Беларуская апазыцыя абвяргае заявы дзяржсакратара Нявыгласа

Юры Сьвірко, Менск Выступаючы на Лукашэнкавай нарадзе з вэртыкальшчыкамі, дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Генадзь Нявыглас заявіў, што “актывістам апазыцыйных партыяў рэкамэндавана ня ўкідваць бюлетэні ў скрынкі для галасаваньня, а выносіць іх і здаваць адмысловым каардынатарам для наступнага абвінавачваньня ўлады ў падтасоўцы галасаваньня”.
Спадар Нявыглас таксама абвінаваціў місію назіральнікаў ад АБСЭ ў тым, што яны зарыентавалі прадстаўнікоў грамадзянскай ініцыятывы “Партнэрства” на збор нэгатыўнай інфармацыі пра выбарчы працэс. “Станоўча вырашанае пытаньне пра фінансаваньне назіральнікаў ад палітычных партыяў, найперш тых, якія ўваходзяць у кааліцыю “5 плюс”, – заявіў Генадзь Нявыглас.

Ён таксама паінфармаваў, што Аб’яднаная грамадзянская партыя абвясьціла прыярытэтнай задачай не абраньне сваіх дэпутатаў парлямэнту, а галасаваньне супраць пытаньня рэфэрэндуму.

Паводле дзяржсакратара Савету Бясьпекі, 9 кастрычніка пройдзе Кангрэс дэмакратычных сілаў, на якім будуць выпрацаваныя супольныя крокі апазыцыі, у тым ліку вынас бюлетэняў з выбарчых участкаў.

Вось як пракамэнтаваў гэтыя заявы спадара Нявыгласа лідэр АГП Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Відаць, у Нявыгласа столькі інфарматараў, такая велізарная колькасьць, што яны проста дэзінфармавалі спадара Нявыгласа і Аляксандра Рыгоравіча. Дзявятага не плянуецца правядзеньня ніякага кангрэсу дэмакратычных сілаў.

Выносіць ці не выносіць - такога рашэньня ніхто нават сярод асобных палітычных партыяў не прымаў.”

Спадар Лябедзька дадаў, што некаторыя людзі прапаноўвалі выносіць бюлетэні з участкаў для галасаваньня, аднак улада мае значна больш мэханізмаў супрацьдзеяньня – “надрукаваць дадатковую колькасьць і закінуць, разгарнуць такую кампанію запалохваньня людзей, што вынясе бюлетэні невялікая колькасьць”. Рашэньня на гэты конт на сёньняшні дзень няма.

(Лябедзька: ) “Ёсьць толькі адна стратэгія. Мы прыходзім і галасуем супраць. Супраць рэфэрэндуму. І мы галасуем за кандыдатаў, якія аб''ядналіся вакол праграмы "пяць крокаў да лепшага жыцьця". Калі гэтыя кандыдаты ўвогуле застануцца, бо пачалі здымаць нашых кандыдатаў.”