Зьніклага чатыры гады таму апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага запрасілі на выбары й рэфэрэндум

Алег Грузьдзіловіч, Менск Маці журналіста Вольга Завадзкая з гэтай нагоды заявіла, што “неўпарадкаваныя сьпісы выбаршчыкаў выгадныя ўладам”.
Вольга Завадзкая абураная тым, што атрымала на імя свайго сына Зьмітра запрашэньне ўзяць удзел у рэфэрэндуме і выбарах:

(Завадзкая: ) “Гэта непавага да людзей. Так б’е па нэрвах… Мне, прыкладам, вельмі непрыемна атрымліваць такія позвы”.

Апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі зьнік больш за чатыры гады таму, але за гэты час яго нязьменна запрашалі на выбарчы ўчастак. У верасьні мінулага году суд прызнаў Зьмітра Завадзкага памерлым. З таго часу ён больш ня лічыцца прапісаным у доме сваёй маці Вольгі Завадзкай. Між тым, запрашэньне прыйсьці на выбары прыйшло зноў. Вольга Завадзкая лічыць гэта паказчыкам ня толькі нядобрасумленнасьці сябраў выбарчай камісіі. Жанчына не выключае, што голасам яе зьніклага сына хочуць скарыстацца, каб павялічыць колькасьць удзельнікаў рэфэрэндуму.

(Завадзкая: ) “Ім патрэбная яўка. Ім патрэбныя галасы, якія дадуць больш за 50% за рэфэрэндум. А мне гэтага вельмі бы не хацелася”.

У камісіі скаргаў Цэнтральнай выбарчай камісіі назвалі фальшыўкай дакумэнт, які атрымала маці Зьмітра Завадзкага. Між тым, Вольга Завадзкая сьцьвярджае, што атрыманае запрашэньне — на афіцыйным блянку, і не адрозьніваецца ад запрашэньняў, якія атрымалі яе суседзі. У Сухараўскай выбарчай акрузе, дзе жыве Вольга Завадзкая, Радыё Свабода пведамілі, што запрашэньні на выбары накіроўвае адміністрацыя Фрунзенскага раёну Менску, а сьпісы выбаршчыкаў складаюцца на падставе зьвестак жыльлёва-эксплюатацыйных службаў і рэгулярна ўдакладняюцца.

На просьбу Радыё Свабода акруговая камісія правяла праверку і прызнала, што Зьміцер Завадзкі быў унесены ў сьпіс выбаршчыкаў памылкова. Вользе Завадзкай паабяцалі прынесьці прабачэньні.

21-ы артыкул Выбарчага кодэксу гарантуе даступнасьць сьпісаў выбаршчыкаў. Між тым, згодна зь сёлетнімі рэкамэндацыямі ЦВК, гэтыя сьпісы неабавязкова вывешваць у публічным месцы, дастаткова мець іх у памяшканьні камісіі. Такім чынам, выбаршчык гарантавана можа ўдакладніць толькі тое, ці ёсьць асабіста ён у сьпісе. Паводле незалежных назіральнікаў, гэтая практыка не дазваляе цалкам пракантраляваць, ці ёсьць у сьпісах выбаршчыкаў “мёртвыя душы”.