КАБУЛ. У Афганістане сёньня адбываюцца першыя у гісторыі краіны наўпроставыя прэзыдэнцкія выбары. На пасаду кіраўніка краіны прэтэндуюць 18 кандыдатаў, у іх ліку – цяперашні прэзыдэнт Афганістану Хамід Карзай, былы міністар адукацыі Юнус Кануні, знаны вайсковы кіраўнік Абдул Рашыд Дустум.
Зарэгістраваныя болей за 10 мільёнаў выбаршчыкаў, у іх ліку 40 % -- жанчыны.
З увагі на высокую актыўнасьць выбаршчыкаў, галасаваньне падоўжанае на дзьве гадзіны. Калі выбарчыя пункты павінны былі зачыніцца, пры іх ўсё яшчэ стаялі даўгія чэргі выбаршчыкаў.
Кандадыты скардзяцца на парушэньні у часе галасаваньня і патрабуюць спыненьня галасаваньня. Частка кандыдатаў заявілі, што будуць байкатаваць выбары, паколькі парушэньні значныя.
У выніку сутыкненьняў з амэрыканскімі вайскоўцамі перад пачаткам галасаваньня загінулі як найменей 25 ваяўнікоў Талібану.