Завяршаецца візыт расейскага міністра замежных справаў у Іран

ТЭГЕРАН. Сёньня завяршаецца візыт у Іран міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова. Мяркуецца, што Лаўроў сустрэнецца з дэпутатамі іранскага парлямэнту й наведае горад Ісфаган, дзе вядзецца распрацоўка іранскіх ядзерных праграм. Учора Сяргей Лаўроў заклікаў Іран выканаць патрабаваньні МАГАТЭ спыніць распрацоўкі ў галіне ўзбагачэньня ўрану, які можа быць выкарыстаны ў атамнай зброі. Міністар замежных справаў Ірану Камаль Харазі заявіў, што Іран не зьбіраецца адмаўляцца ад свайго законнага права на ядзерныя тэхналёгіі, уключна з узбагачэньнем урану. Аднак, адзначыў Камаль Харазі, Тэгеран гатовы прадаставіць ўсясьветнай супольнасьці ўсе доказы таго, што яго праграма носіць выключна мірны характар. Лаўроў заявіў, што Расея ды Іран наблізіліся да падпісаньня дамовы аб вяртаньні ядзернага паліва зь Ірану ў Расею. Падпісаньне гэтай дамовы адкрывае шлях да запуску ў 2006 годзе атамнай электрастанцыі ў горадзе Бушэр.