А. Лукашэнка адказаў Захаду: "Галовы генэралаў зьнятыя ня будуць!"

Юры Сьвірко, Менск Спадар Лукашэнка ахарактарызаваў чатырох невыязных на Захад чыноўнікаў – Віктара Шэймана, Юрыя Сівакова, Уладзімера Навумава, Дзмітрыя Паўлічэнку – як "самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей". Таксама Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што нядаўна атрымаў дадатковую інфармацыю пра пляны сілавога зьнішчэньня прэзыдэнта.
Выступаючы на паседжаньні беларускага Савету Бясьпекі, Аляксандар Лукашэнка сказаў наступнае:

(Лукашэнка: ) “У зьвязку з прыняцьцем захадаў супраць Сівакова, Шэймана, Навумава й Паўлічэнкі хачу публічна заявіць: мы не пацерпім ніякіх падвойных стандартаў і ўсялякага кшталту шарлатанства супраць нашых службовых асобаў. Пачалі мне прапаноўваць: маўляў, мы заплюшчым вочы на рэфэрэндум, на выбары, ледзь не прызнаем іх тут, усё зробім, але вы, калі ласка, прыбярыце гэтых службовых асобаў у якасьці дэманстрацыі жэсту добрай волі. Не дачакаюцца, як яны хочуць”.

Спадар Лукашэнка дадаў, што “б''юць па самых сумленных, надзейных, адданых нашаму народу й дзяржаве людзям”, і заявіў:

(Лукашэнка: ) “Перадайце: ані Шэймана, ані Навумава, ані Сівакова, ані Паўлічэнку яны не атрымаюць. Разьмену тут ніякага ня будзе”.

Кіраўнік Беларусі сказаў, што мусіць быць адэкватнае рашэньне беларускага боку й назваў тэму скрадзеных "заежжанай картай".

(Лукашэнка: ) “Як толькі ўнутры палітычная кампанія, дык тут жа партрэты зьніклых. А некаторыя жонкі "скрадзеных" ужо за ЦРУшнікаў замуж выходзяць, вы гэта ведаеце? Вось як яны сваіх мужоў шукаюць па замежжах”.

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што цяпер выцягнулі "зашмальцаваны сьцяг" на міжнародную арэну.

“Прыслалі сюды Пургурыдэса. Я папярэджваў, што рыхтуецца шырокамаштабная правакацыя. КГБ папярэджваў, што яны едуць сюды з адпаведным падрыхтаваным дакладам. А прыезд патрэбны для таго, каб гэты даклад у Беларусі легалізаваць. Вось яны й наступаюць сёньня на нас”, – заявіў спадар Лукашэнка й дадаў, што чым больш будзе з таго боку падвойных стандартаў, “тым хутчэй мы выйграем гэты рэфэрэндум, які іх так непакоіць”.

Таксама ён паведаміў, што нядаўна “атрымаў дадатковую інфармацыю пра тое, што яны плянуюць аж да сілавога зьнішчэньня прэзыдэнта”.

(Лукашэнка: ) “Вы ім перадайце: няхай да гэтага пункту пераходзяць адразу, таму што зламіць мяне ў іх не атрымаецца, што б яны ні рабілі”.

Аднак ён заклікаў найбліжэйшым часам паказаць грамадзтву, “чым яны займаюцца тут, як яны з нашых дзяўчат спрабуюць зрабіць прастытутак, што яны тут твораць, як яны кормяць нашых грамадзян наркотыкамі, як яны тут гомасэксуалізм распаўсюджваюць, якімі мэтадамі працуюць”.

Аляксандар Лукашэнка заявіў: “Хопіць нам хадзіць, схаваўшы галаву”. Паводле яго, няма тае сытуацыі, каб гуляць у палітычныя гульні й разьменьвацца. Ён таксама сказаў:

(Лукашэнка: ) “Бачыце, Паўлічэнка не падабаецца. Паўлічэнка, які гэтых нягоднікаў спыніў на подступах да рэзыдэнцыі тры гады таму, калі яны ішлі на штурм. І яны хочуць, каб я Паўлічэнку кінуў пад гусеніцы танкаў? Не атрымаецца!”