Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі “Жывая мова”.
Па патрабаваньню, па жаданьню, па загаду – такіх і падобных да іх спалучэньняў у нашай мове па-ранейшаму шмат: тым самым гавораць і пішуць як бы й па-беларуску, але на расійскі лад. Кніжная канструкцыя, у якой пры слове па назоўнік ставіцца ў давальным склоне, у савецкія дзесяцігодзьдзі разьляцелася была па газэтна-часопіснай беларускай мове, заглушаючы традыцыйныя сынтаксычныя сродкі. І сёньня шмат каму з нас нялёгка даецца разуменьне, што прыназоўнік па спалучаецца ў нашай мове з назоўнікам пераважна ў месным, а не ў давальным склоне.
Тры прыведзеныя на пачатку спалучэньні – калькі з расійскае мовы. У сучаснай маўленчай практыцы ўсё часьцей іх адаптоўваюць – замяняюць давальны склон назоўніка на месны. Выходзіць крыху самастойней: па патрабаваньні, жаданьні, па загадзе. Шкада, аднак, што за спалучэньнямі з прыназоўнікам па часта ня бачаць іншых, гістарычна засьведчаных канструкцыяў, цалкам прыдатных, каб выказаць па-беларуску значэньне прычыны, падставы.
“На жеданье пана воеводы Виленского то чинячи, ствержаемъ и змоцняемъ тотъ листъ продажный”, – гэты сказ другой паловы XVI стагодзьдзя я выпісаў з “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы”. На жаданьне, на просьбу, на загад – даўнія прычынныя канструкцыі з прыназоўнікам на абсалютна дарэчы ў сучаснай мове. “Не паўзеце, сыны, мурашкамі па зямлі на чужы загад!” – заклікала ў сваёй паэзіі Ларыса Геніюш. Тое самае значэньне, што канструкцыі з словам на, выражаюць і спалучэньні зь некалькімі іншымі прыназоўнікамі. “Сустрэча з ініцыятывы беларускіх уладаў была адкладзеная”, – паведаміла “Наша ніва”. Поруч з канструкцыямі з ініцыятывы, на ініцыятыву можам ужыць сынанімічныя паводле ініцыятывы, праз ініцыятыву, магчымая тут і беспрыназоўнікавая форма ініцыятываю.
Памятайма пра багацьце сынтаксычных сродкаў беларускай мовы – не здавольваймася аднымі спалучэньнямі з прыназоўнікам па. Гаворым па-беларуску: зьявіліся на патрабаваньне кіраўніцтва, напісалі з даручэньня партыйных органаў, выдалі з ініцыятывы сяброў, зрабілі паводле жаданьня заказчыка.