Цытаты мінулага – 11 кастрычніка

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 11 кастрычніка
“Могилевские губернские ведомости”, 1914 год. Пастанова галоўнага начальніка Менскай вайсковай акругі генэрала-ад-кавалерыі барона Раўш-фон-Траўбэнбэрга:

“Для мясцовасьцяў Менскай вайсковай акругі, выдадзеную на падставе арт. 19 аб мясцовасьцях, аб’яўленых на ваенным становішчы. Забараняецца скупка ў ніжніх чыноў і іншых асоб любых прадметаў вайсковага абмундзіраваньня, абутку і рыштунку. Вінаватыя ў парушэньні гэтай пастановы падлягаюць у адміністрацыйным парадку грашовай кары да 3000 руб. або затачэньню ў астрог ці турму да 3 месяцаў”.

“Крыніца”, 1924 год:

“Беларусы! Ад 1-га кастрычніка 1924 году мы маем права па беларуску пісаць да ўрадаў і судоў, па беларуску гаварыць у іх, закладаць беларускія школы, а так-жа пераменяць школы польскія ў чыста беларускія, ці ў беларуска-польскія. Дык няхай кожны з нас усюды гавора і піша толькі па беларуску і няхай дамагаецца беларускай школы, або хоць мяшанай беларуска-польскай!”

“Знамя юности”, 1974 год. Кандыдат мэдыцынскіх навук В.Міхейкін:

“У Злучаных Штатах Амэрыкі больш за траціну ўсіх захворваньняў скуры зьвязана з ужываньнем касмэтычных сродкаў, у прыватнасьці, ляку для пазногцяў. У Англіі больш за 50 адсоткаў такіх хваробаў выпадае на “долю” губной памады. Калі і ў нас распаўсюдзілася мода падводзіць бровы, падфарбоўваць павекі, накладаць “цені” і густа фарбаваць чэрняй вейкі, лекарам-дэрматолягам адразу ж дадалося працы — многія жанчыны пачалі скардзіцца на сьверб і раздражненьне скуры”.