Кандыдат ад БНФ паскардзіўся на старшыню сельсавета за зьмяшэньне алькаголю й агітацыі

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Кандыдат у дэпутаты парлямэнту ад партыі БНФ у Шклоўскай выбарчай акрузе Рыгор Кастусёў паскардзіўся на дзеяньні старшыні Цяхцінскага сельскага савету, што ў Бялыніцкім раёне, і абвінаваціў яго ў адміністрацыйным ціску на выбарнікаў.
Падзеі адбыліся ў вёсцы Цяхцін у Дзень састарэлага чалавека, калі старых віншавалі са сьвятам і частавалі алькагольнымі напоямі. Вось у чым абвінавачвае Рыгор Кастусёў старшыню сельсавета Мікалая Шакуру:

(Кастусёў: ) “Ён развозіў гэтыя сьпіртныя напоі па хатах і адначасова вёў агітацыю за Канаплёва. Калі за Канаплёва не прагаласуюць, калі выйграю я, то яго выганяць з працы – такія тлумачэньні былі”.

Рыгор Кастусёў гаворыць, што ў яго ёсьць сьведчаньні жыхароў Цяхціна. Аднак Мікалай Шакура катэгарычна абвяргае абвінавачаньні й называе іх паклёпам.

(Шакура: ) “Гэта натуральная хлусьня. Я абураны такім. Як грамадзянін я маю права агітаваць, але я не агітаваў за сталом”.

Выбарчая камісія Шклоўскай акругі праводзіла расьсьледваньне, аднак там адмовіліся паведаміць пра яго вынікі. Паводле інфармацыі Рыгора Кастусёва, сёньня камісія падрыхтавала адказ на скаргу, у якім гаворыцца, што факты не пацьвердзіліся. Кандыдат ад БНФ сказаў, што гэта ёсьць сьведчаньнем таго, што выбарчая камісія ня будзе рабіць захады супраць кандыдата ад улады.