“Лукашэнка зь Ярмошынай не дапусьцяць магчымасьці стварэньня новай фракцыі, падобнай на “Рэспубліку”

RFE/RL Водгукі слухачоў – 29 верасьня. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.
(Спадарыня: ) “Прыход на выбарчы ўчастак – гэта давер уладзе, давер у яе дэмакратычнасьць; гэта ўпэўненасьць, што выбары ня будуць падтасаваныя, што бюлетэні не падменяць. А ці давяраем мы гэтаму рэжыму? Ці ўпэўненыя мы, што нашае “не” ня будзе замененае на “так”?

(Зьміцер Кузьміцкі: ) “Добры дзень, паважанае радыё! Складаныя ўмовы выбарчай кампаніі, створаныя ўладамі для апазыцыйных кандыдатаў, адказ ім у рэгістрацыі прывялі да таго, што зарэгістраваныя кандыдаты ад апазыцыі аказаліся ў меншасьці. У парлямэнт будзе прапушчана яшчэ менш. Але ўсё ж некалькіх кандыдатаў уладам прыйдзецца прапусьціць у парлямэнт, каб усё ж паказаць, што выбары былі дэмакратычныя. І гэта павінны быць таленавітыя і адданыя сваёй справе людзі, бо менавіта ім прыйдзецца ў складаных умовах і ў значнай меншасьці здолець пераканаць і перахіліць на свой бок большасьць парлямэнтароў. Калі хтосьці зь цяперашніх кандыдатаў сумняваецца, што здолее гэта зрабіць, то лепш адмовіцца ад барацьбы цяпер”.

(Лусевіч Міхаіл: ) “Добрай раніцы, Свабода! Усе заявы Лукашэнкі вартыя таго, каб альбо проста выключыць тэлевізар, альбо заткнуць вушы, бо тое, што нясе гэты чалавек, прабачце, у “Навінках” слухаць. Але справа ня ў гэтым. Рэакцыя яго была вядомай і зразумелай. Справа ў другім, што заходнія краіны хоць нешта робяць толькі тады, калі ў нас у чарговы раз Лукашэнка зьбіраецца прыватызаваць сваю ўладу. Тады яны нешта робяць, а да гэтага амаль нічога. І хлусіць тут ня трэба. У іх не паварочваецца язык паставіць ультыматум той самай Расеі раз і назаўсёды, у таго самага Буша ці Блэра, у нашых гарантах нашай незалежнасьці. Яны баяцца, бо нафта скончыцца і газ скончыцца. Цынізм гэтых людзей даходзіць да таго, што яны раз на гады ўспамінаюць пра нас. І гэты цынізм роўны цынізму нашага галоўнага папа, які ўручае ўзнагароду забойцу Паўлючэнку. Таму, калі слухаеш усё гэта, адчуваецца, што яны калі не аднолькавыя, то, прабачце, ім аднолькава абыякавы лёс гэтых людзей і лёс гэтай краіны”.

(Спадар: ) “На вашае пытаньне, ці здолеюць апазыцыйныя кандыдаты ў дэпутаты прайсьці ў Палату прадстаўнікоў Беларускага парлямэнту: лічу, што ніхто зь іх не праб’ецца. Бо гэтая ўся працэдура рэгулюецца, кантралюецца ўладамі. На ўсіх стадыях улады ствараюць перашкоды, не палохаюцца сваіх парушэньняў Выбарчага кодэксу. Улады і сам Лукашэнка зь Ярмошынай не дапусьцяць магчымасьці стварэньня новай фракцыі, падобнай на “Рэспубліку”, якая зьвяртала на сябе ўвагу беларускай і міжнароднай грамадзкасьці. Дзякуй”.

(Віктар Бутто: ) “Здаецца, што мала будзе выбрана ў парлямэнт ад апазыцыйных палітыкаў ня толькі з-за фальсыфікацыі, што ў датэрміновым галасаваньні закладзена, але і з-за таго, што яны вельмі далёкія і ад мяне, і ад народа, то бок, ад нашай пасьля 1991 году яшчэ большай неабароненасьці ад уладаў і іх прадстаўнікоў. Што і адбывалася ў савецкія часы: яны былі і застаюцца далёкімі ад рэальнага жыцьця ў Менску і нашай дзяржаве. Калі нават без кантракту кожны можа быць незаконна звольненым з працы, бяз сродкаў на існаваньне і на жыцьцё. А калі слухаеш іхныя выказваньні аб рэфэрэндуме, то было б значна лепш для ўсіх жыхароў Беларусі, каб многія зь іх лепей прамаўчалі. Вельмі бесталковыя!”

(Спадарыня: ) “Добры дзень! Вядучаму сёньняшняй перадачы Радыё Свабода, з раніцы з 7 да 8. На Беларусі Алексій узначальвае Рускую праваслаўную царкву, акупацыйную, а не беларускую. Так ня трэба казаць! Вас слухае ўвесь сьвет! Гэта ж падман! Усяго добрага”.