Што б там ні было, любой цаной, за ўсякую цану

Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".
Чытаю ў газэце, што заданьне трэба выканаць у што б там ні стала. Ці правільна гэта па-беларуску – у што б там ні стала? У беларускіх слоўніках такога ўстойлівага спалучэньня няма. Яно – вынік зьмяшэньня расійскага во что бы то ни стало й беларускага што б там ні было. “Яны атрымалі заданьне што б там ні было сарваць паход”, – так пра намеры крыжакоў піша ў кнізе “Адкуль наш род” Уладзімер Арлоў. Прыназоўніка у на пачатку фразэмы ня трэба – проста што б там ні было ці што б там ні стала. З тым самым значэньнем ужываюцца ў мове й колькі іншых устойлівых спалучэньняў. Зрабіць, не зважаючы ні на што – значыць, любой цаной, чаго б гэта ні каштавала, праўдамі й няпраўдамі. Поруч зь любой цаной ёсьць і кожнай цаной – гэтая форма, аднак, значна радзейшая ў сучаснай мове. “Выхаду! Выхаду кожнай цаной, акрамя прыніжэньня!” – заклікае сябе Антон Косьміч, галоўны герой Караткевічавага “Чорнага замку Альшанскага”. Нарэшце, яшчэ адна фразэма, якую хацелася б тут прыпомніць – за ўсякую цану. З “Народнай волі” выпісаў словы айца Аляксандра Надсана: “За ўсякую цану нам трэба застацца беларусамі, дзе б мы ні знаходзіліся”.

На заканчэньне, папраўляючы газэтны сказ, паўторым. Можам сказаць, што заданьне трэба выканаць што б там ні было, чаго б гэта ні каштавала, любой цаной, за ўсякую цану.