Уладзімер Лобач, Полацак Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае асабістыя запісы мінулага тыдня прадстаўляе Ўладзімер Лобач – выкладчык этналёгіі ў Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце.
2 кастрычніка, субота
Прачнуўся надзвычай рана, як за вокнамі хаты толькі-толькі пачынала днець. Але баба Ксеня, што ласкава дала прытулак валацугам-этнографам, ужо завіхалася ля печы. Побач, у блізьняткава падобных спальніках, салодка сапелі кампаньёны па экспэдыцыйнай выправе. Да мяне чамусьці сон не вяртаўся, але і ўставаць, вылазіць зь цёплага кокану не хацелася.
Да нязводнага ў хаце духу вашчыны й праполісу салодкім дурманам дадаваўся пах сьвежасьпечаных бліноў. У гіпнатычным одуме адкінуў дваццаць пяць гадоў, пабег, сьцюдзячы пяткі халоднымі масьніцамі, да сваёй роднай бабулі лічыць гарачыя пшанічныя сонейкі, апальваць паднябеньне нябачнай у горадзе смакатой і глядзець, глядзець зачаравана на палахлівыя жывыя рубіны ў пячным чэраве.
Баба Ксеня, заўважыўшы, што ня сплю, пра нешта спытала. Не пачуў. У адказ даў: “Добрай раніцы”. “Добрай, добрай”, гаспадыня ціхенька засьмяялася зь нетутэйшага прывітаньня і выйшла ў сенцы. Хораша стала на душы. Добра.
“Шчасьлівы сьвітанак пераважыць няшчасны год”, засела ў галаве стрэмкай.
3 кастрычніка, нядзеля
Разам з подыхам халодных восеньскіх туманоў, крамянымі баравікамі й “курыным богам”, што знайшоў пры дарозе, прыносіш у горад словы. Праўдзівыя словы, зь якіх складаюцца такія ж праўдзівыя гісторыі. Хаджу цэлы дзень за сваімі хатнімі, цешу іх няўрымсьлівай праўдай. Жонку баўлю “дарослымі” тэмамі, сына — мясцовымі трылерамі пра чараўнікоў ці сьмяховінамі, напрыклад, пра “маскалёў”-старавераў, што скрадалі ў тутэйшых кароваў, папярэдне абуваючы рагуль у лапці, “каб ня ўчулі”. Восеньскія словы вясковых бабуль — рыхтык высьпелае жыта ці налітыя сокам журавіны. Яны важкія, удумлівыя, ёмістыя і прыгожыя, ня тое што летнія, кінутыя пасьпешліва мітусьліва, скарочана паміж турботамі пра сена і “калярадным клопатам”. На восеньскія словы цяжка забыцца. Вось і прамаўляю іх цэлы дзень, вось і рэтрансьлюю.
Увечары, гледзячы на вусатую пляму айчыннага тэлебачаньня, міжволі параўноўваеш словы. Ужо без усялякага зьдзіўленьня, чарговы раз канстатуеш, што ў некаторых людзей (а можа, чартоў?) верхняя й ніжняя адтуліны ў арганізьме могуць мяняцца месцамі, бо няспынныя словы, калі там праўда ніколі не начуе, ведама ж, — поўная дыярэя. Каб не запэцкацца, хуценька пераключаеш канал.
4 кастрычніка, панядзелак
Па ўнівэрсытэцкім раскладзе пачаўся “зялёны тыдзень”. На працу сягоньня ня трэба. Але клопату багата й за пісьмовым сталом, дзе цярпліва чакаюць свайго часу тры пачатыя, але няскончаныя тэксты. На выдавецкую замову “Беларускай энцыкляпэдыі”, на прымусовую ўнівэрсытэцкую патрэбу, на просьбу менскага сябра. Тэксты, тэксты, тэксты... У параўнаньні зь іх суворым фарматам такі асартымэнт, як вершы, апавяданьні альбо звычайныя лісты глядзіцца чульлівай рамантыкай, у якую, тым ня менш, хочацца часам занурыцца з галавою. Але тэлефонныя замовы, афіцыйныя патрэбы і пераканаўчыя просьбы адпрэчваюць ірацыянальныя памкненьні. Спадзяюся, часова.
Апоўдні патэлефанавала мэдсястра зь дзіцячае паліклінікі й са шчырым клопатам аб здароўі майго сына прапанавала аздаравіцца ў Міцхоры па ільготнай пуцёўцы “маці й дзіцяці”. Калі пачуў, што рэалізаваць гэтае дармовае шчасьце Ларыса й Ярамір змогуць у сьнежні месяцы, то страсянуўся й пакрыўся мурашкамі, нягледзячы на цёплы кастрычніцкі дзень. Ад прапазыцыі ветліва адмовіўся. Дзяржаўныя падарункі — як дары данайцаў ці зімовае сонейка, што сьвеціць, ды ня грэе, заўжды выклікаюць перасьцярогу й недавер. Сапраўдныя ж падарункі атрымліваюцца толькі тады, калі ахвяраваўшыся нечым (грашыма, часам, справай ці эмоцыяй — тут неістотна), дорыш іх блізкім табе людзям, а ў адказ атрымліваеш непадробную, шчырую радасьць.
5 кастрычніка, аўторак
Ва ўнівэрсытэт завіталі салісты Віцебскай філярмоніі. На канцэрт, каб запоўніць вялікую актавую залю, рэкрутавалі студэнтаў, замяніўшы чацьвертую пару на сустрэчу з “прыўкрасным”. Распачала імпрэзу цётачка няпэўнага веку, якая рабіла лірычны ўступ на тэму “Осенняя пора — очей очарованье”. Аднак, як высьветлілася зь яе словаў, пранікнёны лірызм спэцыфічна беларускай восені заключаецца ня толькі ў прыродным харастве, але і ў руплівай, мазольнай працы хлебаробаў, што “вышэй даху” наладавалі “закрома родины” зернебабовымі. Ну і, канечне ж, як квінтэсэнцыя ўсёй восеньскай паэтыкі, быў пазначаны дзень 17 кастрычніка.
Пасьля такога зачыну італьянскія сэрэнады, нэапалітанскія песьні, гішпанскія хабанэры і танадыльі, сьпяваныя па-расейску, гучалі, мякка кажучы, неадпаведна заяўленым тэзам. Куды больш да месца прыйшліся б маршавыя песенькі часоў Мусаліні й Франка. А можа, з улікам інтэнцыяў выканаўцаў да расейскай моўнай стыхіі, ня лішні быў бы і гімн “Боже, царя храни…” Але, у любым выпадку — поўная болдзінская восень! Як маглі, уцякалі студэнты.
6 кастрычніка, серада
Праводзіў сэмінар у гісторыкаў-першакурсьнікаў. Праз гэта меў магчымасьць больш падрабязна агледзець усю групу. Пасьля заняткаў стаў наракаць калегу, што з кожным годам студэнцтва ўсё драбнее, цяперашні першакурсьнік выглядае на сяміклясьніка нашых часоў. Калега ў адказ пажартаваў, маўляў, не яны драбнеюць — мы старэем, расьцем, што камяні, і пакрываемся мохам. Рагатнулі з тае прычыны ды й разьбегліся. Ужо ў маршрутцы задуменьне вярнулася. Да празрыстасьці стала ясна, што розьніца паміж мной і першакурсьнікам палягае не ў фармальнай колькасьці гадоў, а ў тым, што, напрыклад, бел-чырвона-белы сьцяг і “Пагоня” для мяне — сымбалі веры, на якіх я даваў вайсковую прысягу бараніць Беларусь, а для першакурсьніка — уяўныя, як і карона Вітаўта, азначэньні мінуўшчыны, якія можна вычытаць хіба толькі ў кнігах, ды й тое ня ў кожных.
7 кастрычніка, чацьвер
Перуновы дзень. Мужчынскі дзень. А палове на шостую раніцы выправіўся з гораду. Разьлічваў зрабіць справу і вярнуцца надвячоркам, але прыблукаў дахаты толькі ўночы. Знэрваваная і стамлёная чаканьнем жонка моўчкі разагрэла вячэру. Мне распавядаць, а ёй пытацца — не хацелася. Усе словы пакідаем на заўтра.
8 кастрычніка, пятніца
Раніцай мусіў дапісваць лекцыю пра “Вялікую Айчынную вайну савецкага народу”. Абавязковы спэцкурс, уведзены для ўсіх факультэтаў на загад галоўнага палітрука краіны, раздражняе ня так факталягічна, колькі маральна. Народ, як і чалавек, што ачуняў пасьля страшнае хваробы, імкнецца забыцца на яе і цешыцца жыцьцём. Штодзённа нагадваць яму пра колішнія ракавыя пухліны ці ампутацыі — прыкмета дурнога выхаваньня, mauvais ton.
Да Пакравоў застаецца тыдзень. Пачалося бабіна лета. Напэўна.