Займацца нераскрытымі ўгонамі няма калі: гомельская ДАІ “пасьвіць” апазыцыянэраў

Казімір Яноўскі, Гомель У Гомелі выяўленая вялікая групоўка, якая займалася ўгонамі аўтамабіляў. Узначальваў яе, паводле зьвестак прэсавай службы абласной міліцыі, лекар-нарколяг.
Падаецца, не было яшчэ такіх прэцэдэнтаў, каб адмыслоўцы ад мэдыцыны займаліся такім спэцыфічным бізнэсам, як крадзяжы аўтамабіляў. Канешне, лекары не ад добрага жыцьця шукаюць сабе нейкія падзаробкі – дадатковыя стаўкі, начныя дзяжурствы й г.д, але крымінальны бізнэс у іх асяродку – усё-ткі анамальная зьява.

Чаму й якім чынам лекар-нарколяг арганізаваў злачынную групоўку, цяпер высьвятляе сьледзтва. Арыштавана ўжо 10 асобаў, датычных да крадзяжоў. Гэта пераважна маладыя людзі бяз пэўнага занятку.

Групоўка дзейнічала з размахам. Сьледзтву ўдалося ўжо выявіць 9 крадзяжоў легкавікоў. Тры скрадзеныя аўтамашыны знойдзены ў гаражах, якімі карысталася групоўка.

Скрадзеныя легкавікі – а гэта былі пераважна “Фольксвагены” й “Аўдзі” – разьбіралі на запчасткі альбо прадавалі пад заказ у суседнюю Расею. Іншым разам аднаўлялі старыя мадэлі – і таксама прадавалі.

Наогул, адсутнасьць мяжы ў Беларусі і Расеі вельмі зручная для крымінальнага аўтабізнэсу. Відаць, невыпадкова Гомельская вобласьць яшчэ зусім нядаўна трымала сумнае лідэрства ў справе крадзяжоў легкавікоў. Летась, у прыватнасьці, скрадзена было 158 аўтамашын. Паўсотні зь іх так і ня знойдзены да гэтага часу. За студзень-жнівень гэтага году скрадзена ўжо 148 аўтамашын. Дзе знаходзяцца 17 зь іх, пакуль таксама невядома.

Цяпер, дарэчы, сілы й тэхніка дзяржаўтаінспэкцыі нярэдка скіравана на апазыцыйных палітыкаў. Так, у жніўні блізу Жлобіна быў разыграны з удзелам дзяржаўтаінспэкцыі сцэнар затрыманьня прыватнага легкавіка намесьніка старшыні абласной арганізацыі АГП Уладзімера Кацоры.

Пад выглядам таго, што аўтамашына знаходзіцца ў вышуку, спадара Кацору затрымалі, учынілі ператрус і канфіскавалі звыш 1000 асобнікаў газэты “Время” й каля 15 тысячаў улётак “Пяць крокаў да лепшага жыцьця”.

Літаральна “пасьвіць” ДАІ на дарогах вобласьці аўтамабіль старшыні абласной арганізацыі БНФ Віктара Раманішкі.

А ў мінулую суботу, 2 кастрычніка, на вуліцы Палескай міліцыянты ўчынілі ператрус у прыватнай аўтамашыне кандыдата ў дэпутаты парлямэнту ад АГП Юрыя Варонежцава. Узброеныя аўтаматамі, міліцыянты запатрабавалі паказаць, што Юрый Варонежцаў загружаў у легкавік раніцай ля свойго дому.

Кандыдат у дэпутаты сапраўды паклаў у легкавік перадвыбарчыя ўлёткі, афіцыйна надрукаваныя ў выдавецтве “Сож” і аплачаныя камісіяй Цэнтральнай выбарчай акругі №35.