне дасьць гэтае галасаваньне? Я не пайду галасаваць, бо хворая”.

(Карэспандэнт: ) “Ці запрашалі вас на датэрміновае галасаваньне?”

(Спадарыня Віка: ) “Так. Запрашалі. Але я замежная грамадзянка, таму не маю права. Я з Расеі”.

(Карэспандэнт: ) “А ў які дзень вы будзеце галасаваць?”

(Спадар Іван: ) “Раней прыйду — я 17-га на працы буду. У мяне пазьменная праца”.

(Карэспандэнт: ) “Што вы думаеце пра датэрміновае галасаваньне?”

(Спадарыня Сьвета: ) “Нармальна, думаю — для тых людзей, якія ня маюць часу 17-га, трэба прыйсьці й прагаласаваць. Таму што бываюць розныя праблемы й розныя прычыны”.

(Карэспандэнт: ) “Ці дапускаеце вы магчымасьць фальсыфікацыі вынікаў выбараў падчас датэрміновага галасаваньня?”

(Спадарыня Вольга: ) “Наўрад ці, не дапускаю”.

(Спадар Андрэй: ) “Дапускаю. У такой краіне, як наша, будзе поўнае бяспраўе, на жаль. Шкада, таму што міжнародных назіральнікаў ня пусьцяць. Прадстаўнікоў грамадзянскіх арганізацыяў — таксама. Так што будуць фальсыфікацыі”.