Чаму ўлады павышаюць заробкі й сацыяльныя выплаты напярэдадні рэфэрэндуму і выбараў?

Валер Карбалевіч, Менск (эфір 5 кастрычніка). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Кастусь Скуратовіч і прэзыдэнт Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.
(Валер Карбалевіч: ) “У панядзелак Лукашэнка правёў нараду па пытаньнях рэалізацыі сацыяльнай палітыкі. Прынятае рашэньне аб маштабным павышэньні заробкаў і сацыяльных выплат з 1 лістапада 2004 году. Усяго за год на гэтыя мэты выдзяляецца каля 1 мільярда даляраў. Такія значныя субсыдыі Лукашэнка растлумачыў добрым эканамічным станам краіны, ростам валавога ўнутранага прадукту.

Любое павышэньне заробкаў — справа заўсёды добрая. Хоць Лукашэнка й адзначыў, што гэта ня мае дачыненьня да рэфэрэндуму, але тая гучная прапагандысцкая кампанія, якае спадарожнічае гэтаму, прымушае думаць, што такія захады наўпрост зьвязаныя з рэфэрэндумам. Як бы вы маглі пракамэнтаваць гэтую падзею?”

(Кастусь Скуратовіч: ) “Зразумела, рыхтуючы палітычную кампанію, асабліва такога маштабу, як рэфэрэндум, палітык зацікаўлены ў перамозе. Ён ня можа ігнараваць эканоміку, сацыяльную сфэру. Але павышаючы стыпэндыі студэнтам, Лукашэнка разьлічвае ня толькі на галасы студэнтаў, але і на іх бацькоў, якія павінны адчуць клопат кіраўніка дзяржавы пра іх дзяцей. Зь іншага боку, у нас палова адукацыі платная. Такім чынам, дзяржава ад адных адымае, а другім дае.

Што тычыцца людзей некваліфікаванай працы, то ў 1992–93 гадах іх мінімальнага заробку цалкам хапала на пражыцьцё. Тады мінімальны заробак прыкладна быў роўным мінімальнаму спажывецкаму бюджэту”.

(Яраслаў Раманчук: ) “Калі мы паглядзім на лічбы, то ўлады не дацягваюць да тых прагнозных паказчыкаў, якія закладзены ў пяцігодку 2001–05 гадоў. Абяцаны заробак у суме 250 даляраў на канец 2005 году. А ў праекце бюджэту на наступны год, які быў прыняты у першым чытаньні Палатай прадстаўнікоў, прадугледжана, што сярэдні заробак будзе толькі 225 даляраў у бюджэтнай сфэры. Такім чынам, улады робяць гучную заяву, якая, безумоўна, зьвязаная з рэфэрэндумам. Яшчэ адна цікавая тэндэнцыя. За тры апошнія гады валавы ўнутраны прадукт вырас на 26,3%, а заробак — амаль на 80%. Тая мадэль, якую прапануе Лукашэнка, гэта праяданьне грошай, якія зарабляюцца. Калі параўнаць заробкі людзей, якія працуюць у органах улады, альбо, напрыклад, у міліцыі, то ў малым і сярэднім бізнэсе людзі зарабляюць менш. Гэта вельмі небясьпечная тэндэнцыя. Ва ўладаў няма канцэпцыі разьвіцьця, апроч таго, каб адняць і падзяліць”.

(Карбалевіч: ) “Прадстаўнікі Ўсясьветнага банку, Міжнароднага валютнага фонду на падставе вывучэньня беларускай эканомікі прыйшлі да высновы, што павышэньне заробкаў адбываецца ў большых маштабах, чым рост вытворчасьці працы й валавога ўнутранага прадукту. Лічбы, якія прывёў Раманчук, пацьвярджаюць гэта. То бок такія вялікія сацыяльныя выплаты проста не па сілах беларускай эканоміцы ў сучасных умовах. Якія наступствы для эканомікі можа мець такая палітыка, такое імкненьне жыць сёньняшнім днём?”

(Скуратовіч: ) “Я адсочваю афіцыйную статыстыку, у прыватнасьці, статыстыку цэнаў. Дык вось хутчэй за ўсё растуць цэны на мяса, малако, хлеб. То бок, на тое, што складае спажывецкі бюджэт шараговага жыхара Беларусі. Таму ўсе гэтыя даплаты будуць праз інфляцыю пераразьмеркаваныя і вернутыя таму, хто дае гэтыя грошы. А зь іншага боку, гэта чыста прапагандысцкі ход. Лукашэнка сказаў аб гэтым амаль адкрыта. Ён адзначыў, што ўласьнікі павінны плаціць ня менш, чым дзяржва. А калі ня могуць, то няхай ліквідуюцца. Але ж калгасы — таксама недзяржаўная форма ўласнасьці. А ў калгасах ніколі не плацілі столькі, колькі плацяць бюджэтнікам. Калі казаць пра бюджэтнікаў, то іх прывязваюць да дзяржаўнай кармушкі, каб яны не паднімалі галавы, а капалі гэтую канаву з раніцы да вечара”.

(Раманчук: ) “Ёсьць аксіёма жыцьця, што чалавек ня можа спажываць таго, што ня выпрацавана. Безумоўна, гэта вельмі трагічна можа скончыцца для нашай эканомікі. Улады кажуць, што найбольш выйграюць ад павышэньня цэнаў найбяднейшыя слаі насельніцтва. Але калі прааналізаваць, то высьвятляецца, што 95% асноўнай грашовай масы атрымаюць людзі, якіх нельга аднесьці да бедных. Нават паводле прагнозаў ураду за рысай беднасьці застаецца пятая частка насельніцтва. А стандарты дабрабыту краінаў Цэнтаральнай Эўропы застаюцца для нас касьмічнымі й недасягальнымі.

Пра дзяржаўныя прыярытэты сьведчыць такі факт. У праекце бюджэту на наступны год Служба бясьпекі прэзыдэнта атрымлівае 14 мільярдаў рублей, а увесь парлямэнт — толькі 13 мільярдаў”.

(Карбалевіч: ) “Але на паседжаньні ў панядзелак Лукашэнка й кіраўнікі ўраду акцэнтавалі ўвагу на падтрымцы бедных: нізкааплачваных працаўнікоў, пэнсіянэраў, студэнтаў, шматдзетных сем’яў. Віцэ-прэм’ер Дражын адзначыў, што памер пэнсіяў у Беларусі вышэйшы, чым у суседніх дзяржавах, па ўзроўні мінімальнага заробку Беларусь амаль што на першым месцы ў СНД — больш, чым у Расеі. Чаму афіцыйныя асобы акцэнтуюць увагу на падтрымцы самай беднай часткі насельніцтва?”

(Скуратовіч: ) “Некарэктна параўноўваць заробкі ў Беларусі й Расеі, таму што Расея вельмі розная. Трэба параўноўваць зь Літвою і Латвіяй. На нарадзе згадвалася праблема беспрацоўя. Зьвернемся да лічбаў. У 1991 годзе ў Беларусі было каля 3 тысяч беспрацоўных. На той год, калі Лукашэнка абяцаў “запусьціць заводы”, колькасьць беспрацоўных была 88 тысяч. А сёньня афіцыйна іх налічваецца 100 тысяч. То бок запускай заводы ці не запускай, праблема застаецца.

У краінах Эўразьвязу дапамога на беспрацоўе складае 60–70% сярэдняга заробку. У Беларусі беспрацоўныя ў жніўні атрымалі 30 тысяч рублёў кожны. Сёньня ня менш за 400–500 тысяч чалавек занятыя ў шэрым бізнэсе, які спрабуе ня мець ніякіх дачыненьняў зь дзяржаваю, ня плацяць ні падаткаў, ні сацыяльных адлічэньняў. Гэтыя такі сродак выжываньня. Вось гэта тыя аб’ектыўныя сацыяльныя парамэтры, якія характарызуюць сёньняшнюю сытуацыю”.

(Раманчук: ) “Па ўсіх сацыяльных парамэтрах нашыя суседзі Польшча, Літва, Эстонія больш дбаюць пра сацыяльна неабароненых людзей, чым Беларусь. Сацыялягічныя апытаньні сьведчаць пра тое, што ўзровень дабрабыту горшы, чым дае афіцыйная статыстыка. Нядаўна сябра прыехаў з Украіны і засьведчыў, што калі ён ідзе ў беларускую краму, то выкладвае мінімум 20 тысяч рублёў. А ва ўкраінскай краме той жа набор прадуктаў у пераліку каштуе толькі 10 тысяч. І таму заявы, што Ўкраіна, Расея жывуць горш, гэта – міт”.