Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША адзінагалосна прыняла “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”

Віталь Цыганкоў, Прага і Алеся Сёмуха, Вашынгтон “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” (H.R.854) быў адзінагалосна прыняты Палатай прадстаўнікоў амэрыканскага Кангрэсу. Гэта важны перадапошні крок да канчатковага прыняцьця акту – цяпер гэты акт чакае абмеркаваньне і галасаваньне ў Сэнаце ЗША. Што гэта азначае для Беларусі?
Нагадаем, што асноўным спонсарам “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” выступае старшыня Хэльсынскай камісіі ў Палаце прадстаўнікоў рэспубліканец Крыстафэр Сьміт. Ён так пракамэнтаваў гэтую падзею:

(Крыстафэр Сьміт: ) “У той час, як у Беларусі праходзяць важныя парлямэнцкія выбары і сумнеўны рэфэрэндум, каб працягнуць паўнамоцтвы Лукашэнкі далей за 2006 год, ЗША прадэманстравала сваю стойкую падтрымку прадэмакратычным сілам у Беларусі. Прыняцьцём “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” мы паслалі моцны сыгнал аб тым, што мы цьвёрда стаім на баку тых, хто прагне свабоды”.

Кангрэсмэн дадаў:

(Крыстафэр Сьміт: ) “Беларускі народ, які шмат цярпеў пад цяперашнім і папярэднімі дыктатарамі, заслужылі жыць у грамадзтве, дзе паважаюцца дэмакратычныя прынцыпы і правы чалавека. Зараз усе карты складзеныя на карысьць Лукашэнкі на парлямэнцкіх выбарах 17-га кастрычніка, паколькі рэжым мае татальны кантроль над выбарчым працэсам”.

Акт аб дэмакратыі закліканы спрыяць дэмакратычнаму разьвіцьцю, правам чалавека і вяршынству закону ў Беларусі, а таксама падтрымліваць зацьвярджэньне і ўмацаваньне незалежнасьці краіны.

Закон прадугледжвае выдаткаваньне неабходнай дапамогі для недзяржаўных арганізацыяў, незалежных мэдыяў, уключаючы радыё і тэлевізійнае вяшчаньне на Беларусь, а таксама пашырэньне міжнародных абменаў.

Паводле закону, фінансавы памер гэтай дапамогі павінен вызначыць прэзыдэнт ЗША на 2005 і 2006 фінансавыя гады.

Акт аб дэмакратыі таксама падтрымлівае правядзеньне свабодных і незалежных выбараў, увод санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Паводле Акту, павінна быць складзеная справаздача аб пастаўках і продажы Беларусьсю зброі альбо ваеннай тэхналёгіі краінам-ізгоям, а таксама справаздача аб пэрсанальных актывах і капіталах Аляксандра Лукашэнкі ды іншых беларускіх кіраўнікоў.

Санкцыі будуць ужывацца ў дачыненьні да Беларусі, пакуль прэзыдэнт ЗША ня вырашыць і не засьведчыць перад адпаведнымі камітэтамі Кангрэсу, што ўлады Беларусі сапраўды зрабілі значны прагрэс ў выкананьні шэрагу ўмоваў. Сярод іх – вызваленьне асобаў, якія былі зьняволеныя на падставе іх палітычных перакананьняў, адкліканьне палітычна матываваных судовых абвінавачаньняў супраць усіх дзеячоў апазыцыі ў Беларусі, прадстаўленьне поўнай справаздачы аб зьнікненьнях лідэраў апазыцыі й журналістаў, улучна зь Віктарам Ганчаром, Анатолем Красоўскім, Юрыем Захаранкам і Зьмітром Завадзкім, і пакараньне ўсіх адказных за гэтыя зьнікненьні, спыненьне ўсіх формаў перасьледу і рэпрэсіяў супраць незалежных сродкаў масавай інфармацыі, няўрадавых арганізацыяў і палітычнай апазыцыі ў Беларусі, а таксама правядзеньне свабодных і справядлівых прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў у Беларусі ў адпаведнасьці з стандартамі АБСЭ у справе дэмакратычных выбараў і ў супрацоўніцтве з адпаведнымі ўстановамі АБСЭ.

Калі гэтыя ўмовы ня будуць выкананыя, то ў дачыненьні да Беларусі Кангрэс прапануе ўжыць наступныя санкцыі: па-першае “пазыкі, крэдытныя гарантыі, страхоўкі, фінансаваньне або іншыя віды фінансавай дапамогі ня могуць быць выдзеленыя ўраду Беларусі ніякім урадавым агенцтвам Злучаных Штатаў... за выключэньнем выпадкаў, зьвязаных з дастаўкай гуманітарных тавараў і сельскагаспадарчых або мэдычных прадуктаў”. Па-другое, “ніякія сродкі, якія мае ў наяўнасьці Агенцтва гандлю і разьвіцьця, ня могуць быць прызначаныя на дзейнасьць Агенцтва ў Беларусі або для Беларусі”. Ня менш важна, што паводле Акту, цягам 90 дзён пасьля ўвядзеньня закону ў сілу прэзыдэнт ЗША павінен перадаць адпаведным камісіям Кангрэсу справаздачу аб пастаўках і продажы Беларусьсю зброі альбо ваеннай тэхналёгіі краінам-ізгоям, а таксама справаздача аб пэрсанальных актывах і матэрыяльных каштоўнасьцях Аляксандра Лукашэнкі ды іншых беларускіх кіраўнікоў.

***

Нагадаем, што некалькі тыдняў таму ў інтэрвію Радыё Свабода кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт, які ёсьць адным з ініцыятараў і найбольш гарачых прыхільнікаў Акту аб Дэмакратыі ў Беларусі, сказаў: “Я упэўнены, што сёлета мы здолеем прыняць гэты законапраект. Мы ўжо прынялі яго ў Палаце прадстаўнікоў, ён прайшоў як частка закону Дзярждэпартамэнту і зараз мы рыхтуемся да прыняцьця яго як асобнага закону.” І вось жа – два тыдні пазьней законапраект прыняты Палатаў прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.

Калі параўнаць тэкст прынятай рэдакцыі законапраекту з рэдакцыяй 2003 году, дык відавочныя некаторыя адрозьненьні. Прынятая вэрсія базуецца на самых нядаўніх падзеях у Беларусі. Так, напрыклад, у першай частцы дакумэнту згадваецца закрыцьцё Беларускаага гуманітарнага ліцэю і гаворыцца, што рэжым Лукашэнкі павярнуў назад адраджэньне беларускай мовы і культуры. Таксама ў дакумэнце гаворыцца, што ўрад Беларусі не зрабіў істотнага прагрэсу ў спыненьні рэпрэсій і атмасфэры страху, у стварэньні магчымасьцяў для дзейнасьці незалежных мэдыяў, празрыстасьці выбараў і ўзмацненьні ролі заканадаўчай улады.

З часткі законапраекту “санкцыі” зьніклі дзьве – забарона на візы беларускім урадоўцам і забарона на стратэгічны экспарт у Беларусь. Але гэта зьмена ізноў-ткі ня новая. Такая самая вэрсія была прынятая і ў законе пра Дзярждэпартамэнт.

І апошняе істотнае адрозьненьне гэтага законапраекту ад вэрсіі 2003 году – гэта зьнікненьне артыкулу пра ролю Расеі ў прасоўваньні дэмакратыі ў Беларусі. Прынятая вэрсія ані словам Расею ня згадвае.

Напрыканцы, закон ухваляе намер апазыцыі прыняць удзел у сёлетніх парлямэнцкіх выбарах у Беларусі.

Што будзе азначаць канчатковае прыняцьцё Акту? Перш за ўсё гэта палітычны дакумэнт і сьведчаньне ўвагі ЗША да беларускай праблематыкі. Што да аспэкту канкрэтнай дапамогі, дык тут канчатковае рашэньне пра сумы і праграмы будзе за выканаўчай уладай. І калі ўлада ў Белым доме ў гэтым лістападзе зьменіцца, дык могуць зьмяніцца і прыярытэты гэтай выканаўчай зьнешнепалітычнай структуры. Але нагадаю, што прэтэндэнт на прэзыдэнцкае крэсла ад Дэмакратычнай партыі сэнатар Кэры таксама падпісаўся пад “Актам аб дэмакратыі ў Беларусі”.

Цяпер Акт мусіць прыняць Сэнат, пасьля чаго ён будзе падпісаны прэзыдэнтам ЗША як канчатковы закон.

Гл. таксама • Што думаюць менчукі пра “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі”, прыняты амэрыканскім парлямэнтам? • Аляксандар Лукашэнка назваў амэрыканскі “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” “найлепшым падарункам сабе” • Чаргінец: “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” – гэта “брэх сабакі на караван” • Беларуская дэмакратычная апазыцыя вітае прыняцьцё “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” Палатай прадстаўнікоў