ЗША ўвялі двухгадовую забарону на гандаль зь Белзьнешпрамсэрвісам

Алеся Сёмуха, Вашынгтон Бюро Дзярждэпартамэнту ЗША па нераспаўсюджаньні ўвяло меры супроць 14 замежных інстытуцый і асобаў замяшаных у забароненыя пастаўкі Ірану тэхналёгій і зброі масавага зьнішчэньня. У сьпісе пераважна кітайскіх установаў ёсьць і адна беларуская – Белзьнешпрамсэрвіс. Уведзеныя меры азначаюць забарону на гандаль з усімі дзяржаўнымі ўстановамі ЗША.
Паводле Дзярждэпартамэнту, 14 замежных інстытуцыяў былі замяшаныя ў забаронены гандаль. Бальшыня арганізацый – кітайскія, але ёсьць сярод іх і па адной з Паўночнай Карэі, Расеі, Украіны і Беларусі. Беларусь прадстаўляе Белзьнешпрамсэрвіс. Усе гэтыя арганізацыі незаконна пастаўлялі Ірану абсталяваньне й тэхналёгію, якія могуць быць выкарыстаныя для вытворчасьці зброі масавага зьнішчэньня ці балістычных ракет. Гэтая дзейнасьць падпадае пад гандлёвыя санкцыі паводле палажэньняў Акту па нераспаўсюджаньні ў дачыненьні да Ірану 2000 году.

Як сказала ў камэнтары прадстаўніца бюро кантрактных закупак пры Дзярждэпартамэнце Гладыс Гінэс, “аніводная дзяржаўная агенцыя ЗША ня мае права заключаць новыя кантракты ці працягваць скончаныя кантракты са згаданымі ўстановамі й залежнымі ад іх арганізацыямі ці спадкаемцамі. Гэта тычыцца любой гандлёвай дзейнасьці”.

Забарона на гандаль уводзіцца на два гады. У дадатак да гэтага ўводзіцца забарона на выдачу экспартных ліцэнзій, фінансавую ці іншую дапамогу. Спыняюцца таксама ўсе існуючыя кантракты на продаж згаданым 14-ці ўстановам усіх тавараў і паслуг зьвязаных з абарончай вытворчасьцю.

Як гэтыя санкцыі адаб’юцца на Белзьнешпрамсэрвісе? Паводле Гладыс Гінэс, Дзярждэпартамэнт ня мае аніякіх кантрактаў з Белзьнешпрамсэрвісам, але калі любая іншая дзяржаўная агенцыя ЗША мае ці плянуе новы кантракт з Белзьнешпрамсэрвісам, гэта падпадае пад санкцыі.