“Прымакі” за Ўсходнімі крэсамі

Віталь Сямашка, Буда-Кашалёва – Акцябар – Жлобін – Мазыр Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.
Тэлефанаваньне прагучала на золку. Голас у слухаўцы паведаміў, што “Прымакі” ўжо ў Менску, выезд праз тры гадзіны. Прапановы былі з тых, ад якіх не адмаўляюцца. Найперш я мусіў згадаць сваё хіт-параднае мінулае ды правесьці дабрачынныя канцэрты – прэзэнтацыі першага касэтнага альбому “Братка-беларус” фольк-поп-гурту “Прымакі” з Гродэка, што на Беласточчыне. Адначасова ж – асьветліць тур у падтрымку дэмакратычных кандыдатаў ад Гомельшчыны, што адбываўся паралельна. Адкрывалася магчымасьць вывучыць у розных рэгіёнах настроі выбаршчыкаў, а таксама мэханізм парушэньняў ды перашкодаў, калі яны ёсьць.

Спачатку плянавалася аб’ехаць восем гарадоў ды мястэчак. Але колькасьць іх скарацілася ўдвая пасьля адмовы прыняць канцэртную брыгаду на Рагачоўшчыне ды ў Рэчыцы, дзе адкрытым тэкстам мясцовыя вэртыкальшчыкі сказалі, што ім не патрэбныя “эўрамузыка” ды “эўрадэмакратыя”. Для “Прымакоў” жа гэткім чынам геаграфія іх гастроляў адразу ж стала палітычнай.

Найперш апынуліся ў Буда-Кашалёве. Горад сустрэў аднастайнымі чорна-рудымі парканамі на цэнтральных вуліцах, пастаўленымі, кажуць, да прыезду Лукашэнкі, амаль пустымі гандлёвымі радамі на кірмашы ды пустэчай. Якраз днямі прыйшлося прыбраць з плошчы латок часу другой сусьветнай – настолькі яго запаскудзілі птушкі. Вось і ў жыцьці, маўляў, не да выбараў,сказаў мне тутэйшы, якога сустрэў непадалёк.

(Карэспандэнт: ) “Вы ведаеце пра якога-небудзь кандыдата, пра выбары наагул?”

(Спадар: ) “Ведаю, што вісела афіша, а хто ён такі, паняцьця ня маю…”

(Карэспандэнт: ) “А як жывецца ў Буда-Кашалёве? Лукашэнка сказаў жа, што Чарнобылю тут няма…”

(Спадар: ) “Ды ня можа быць такога. Я дагэтуль у Сялец, Баявое, Закрэўе ня ежджу за грыбамі. Радыяцыя ў дзесяць разоў перавышае дапушчальную норму. А “чарнобыльскія” цяпер ня плацяць”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да таго, што Лукашэнка хоча на трэці тэрмін ісьці праз рэфэрэндум?”

(Спадар: ) “Якая розьніца, Лукашэнка будзе ці яшчэ хто-небудзь?! А якая іншая кандыдатура? Няма больш. Гэты парадак – нібы пэнсію дае, фабрыкі, заводы нібы працуюць, аруць, убіраюць. Я ня супраць Лукашэнкі”.

* * * Першы выступ “Прымакоў” адбыўся ў мястэчку Акцябар, якое ўзьнікла ў савецкі час шляхам аб’яднаньня некалькіх вёсак. Пасьля Чарнобылю тут дабудавалі паселішча для ліквідатараў-перасёлаў. Навакольныя мясьціны маюць звыш 40 кюры, жыхары адтуль выселеныя, хоць землі засяваюцца дагэтуль.Тутэйшае сельскагаспадарчае прадпрыемства “Краснаакцябарскі” лічыцца самым заможным у раёне. Мае вялікія садовыя плянтацыі, вінзавод, 600 кароваў. Працуе за дзьве сотні чалавек, якія ва ўдалыя месяцы атрымліваюць аж да двух мільёнаў рублёў. Сюды летась таксама прыяжджаў Аляксандар Лукашэнка. Сярэдні ўзрост працоўных – 26-30 гадоў. Так што “Прымакі” ў Акцябры, натуральна, пайшлі на біс.

(Галасы: ) “Вельмі спадабаліся, але мала – вось касэты купілі… “Прымакі” спадабаліся за артыстызм. Я вельмі люблю беларускую песьню, народную асабліва – і я жыў гэтым. Малайцы, запалілі ўсіх!”

На канцэрце прысутнічала Валянціна Смольнікава – старшыня Буда-Кашалёўскай філіі фонду “Дзецям Чарнобылю”, лекар-пэдыятар ды адзіны тут апазыцыйны кандыдат. Яна вылучаная як ад АГП, так і шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў, вялікі адсотак якіх сабрала ў Акцябры, за што з залі падзякавала месьцічам. Пра тое, якія гэта мела наступствы для нас – пазьней. Мы ж у кулюарах гаварылі з Валянцінай Фёдараўнай пра тое, што падахвоціла ейны прыход у палітыку.

(Смольнікава: ) “Мы ў нашым фондзе “Дзецям Чарнобылю” спачатку прымалі гуманітарныя грузы, каб раздаць акуратна й па справядлівасьці. Але апошнія гады мы ня сталі гэтага рабіць, бо перасталі адрозьнівацца ад уладаў, якія жадалі браць і раздаваць. Сталі думаць, чаму такая нізкая нараджальнасьць ды вялікая сьмяротнасьць у нашым раёне. Убачылі, што вельмі шмат калецтваў ад нараджэньня. Цэзій стаў пераходзіць у прадукты, людзі яго “ядуць”, і інкарпарацыя дае вялікія шкоды для шчытападобнай залозы, для сэрца, для нырак. І мы пачалі дамагацца, каб усіх дзяцей дасьледавалі на СІН-лічыльніках імпульсаў чалавека, каб мы ведалі, які ўзровень радыяцыі ўнутры.

У сваім раёне мы агледзелі паўтары тысячы дзетак. Прыкладна 60-70% мусяць быць аздароўленыя. Мы зьвярталіся ў наш райвыканкам, да дэпутатаў, але ніхто ня хоча даваць дзяржаўных грошай, бо гэта азначае сказаць, што Чарнобыль існуе ня толькі ў Брагіне, Хойніках. Я ўбачыла, што на мясцовым узроўні я нічога не зраблю, і вырашыла паспытаць гэтага вельмі цяжкага шляху – але камусьці трэба рабіць!”

(Карэспандэнт: ) “Але ж прэзыдэнт ладзіць рэфэрэндум, ёсьць небясьпека трэцяга тэрміну...”

(Смольнікава: ) “Я стаўлюся катэгарычна супраць, таму што Канстытуцыю рабілі найлепшыя людзі нашай краіны. Калі сёньня адну парушаем, заўтра другую – і яна ўся развальваецца, як картачная хатка. Чарнобыльскі закон вельмі добры быў – працавалі найлепшыя вучоныя плянэты! А цяпер паціху ў ліквідатараў забралі ільготы, гавораць, нічога ад Чарнобылю не засталося. Калі мы так будзем ставіцца да асноўных законаў, тады мы ня людзі, а стварэньні. Час прыйшоў – адыдзі!”

* * * У Жлобіне, куды мы прыехалі наступным ранкам, ужо чакалі. Але зусім ня ўдзячныя гледачы. Ля плошчы нас спыніў падпалкоўнік ДАІ, які адмовіўся адрэкамэндавацца, сказаўшы толькі, што інфармацыя пра нас і так “пайшла”. Як высьветлілася, Буда-Кашалёўскія вэртыкальшчыкі выявілі належную пільнасьць, убачыўшы на канцэрце дэпутата-апазыцыянэрку й карэспандэнта “Свабоды”, ды “апэратыўна паведамілі”, так бы мовіць, жлобінскім калегам.

Пра тое, што адбылося далей, расказвае наш кіроўца Юры Шыбекін, які ўвесь час знаходзіўся ў “кантакце” зь міліцыянтамі, пытаньні якіх яўна не адпавядалі профілю іхнай службы:

(Шыбекін: ) “Падпалкоўнік спытаў, хто паслаў, колькі машынаў – “аддайце ўсе дамовы, якія ёсьць, за якія грошы прыехалі, колькі ў вас тут асобаў”. Усё перапісаў, адабраў дакумэнты. Патрабаваў адказаць, дзе карэспандэнт – пакажыце яго! Быў яшчэ другі падпалкоўнік, які сказаў, што ўсіх паднялі на ногі, бо атрымалі інструкцыю ўсё кантраляваць, баяліся нейкага сходу ці мітынгу. Нават паднялі на ногі Камітэт дзяржбясьпекі”.

Да мяне тым часам падышоў дарадца старшыні Жлобінскага гарвыканкаму Віктар Суруновіч ды запатрабаваў даць тэкст выступу перад канцэртам, а таксама адмяніць ток-шоў музыкаў з гледачамі. Узяў асабіста праслухаць адну з касэтаў “Прымакоў” – дайце веры, для пошуку сучаснай палітычнай крамолы ў народных беларускіх песьнях, што сьпяваюцца стагодзьдзямі.

Зьявіўся зьбялелы кіраўнік гурту Юрка Астапчук, зь якім таксама “папрацавалі” жлобінскія міліцыянты. Для гасьцёў зь Беласточчыны такая сустрэча стала шокам. Настолькі, што замест прывітаньня Юрка спытаў са сцэны перад канцэртам:

(Астапчук: ) “І пытаньне да вас: як у вас жывецца?.. Нармальна?.. Што значыць нармальна?”

Лішне казаць, што пра зьяўленьне на плошчы Валерыя Рыбчанкі, намесьніка начальніка цэху Беларускага мэталюргічнага заводу, кандыдата ў парлямэнт ад ПКБ, якога называюць галаўным болем жлобінскай вэртыкалі, не магло ісьці й гаворкі. За паўгадзіны да канцэрту зьявіліся яшчэ два дзясяткі амонаўцаў. Па сотавым тэлефоне дамаўляемся пра сустрэчу ў адной з бакавых вулак. Хутка крочым у двары, пакінуўшы “хвасты” ні з чым. Знаходзім закрыты ад чужых вачэй утулак, дзе й змаглі пагаварыць.

(Рыбчанка: ) “Калі толькі ўлады адчулі, што я буду балятавацца, пачаўся адкрыты прэсінг. Начальнік цэху сказаў, што трэба напісаць заяву па ўласным жаданьні, каб панізіўся ў пасадзе. Начальніка не пусьцілі ў адпачынак, пакуль я не напішу заяву. Даслалі брыгаду па тэхніцы бясьпецы на маю службу, напісалі заўвагі наконт анучы нейкай ды недакурка, усім памочнікам былі вынесеныя адміністрацыйныя вымовы, пазбаўленыя 50% прэміі. Адбыўся ціск асабліва на адну жанчыну – на працы яе запалохалі, што яна яе страціць. Яна патэлефанавала й сказала: не магу”.

(Карэспандэнт: ) “Чым жа так небясьпечны Валеры Рыбчанка для ўладаў?”

(Рыбчанка: ) “Мабыць, тым, што я спрабую казаць праўду, працую ў вялікім калектыве, кожны дзень атрымліваю падтрымку. Нашае прадпрыемства загналі гвалтоўна ў гэты кантракт, прымусілі напісаць заявы на 1-2 гады, людзі гэтага ня хочуць, асабліва тыя, якія працуюць больш за 10 гадоў. Зноў жа, узімку падскочаць кошты на камуналку ды жыльлё. І самае галоўнае – беспрацоўе, якое палохае моладзь. А гаварыць пра гэта людзі баяцца, бо створана сыстэма, што пагражае звальненьнем, неўладкаваньнем надалей”.

* * * Інфармацыя да ведама: у палове выбарчых акругаў Гомельшчыны былі не зарэгістраваныя дэмакратычныя кандыдаты, у васьмі – засталося па адным. У тым ліку і ў Мазыры, куды мы прыехалі надалей. Там якраз адбывалася сьвята гораду “Залатая восень”.

(Карэспандэнт: ) “А ў вас у Мазыры балятуецца адзін кандыдат. Пойдзеце?”

(Спадар: ) “Я яго ня ведаю і, відаць, не пайду. Валянцін, працую ў камэрцыйнай фірме”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ўжо маеце права галасаваць?”

(Андрэй: ) “Маем, але ня ведаем ніводнага. Ты бачыла дзе-небудзь? Не? Я таксама”.

(Карэспандэнт: ) “А пра рэфэрэндум чулі?”

(Андрэй: ) “Ха! Я здагадваўся. Па плянэтарных законах максымум два тэрміны, калі не лічыць камуністычных краінаў – Кубу, Карэю. Зашмат! А што зрабіць? У кабіне для галасаваньня мы зробім свой выбар, а людзі набліжаныя зробяць інакш, хутчэй за ўсё… Завуць мяне Андрэй”.

Леанід Арлоў, дэпутат Мазырскага гарсавету, сябра АГП ды выкладчык пэдагагічнага ўнівэрсытэту таксама вылучаўся ў парлямэнт, сабраў 3000 подпісаў, але быў зьняты ў дзень рэгістрацыі з-за неадпаведнасьці зьвестак бугальтэрыі ўнівэрсытэту ды падаткавікоў.

(Карэспандэнт: ) “Леанід Васільевіч, на мазырскім палітычным полі намэнклятура выйграла і выбары, і рэфэрэндум?”

(Арлоў: ) “Падчас збору подпісаў нават міліцыянты ставілі свае. Я лічу, што сумяшчэньне парлямэнцкіх выбараў ды рэфэрэндуму палярызавала электарат. Той кандыдат, які ў апазыцыі да ўлады цяпер, можа набраць ачкі. Хоць гэта й зьявілася падставай для іх зьняцьця шмат у якіх акругах”.

Прыканцы я прасіў кожнага з суразмоўцаў выказаць сваё найшчырэйшае, што дае спадзеў на будучыню. І вось што атрымалася. Раман Бучка, Адам Юрчук ды Юрка Астапчук, “ Прымакі”:

(Галасы: ) “Я скажу так: цёплыя людзі… Як мы ад’яжджаем зь Беларусі, у сэрцы боль, помнім толькі самае лепшае. Просьба да беларусаў – размаўляйце на сваёй мове, на якой бацькі, бабулі размаўлялі, вярніцеся да сваіх каранёў. Вельмі-вельмі гэтага жадаю!”

(Леанід Арлоў, Мазыр: ) “Каб апазыцыя чагосьці дасягнула, патрэбная нейкая падзея, якая б паказала электарату, што людзі могуць мець свой голас, адстойваць яго”.

(Валеры Рыбчанка, Жлобін: ) “Да канца мяне прымушае ісьці вера й падтрымка людзей. Нельга доўга жыць у безвыходным стане, у нас ува ўсіх растуць дзеці, якія хочуць жыць інакш. Вакол шмат прыкладаў, як жывуць людзі па-чалавечы. І нам трэба, як “Пяцёрка плюс” – аб’яднацца, ісьці наперад і перамагаць. Іншага выйсьця ў нас няма”.