Кастусь Бандарук, Прага У нядзелю 26 верасьня ў Любліне закончыўся трохдзённы Другі Кангрэс хрысьціянскай культуры на тэму “Эўрапейская супольнасьць каштоўнасьцяў”. Удзельнікі канфэрэнцыі ў асноўным згодныя наконт таго, што ў час сэкулярызацыі і ўсеўладзьдзя правоў рынку трэба тым актыўней прапагандаваць унівэрсальныя каштоўнасьці, якія выплываюць з Эвангельля. У сёньняшнім выпуску перадачы – падрабязнасьці пра Кангрэс, а таксама гутарка з адным з удзельнікаў форуму, каталіцкім Архіепіскапам родам зь Беларусі – Тадэвушам Кандрусевічам.
З адмысловым пасланьнем да ўдзельнікаў Кангрэсу зьвярнуўся Папа Ян Павал ІІ. “З радасьцю ўспрымаю вестку пра тое, што ІІ Кангрэс хрысьціянскай культуры зоймецца пытаньнем прысутнасьці хрысьціянства ў пабудове эўрапейскай супольнасьці каштоўнасьцяў... Уся Эўропа, ад Атлянтыкі па Ўрал пацьвярджае лучнасьць культуры й хрысьціянства ў гісторыі паасобных народаў і супольнасьцяў... Нават у час найгоршых гістарычных завірухаў Царква... паказвала ўзор жыцьця заснаванага на Эвангельлі, падкрэсьлівала значэньне інтэлектуальнага роздуму, засноўвала ўнівэрсытэты, падтрымлівала ініцыятывы, накіраваныя на культуру жыцьця й пасланьне надзеі. Сучасныя выклікі, пагроза з боку нігілізму і экзыстэнцыяльнай пустаты падштурхоўваюць нас да дбайнасьці пра хрысьціянскія каштоўнасьці. Хрысьціянская надзея можа дапамагчы кожнаму жыхару Эўропы перажыць расчараваньні й спакусу роспачы, асабліва ў час, калі ён балюча адчувае наступствы падпарадкаваньня годнасьці чалавечай асобы правілам рынку... Хай гуманізм, які мае свае найглыбейшыя вытокі ў таямніцы Ўвасабленьня, схіляе новае пакаленьне творцаў да вернасьці той традыцыі, да якой належаць самыя ўзьнёслыя памкненьні чалавечай сям’і: прага свабоды і праўды, імкненьне да сьвятасьці і салідарнасьці. Хай гэтыя каштоўнасьці перадаюцца з захапленьнем і руплівасьцю, якія толькі прыгажосьць можа абудзіць у чалавеку”, напісаў Папа Ян Павал ІІ.
Сярод удзельнікаў Кангрэсу – выдатныя тэолягі, гісторыкі, творцы культуры і палітыкі. Гэта, у прыватнасьці: уэльскі гісторык і публіцыст Норман Дэйвіс, нямецкі пісьменьнік і перакладчык Карл Дэдэцыюс, французкі філёзаф Шанталь Мілён Дэльсоль, вядомы чэскі тэоляг Томаш Галік, нарвэскі навуковец і палітык Жан Матляры, , каталіцкі місіянер родам з Ірляндыі Дэйвід Саліван, ксёндз-габрэй і дзеяч у галіне хрысьціянска-габрэйскага прымірэньня Рамуальд Якуб Вэкслер-Вашкінэль, габрэйскі дзеяч і публіцыст Канстанты Гэбэрт.
Зь Беларусі на Кангрэс прыбыў праваслаўны сьвятар, прафэсар Ігар Андрыянаў, дэкан Праваслаўнага тэалягічнага факультэту Гуманітарнага ўнівэрсытэту ў Менску. Ён узяў удзел у круглым стале на тэму “Усходняе лёгкае й пабудова Эўропы духу”.
У часе трохдзённага Кангрэсу прагучалі рэфэраты на тэмы “Эўропа духу ў культуры, натхнёнай Эвангельлем”, “Ці палітык можа быць сумленны, і якой цаною”, “Эўропа – раны мінуўшчыны і выклікі будучыні”, “Духоўнае адзінства Эўропы – спадзяваньні й трывогі”, “Як быць патрыётам у аб’яднанай Эўропе”.
Вядомы польскі гісторык Ежы Клачкоўскі выступіў з дакладам на тэму “Духоўная спадчына Рэчы Паспалітай многіх народаў”. “На вялікіх прасторах Рэчы Паспалітай”, піша ён, “адбываўся – асабліва ў 16 і 17 стагодзьдзях – адзіны ў маштабах усяе Эўропы працэс мірнага суіснаваньня каталіцкага, пратэстанцкага і ўсходняга хрысьціянства, пры ўзаемным праніканьні пазыцыяў і вераваньняў”.
Філёзаф Лешак Калакоўскі ўзьняў пытаньне: “Ці жывем мы ўжо ў пост-хрысьціянскай эпосе?” “Выглядае, што ў наш час хрысьціяне мала дбаюць пра догмы і тэалягічныя формулы. Каго, апрача жменькі тэолягаў, хвалюе пытаньне, ці Сьвяты Дух паходзіць ад Айца, ці ад Айца і Сына? А менавіта гэтая догма прывяла да падзелу хрысьціянства на ўсходняе і заходняе. Колькі праліта крыві ў гусіцкіх войнах з прычыны спрэчкі ў справе прычасьця двух відаў. Каго цяпер хвалюе, ці эўхарыстычны хлеб мае быць квасны ці прэсны? Не зважаючы на ўсю гэтую абыякавасьць да некалі асноўных рэчаў, хрысьціянства існуе, і нельга сказаць, што мы жывем у пост-хрысьціянскую эпоху”, сказаў філёзаф Лешак Калакоўскі.
Апостальскі адміністратар Паўночна-эўрапейскай часткі Расеі архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з рэфэратам на тэму “ Гома саветыкус у лібэралізьме”. Ён нагадаў, што сам тэрмін “гома саветыкус” паходзіць з выдадзенай ў 1982 годзе кнігі філёзафа Аляксандра Зіноўева. На старонках гэтай кнігі зьявіўся новы “тып жывой істоты”, выхаванай у выніку сэлекцыі, якая працягвалася цягам трох пакаленьняў.
“Гома саветыкус” – прадукт антрапалягічнага ды ідэалягічнага экспэрымэнту, асоба зьнявечаная й здэгенэраваная ва ўмовах адсутнасьці свабоды. Гэты тып чалавека поўнасьцю падпарадкаванага ўладзе партыі, паняволены інтэлектуальна, пазбаўлены тоеснасьці і чалавечай годнасьці. Паводле філёзафа Юзэфа Тышнэра (“Этыка салідарнасьці і гома саветыкус”, 1992), гэта чалавек, які інструмэнтальна ставіцца да праблемаў маралі і веры, а таксама да асноўных каштоўнасьцяў, якія зьяўляюцца вызначальнікам сутнасьці чалавечнасьці: дабра і зла, праўды й фальшу, свабоды і заняволеньня, прыгнёту. Гома саветыкус – гэта той, чыю сьвядомасьць акрэсьлівае быцьцё, у адрозьненьне ад чалавека, які спрабуе падпарадкаваць сваё быцьцё свабоднай сьвядомасьці”.
Кандрусевіч піша, што цягам 70 гадоў сыстэма ваяўнічага атэізму прывяла да маральнай разбэшчанасьці чалавека, пакінула пасьля сябе духоўную пустату. Ён цытуе расейскага філёзафа Юлія Шрэйдэра, які гаварыў, што “ў Расеі адбылася антрапалягічная катастрофа, якая адрэзала чалавека ад Бога, парушыла стаўленьне да праўды, дэфармавала міжчалавечыя адносіны й адносіны чалавека да грамадзтва й дзяржавы. Гома саветыкус – паняволены камуністычнай сыстэмай кліент камунізму, які жывіўся тым, што яму прапанаваў камунізм, які з дапамогай працы, улады ды прывілеяў зрабіў яго поўнасьцю залежным ад сябе. Калі камунізм перастаў задавальняць ягоныя спадзяваньні й патрэбы, дык гэты чалавек выступіў супраць самой сыстэмы”.
Трынаццаць гадоў лібэралізацыі ў Расеі выразна пацьвердзілі, што лягчэй замяніць серп і молат на крыж, чым разьвітацца з савецкім мэнталітэтам – сказаў у часе Кангрэсу архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч. Маючы перад сабою тэкст ягонага рэфэрату я зьвязаўся з архіепіскапам Кандрусевічам у Маскве і папрасіў яго адказаць на некалькі пытаньняў. Найперш – наколькі мэнталітэт “гома саветыкуса”, як ён напісаў, перашкаджае ў адраджэньні рэлігійнага жыцьця на постсавецкай прасторы? Вось што ён адказаў:
(Архіепіскап Кандрусевіч: ) “Ну, найперш, “гома саветыкус”, “савецкі чалавек” – гэта прадукт савецкай сыстэмы, чалавек, які там нарадзіўся і выхаваўся. Як гаварыў вельмі вядомы ў сьвеце польскі тэоляг Юзэф Тышнэр, што “калі нехта ўпаў ў ваду, то ня выйдзе зь яе сухі”. Гэтак жа кожны з нас зьяўляецца прадуктам той сыстэмы ў большай ці ў меншай ступені. Адказваючы на Вашае канкрэтнае пытаньне – наколькі перашкаджае гэты тып савецкага чалавека ў рэлігійным, духоўным адраджэньні, я хачу сказаць, што пэўна перашкаджае. Савецкі мэнталітэт – гэта ні за што не адказваць, хтосьці за нас павінен думаць і вырашаць, ці то дзяржава, прэзыдэнт, ці нехта іншы. У справах рэлігійных – гэта царква, касьцёл, сьвятар. У жыцьці няма той адказнасьці за сваё практычнае, штодзённае жыцьцё ў маральных пытаньнях”.
(Бандарук: ) “Высокая мараль вельмі часта не пасьпявае за дэкляратыўнай верай. У чым канкрэтна выяўляецца гэтае раздваеньне паміж верай і маральлю?”
(Архіепіскап Кандрусевіч: ) “Савецкі чалавек інструмэнталізуе мараль. Некалі было такое правіла й такі погляд, што вось гэта ўсё нашае – ці ў калгасе, ці на фабрыцы. Маўляў, украду, ці лепш сказаць “вазьму”, бо гэта ж і так усё нашае. І людзі прызвычаіліся да такой сытуацыі, таму сёньня вельмі цяжка зьмяніць гэты падыход. Мы гаворым, што пачалі будаваць дэмакратычнае грамадзтва, зьмянілі назвы нашых гарадоў, плошчаў і вуліцаў, але ж трэба замяніць чалавека.
Напэўна, Вы памятаеце, у канцы 80 гадоў гаварылася, што гарбачоўская “перабудова” не прасоўваецца наперад, яна буксуе. Я вельмі добра памятаю казань літоўскага кардынала Сладкавічуса ў Вільні, у Вострай Браме, які сказаў, што перабудова ня пойдзе наперад, бо найперш трэба перабудаваць самога чалавека, трэба яго паставіць на духоўныя рэйкі, каб ён будаваў сваю будучыню на духоўных прынцыпах, на прынцыпах Эвангельля. Інакш нічога не атрымаецца. Таму сёньня вельмі, вельмі перашкаджае ў духоўным адраджэньні гэты мэнталітэт савецкага чалавека ня толькі ў Расеі, але таксама і ў Беларусі, і ў многіх краінах былога савецкага блёку”.
(Бандарук: ) “Ці сапраўды вера чалавека, які цалкам нядаўна далучыўся да Царквы – павярхоўная? Некаторыя лічаць, што нэафіты не становяцца сапраўднымі хрысьціянамі ў сэнсе карэннай зьмены жыцьця, што яны спыняюцца на этапе абраднасьці...”
(Архіепіскап Кандрусевіч: ) “Гэта даўгі працэс, гэта не так лёгка. Калі цягам 70 гадоў не было нічога, людзі поўнасьцю адзвычаіліся ад Царквы, адзвычаіліся маліцца, калі ўсё за іх вырашалі і думалі іншыя. Напэўна, ёсьць людзі зь вельмі глыбокай верай. Многія вытрывалі, многія аддалі сваё жыцьцё за веру, але ў асноўным вера вельмі павярхоўная. Гляньце, колькі людзей ўдзельнічае ў нядзельных і сьвяточных багаслужбах. Вельмі мала.
Вядома, што ў пачатку 90 гадоў багата людзей далучылася да розных цэркваў. Шмат людзей прымала хрост. Сёньня назіраецца іншая тэндэнцыя: усе хочуць жыць шчасьліва, заможна, бяз аніякіх турботаў. Прадметам мараў становіцца даляр, ці эўра. Колькасьць абортаў расьце з кожным днём. Толькі ў Расеі неафіцыйна гаворыцца пра 7 мільёнаў абортаў ў год. Таксама бачым, колькі ў краіне няшчасьцяў, тэрарызму, забойстваў на вуліцах нашых гарадоў. Таксама ўсялякія ашуканствы. Усе заяўляюць, што яны веруючыя, але якая гэта вера? Вельмі слабая. Тут трэба яшчэ вельмі шмат працаваць, і гэта заданьне для ўсіх хрысьціянскіх цэркваў і ўсіх рэлігіяў”.
(Бандарук: ) “Гэта даволі змрочная карціна. Дарэчы, у часе Канрэсу чэскі тэоляг Томаш Галік выступіў з рэфэратам на тэму “ Раны мінўшчыны і выклікі будучыні”. Ён канстатуе, што ў традыцыйным сэнсе хрысьціянства ўжо не зьяўляецца рэлігіяй Эўропы, і эўрапейскае хрысьціянства перастае быць рэлігіяй. Новай рэлігіяй Захаду ён лічыць мас-мэдыі, якія перанялі шэраг аспэктаў традыцыйнай рэлігіі: яны прапануюць новыя сымбалі, інтэрпрэтуюць сьвет, уплываюць на спосаб мысьленьня й паводзінаў, зьяўляюцца арбітрамі праўды. Няўжо хрысьціянства асуджанае на заняпад?”
(Архіепіскап Кандрусевіч: ) “Я хацеў бы толькі дадаць, што я не такі ўжо пэсыміст. Ніхто не перамог Хрыста й не пераможа. Шмат разоў здавалася, што ўсё скончыцца, царква і вера не адродзіцца, але ж адраджаецца. Гэта вельмі цяжкі даўгі працэс, аднак я веру ў тое, што гэтая вера ў людзей будзе моцная, але дзеля гэтага трэба працаваць”.
Дарэчы, у заключным камюнікэ Люблінскага Кангрэсу гаворыцца: “Эўропу можна акрэсьліць ня толькі ў геаграфічным і гістарычным сэнсе: гэта супольнасьць каштоўнасьцяў замацаваных у Эвангельлі. Усходняя мяжа Эўразьвязу ня можа быць культурнай мяжою. Эўропа павінна разьвівацца як кантынэнт “двух лёгкіх”. Мы хочам падкрэсьліць ролю тых чалавечых каштоўнасьцяў, якія не абмяжоўваюцца геаграфічнымі і гістарычнымі рамкамі. Гэта: годнасьць чалавечай асобы, сьвятасьць жыцьця, вартасьць розуму, свабоды, дэмакратыі, вяршэнства закону й аддзяленьне рэлігіі ад палітыкі. Эўропа – гэта кантынэнт людзей, якія адкрытыя й якія шукаюць. У плюралізьме розных плянаў назіраецца рэлігійны індыфэрэнтызм, спажывецкі лад жыцьця і маральны рэлятывізм, але побач з гэтым і духоўнае абуджэньне, якое разбурае міт, нібыта Эўропа асуджаная на сэкулярызацыю. Эўропа – гэта кантынэнт, які змагаецца за сваю душу”.