Віцебскія міліцыянты перапынілі сэмінар Вольгі Карач, заявіўшы, што ў памяшканьні закладзенае выбуховае прыстасаваньне

Браніслава Станкевіч, Віцебск Сэмінар па праблемах жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, які арганізавала дэпутатка гарсавету Вольга Карач, праводзіўся ў кавярні “Любава”. Праз гадзіну ад пачатку туды прыехалі міліцыянты, заявіўшы, што ім нібыта паступіў сыгнал пра падрыхтаваны тут тэрарыстычны акт.
Распавядае спадарыня Карач:

(Карач: ) “Мы праводзілі сэмінар – сустрэчу дэпутата са старшынямі дамоў. Да нас прыяжджаюць міліцыянты ды кажуць, што нехта патэлефанаваў 01 і сказаў, што тут будзе выбух, інакш кажучы, тэракт. Прыехалі з МУС аблвыканкаму ды Кастрычніцкага РАУСу”.

Прымусіўшы ўдзельнікаў сэмінару выйсьці, міліцыянты загадалі двум хлопцам з дэпутацкай каманды Вольгі Карач паехаць зь імі ў пастарунак. Такім чынам, у Кастрычніцкі райаддзел трапілі сябры моладзевай суполкі “Сёмая грань” Сьцяпан Цішуцін ды Зьміцер Сенчукоў. Дэпутатцы гарсавету Вользе Карач міліцыянты не дазволілі прысутнічаць у часе іхнага допыту – тым ня менш, ёй удалося даведацца, што распытваць хлопцаў будуць зусім не пра тэракт, а пра ўлёткі “Не – трэцяму тэрміну”.

Аднак улётак у хлопцаў не знайшлі, і праз дзьве гадзіны Зьмітра Сенчукова адпусьцілі, а Сьцяпана Цішуціна трымалі яшчэ пэўны час. Паводле тлумачэньняў, якія атрымала ў пастарунку Вольга Карач, ён абразіў сьледчага, які праводзіў допыт. Спадарыня Карач пэўная, што гэта была адмысловага кшталту помста за тое, што Сьцяпан напісаў скаргу на незаконныя дзеяньні міліцыянтаў з Кастрычніцкага РАУС, якія 15 верасьня наладзілі ў яго дома несанкцыянаваны ператрус.

Пакуль дапытвалі сябраў “Сёмае грані”, у стваральніцы гэтае суполкі Вольгі Карач запатрабавалі сьпіс усіх ўдзельнікаў сэмінару, з разгону якога ўсё й пачалося. Міліцыянты кажуць, што патэлефанаваць пра пагрозу тэракту маглі ў тым ліку і яны. Спадарыня Карач з такім падазрэньнем катэгарычна нязгодная, а таму сьпіс падаць адмовілася.