Офіс прыватнай друкарні “Топ Тайп” па-ранейшаму апячатаны, але некаторыя кандыдаты змаглі забраць улёткі

Іна Студзінская, Менск Прыватная друкарня “Топ Тайп”, якая друкавала агітацыйныя ўлёткі для апазыцыйных кандыдатаў, дагэтуль апячатаная. Аляксей Кароль пасьпеў забраць свае ўлёткі, Сьвятлане Каралёвай, якая аплаціла за прадукцыю, у пятніцу паабяцалі вярнуць надрукаваныя плякаты. Лёс агітацыйных матэрыялаў Генадзя Ананьева і Алега Ваўчака пакуль невядомы.
1 кастрычніка а 10-й раніцы сканчаецца тэрмін праверкі друкарні “Топ-Тайп”аддзелам барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю.

Друкарня вымушаная была спыніць сваю працу 28 верасьня. Кандыдат у дэпутаты па 26-й Аўтазаводзкай акрузе Менску Сьвятлана Каралёва яшчэ ў аўторак прынесла ў друкарню плацёжнае даручэньне і даверанасьць, але тады АБЭП надрукаваную прадукцыю ёй не аддаў.

Цягам двух дзён з інтэрвалам у паўгадзіны Сьвятлана тэлефанавала ў аддзел па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, але безвынікова – слухаўку ніхто не браў. Сёньня ўвечары яна сама паехала туды.

(Каралёва: ) “Я сустрэлася з начальнікам АБЭП, і ён сказаў, што маё пытаньне вырашана станоўча. І мне заўтра а 10-й раніцы мне аддадуць толькі плякаты. Больш там нічога рабіць ня будуць, таму што друкарня апячатана”.

Кандыдат ў дэпутаты па 26-й Аршанскай выбарчай акрузе Генадзь Ананьеў пакуль ня можа атрымаць свае ўлёткі.

(Ананьеў: ) “Усё, што зроблена мне – плякат, календары і лістоўка – не аддаюць і нават ня хочуць гаварыць пра яе аддачу. Таму, я думаю, хутчэй за ўсё яе і не аддадуць”.

(Карэспандэнт: ) “А хто ня хоча гаварыць?”

(Ананьеў: ) “АБЭП”

Афіцыйнай нагодай для праверкі друкарні “Топ Тайп” аддзелам барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю стаў той факт, што друкарня пачала выконваць замову на выпуск перадвыбарчых улётак да таго, як Цэнтарвыбаркам перавёў грошы паводле адпаведных рахункаў-фактураў.