Чаму Вэнэцыянская камісія прызнала пытаньне беларускага рэфэрэндуму неадпаведным эўрапейскім стандартам?

Юры Сьвірко, Менск Кіраўнік Канстытуцыйнага суду Латвіі, сябра Вэнэцыянскае камісіі Рады Эўропы Айварс Эндзыньш пракамэнтаваў Радыё Свабода ўхваленае ў пятніцу ў Вэнэцыі “Меркаваньне аб рэфэрэндуме 17 кастрычніка 2004 году ў Беларусі”.
Вэнэцыянская камісія, якая мае таксама назоў “Эўрапейская камісія за дэмакратыю праз закон”, ёсьць дарадчым органам Рады Эўропы ў канстытуцыйных справах. Хаця беларускае МЗС загадзя асудзіла высновы камісіі што да беларускага рэфэрэндуму, яе сябры, сабраўшыся ў пятніцу ў Вэнэцыі, правялі дэталёвы аналіз прапанаванага на рэфэрэндум пытаньня й беларускага заканадаўства. Найперш камісія адзначыла, што спалучэньне ў адзіным пытаньні двух адрозных праблем, першая зь якіх тычыцца індывідуальнай сытуацыі, а другая прапаноўвае канстытуцыйную папраўку, супярэчыць прынцыпу “адзінства зьместу”, які быў сфармуляваны Вэнэцыянскай камісіяй яшчэ ў ліпені 2001 году ў адмысловых “Рэкамэндацыях для канстытуцыйных рэфэрэндумаў на нацыянальным узроўні”.

Старшыня Канстытуцыйнага суду Латвіі Айварс Эндзыньш падкрэсьліў, што ён і ўсе іншыя сябры Вэнэцыянскае камісіі прызналі Лукашэнкаву фармулёўку пытаньня неадпаведнай эўрапейскім стандартам і беларускай Канстытуцыі:

(Эндзыньш: ) “Гэта супярэчыць, па сутнасьці, артыкулу 22 Канстытуцыі, дзе гаворыцца, што ўсе роўныя перад законам, а тут вылучаецца адна асоба перад іншымі кандыдатамі, таму што ідзе на рэфэрэндум гэтае пытаньне. І гэта прыводзіць да дэфіцыту дэмакратыі, калі ўзмацняюцца паўнамоцтвы прэзыдэнта”.

Спадар Эндзыньш дадаў, што камісію не хвалявала пытаньне трэцяга тэрміну Аляксандра Лукашэнкі само па сабе:

(Эндзыньш: ) “Прэзыдэнт можа абірацца паўторна без абмежаваньняў у тэрмінах, скажам, у Ісьляндыі, Францыі, Італіі… У прынцыпе, пытаньне такое на рэфэрэндум можа быць пастаўленае. Але калі гэта зьвязваецца з асобай канкрэтна, а ня два асобныя пытаньні, вось гэтыя апасеньні былі выказаныя, і дакумэнт быў перададзены Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы”.

На пытаньне, што далей будзе рабіць ПАРЭ з гэтым дакумэнтам Вэнэцыянскае камісіі, Айварс Эндзыньш адказаў:

(Эндзыньш: ) “Пытаньне аб прыняцьці Беларусі ў Раду Эўропы прыпыненае — ёсьць небясьпека пагаршэньня дэмакратыі. Гэта яшчэ й пагаршаецца што да свабоды мас-мэдыя, калі яны манапалізоўваюцца, гэта пытаньне вельмі сур’ёзнае”.