Менскія скейтары паразуменьня з уладамі не знаходзяць

Алесь Дашчынскі, Менск Завяршаецца сэзон катаньня на скейтах, і аматары гэтага экстрыму ў Беларусі вымушаныя будуць узімку выкарыстоўваць падземныя пешаходныя пераходы. Спэцыяльных пляцовак, а тым больш крытых памяшканьняў для скейтбордынгу ў Менску няма. Але моладзь ад 12 да 20 гадоў абірае менавіта скейты, а не каўзалі ці лыжы.
Дзе можна ўбачыць скейтараў? У Менску некалькі пляцовак: “Філяры” (каля філярмоніі), фантаны каля палацу рэспублікі, “Стэла”, помнік на праспэкце Машэрава з мноствам прыступак, і нават мейсца каля знакамітай лыжна-ролернай трасы. Учора ўвечары вялікая колькасьць скейтараў каталася ля Палацу рэспублікі, фантаны якраз не працуюць, ваду адсюль прыбралі, поўнае раздольле, мармуровыя парапэты й барты.

(Юра: ) “Ужо ва ўсіх краінах СНД ёсьць такія спэцыяльныя месцы, дзе можна катацца, а ў нашай краіне няма. Я лічу, што гэта ўжо адставаньне ў культурным пляне і ў спартовым. Нам патрэбныя спэцыяльныя прылады для катаньня, якія мы штогод робім самі, але людзі, якія прыбіраюць вуліцы, яны гэта як мэталялом зьбіраюць на сьметнік”.

(Юра: ) “Прыходзіць АМОН і міліцыя і праганяюць нас адсюль”.

(Коля: ) “Ня толькі адсюль, але і зь іншых месцаў”.

(Вадзім: ) “Бываюць такія выпадкі, што адбіраюць скейты альбо проста матам на нас абкладуць”.

(Карэспандэнт: ) “А вы зьвярталіся да гарадзкіх уладаў, каб яны вам скейт-парк адкрылі?”

(Саша: ) “Мы спрабавалі, але нас адпраўлялі з аднаго кабінэта ў іншы, і так у выніку нічога не атрымалася”.

(Юра: ) “У іх быццам бы няма грошай на скейтбордынг, які яны лічаць глупствам”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі ўсяго скейтараў у Менску?”

(Юра: ) “Можа 300 ці 400”.

Прадавец менскай скейт-крамы Вадзім зазначае, што ў суседніх краінах скейтбордынг не пазбаўлены ўвагі гарадзкіх уладаў. У Менску з надыходам зімы ягоны бізнэс пойдзе на спад.

(Вадзім: ) “Менск – гэта яшчэ такая вялікая вёска параўнальна з Польшчай. Выбар у нас добры, проста што пакупніцкая здольнасьць не такая, і цяпер, да зімы, яна наогул падае, таму што няма скейт-парку закрытага. Тут нават адкрытага няма”.

Вось меркаваньні менчукоў, якія бачылі катаньне скейтараў каля Палацу рэспублікі:

(Спадарыня: ) “Гэта лічыцца нашае багацьце, палац наш, зрабілі бы ім спэцыяльнае адведзенае месца, дзе яны маглі б праводзіць свой асабісты час, адпачынак”.

(Спадар: ) “Мне не спадабалася тут ісьці, шум, гам, скачуць, бегаюць”.

(Спадар: ) “Хай хлопцы працуюць, дурэюць, адпачываюць. Канешне, яны рызыкуюць трохі, можна і траўму атрымаць, вось глядзіце: раз – і на парапэт”.

(Спадар: ) “Наогул, брыдка, яны засьмечваюць увесь камень, потым людзям даводзіцца ўсё гэта прыбіраць”.

Загадчыца аддзела ландшафтнай архітэктуры менскага гарвыканкаму Тацьцяна Грэчына цьвердзіць, што плошча каля Палацу рэспублікі прадугледжана адмыслова для правядзеньня сьвятаў горада, і калі там пабудаваць скейт, то яе будзе нязручна прыбіраць.

(Грэчына: ) “Трэба ў парках катацца, спартыўныя ўсе рэчы ў парках робяцца, а не на плошчы. Кажуць, навошта вы спраектавалі, прыбярыце ўсе фантаны з плошчы, ад іх дзеці атрымоўваюць траўмы. Скаргі ўжо такія пішуць”.

Такім чынам, праблема скейтараў застаецца нявырашанай, і новы сэзон зноў пачнецца на фантанах ля Палацу рэспублікі.