Эўрапейскі Зьвяз забараніў уезд для чатырох грамадзян Беларусі, якія згадваюцца ў дакладзе Пургурыдэса

Юры Сьвірко, Менск Увечары ў панядзелак у Брусэлі быў распаўсюджаны прэсавы рэліз з тэкстам дэклярацыі старшынёўства Эўразьвязу наконт Беларусі. 36 краін Эўропы вымагаюць ад Аляксандра Лукашэнкі незалежнага расьсьледаваньня справаў зьніклых. Візавая забарона Эўразьвязу тычыцца генэральнага пракурора Віктара Шэймана, міністра спорту Юрыя Сівакова, афіцэра спэцаддзелу Дзьмітрыя Паўлічэнкі ды міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава.
У дэклярацыі зазначаецца, што Эўрапейскі Зьвяз сур’ёзна заклапочаны тым, што Беларусь яшчэ не правяла поўнага, вартага даверу й незалежнага расьсьледаваньня мажлівай далучанасьці трох беларускіх чыноўнікаў да зьнікненьняў, а потым сьмерцяў трох беларускіх апазыцыйных лідэраў і аднаго журналіста ў 1999-2000 гадах.

Эўразьвяз нагадвае, што гэта было дэталёва выкладзена ў дакладзе Хрыстаса Пургурыдэса на Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, і гэты даклад быў прыняты 28 красавіка 2004 году.

Таксама нагадваецца, што 14 траўня сёлета Эўрапейскі Зьвяз заклікаў да адкрыцьця незалежнага расьсьледаваньня пад эгідай нэўтральнага сьледчага. Чакаючы такога расьсьледаваньня, Эўразьвяз таксама ставіў пытаньне, ці могуць асобы, супраць якіх высунутыя гэткія сур’ёзныя абвінавачваньні, заставацца на цяперашніх уладных пасадах.

“Эўразьвяз не атрымаў ніякай афіцыйнай рэакцыі на сваю дэклярацыю ад беларускіх уладаў ды ня мае зьвестак пра якое-небудзь незалежнае й бесстароньняе расьсьледаваньне з боку беларускіх уладаў”, – падкрэсьлівае новая дэклярацыя Эўразьвязу.

Дакумэнт зазначае, што “тыя асобы, якія паводле дакладу Пургурыдэса нясуць галоўную адказнасьць за зьнікненьні, і тыя, хто ня здолелі распачаць незалежнае расьсьледаваньне гэтых зьнікненьняў, засталіся на сваіх пасадах ці былі перамясьціліся на іншыя важныя пасады ўва ўладзе”.

Улічваючы яўныя перашкоды правасудзьдзю ды адсутнасьць запатрабаванага расьсьледаваньня, Эўрапейскі Зьвяз вырашыў “абмежаваць доступ на сваю тэрыторыю тым высокапастаўленым чыноўнікам зь Беларусі, якія лічацца найперш адказнымі за няздольнасьць арганізаваць такое расьсьледаваньне і пакараньне мажлівых злачынстваў, а таксама тым, хто ў дакладзе Хрыстаса Пургурыдэса лічыцца ключавымі дзейнымі асобамі ў зьнікненьнях ды наступным іх прыхаваньні”.

“Больш за тое, Эўразьвяз лічыць прысутнасьць гэтых асобаў на публічных сустрэчах ўва ўстановах Эўрапейскага Зьвязу ці ў ягоных дзяржавах-сябрах непрымальным”, – зазначаецца ў Дэклярацыі. Эўрапейскі Зьвяз таксама пакінуў за сабой права абмеркаваць іншыя захады пазьней.

Эўразьвяз будзе пераглядаць сваю пазыцыю ў сьвятле будучага разьвіцьця падзеяў, прымаючы ў разьлік жаданьне адпаведных беларускіх уладаў цалкам і празрыста расьсьледаваць зьнікненьні ды прыцягнуць да правасудзьдзя тых, хто адказны за такія злачынствы.

У гэтым кантэксьце Эўразьвяз яшчэ раз заклікае беларускія ўлады, у тым ліку прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, прадпрыняць дзеяньні, якіх патрабуе Эўрапейскі Зьвяз.

Да гэтай заявы ад імя 25 краін Эўразьвязу далучыліся таксама Баўгарыя, Румынія, Турэччына, Харватыя, Альбанія, Босьнія й Герцагавіна, Македонія, Сэрбія й Чарнагорыя, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн і Нарвэгія.

Эўразьвяз ухваліў таксама супольную пазыцыю, якая мае на мэце ўвесьці абмежаваньні на паездкі некаторых чыноўнікаў Беларусі.

Паводле гэтай пазыцыі, дзяржавы Эўрапейскага Зьвязу “зробяць усе неабходныя захады, каб прадухіліць уезд або транзыт праз іх тэрыторыю” генэральнага пракурора Віктара Шэймана, міністра спорту Юрыя Сівакова, афіцэра спэцаддзелу Юрыя Паўлічэнкі ды міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава.

“Эўразьвяз застаецца сур’ёзна заклапочаным працягам пагаршэньня сытуацыі з дэмакратыяй, вяршэнствам закону й правамі чалавека ў Беларусі. Ён пацьвярджае сваю ясную зацікаўленасьць у палітычным, сацыяльным і эканамічным прагрэсе Беларусі ды яе прагрэсе на шляху да дэмакратыі, вяршэнства закону й правоў чалавека”, паведамляецца ў прэсавым рэлізе ЭЗ.

***

Жонка зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага камэнтуе рашэньне Эўразьвязу:

(Завадзская: ) “Як ахвяры мы даўно чакалі гэтага рашэньня, і вельмі радыя, што гэта кансалідаванае меркаваньне ўсяго Эўразьвязу яшчэ раз паказвае, што стаўленьне Эўразьвязу да сытуацыі са зьніклымі людзьмі ў Беларусі і стаўленьне да канкрэтных людзей, якіх падазраюць ў зьнішчэньні нашых блізкіх”.

***

Рашэньне Эўразьвязу таксама камэнтуе для Радыё Свабода жонка зьніклага палітыка Віктара Ганчара Зінаіда Ганчар:

(Зінаіда Ганчар: ) “Я лічу, што рашэньне слушнае, таму што было зроблена вельмі шмат заяваў з просьбай правесьці нармальнае ў рамках закону расьсьледаваньне. Дагэтуль улады не зрабілі ніводнага кроку насустрач, таму Эўразьвяз, камісія, якая вельмі пільна вывучала матэрыялы справы аб выкраданьні людзей, была вымушаная проста прыняць гэтае, я лічу, дастаткова жорсткае рашэньне”.

***

Сёньняшняе рашэньне Эўразьвязу грунтуецца на высновах Рады Эўропы наконт зьніклых у Беларусі. Гэтыя высновы былі зробленыя на падставе справаздачы кіраўніка рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстаса Пургурыдэса. Менавіта ў ягонай справаздачы Віктар Шэйман, Юры Сівакоў і Дзьмітры Паўлічэнка былі наўпрост названыя як вельмі імаверна датычныя да зьнікненьня палітыкаў і журналіста. Нядаўняе рашэньне Грэцыі не дапускаць на сваю тэрыторыю кіраўніка алімпійскай дэлегацыі Беларусі міністра Сівакова таксама матывавалася падазрэньнямі, што ўтрымліваліся ў справаздачы Пургурыдэса. 7 верасьня, у дзень абвяшчэньня рэфэрэндуму ў Беларусі, ён заявіў у інтэрвію беларускай службы Радыё Свабода:

(Пургурыдэс: ) “Я ня зьдзіўлены, што ён зрабіў гэта. Я чакаў гэтага. Але пасланьне, якое я хачу перадаць народу Беларусі, наступнае: гэтая тактыка ды гэтыя хітрыкі не ўтрымаюць яго ўва ўладзе. Яму наканавана пакінуць улады раней ці пазьней, таму што Беларусь заслугоўвае таго, каб мець дэмакратычна абранага лідэра”.

Гэта быў кіраўнік рабочай групы па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс. Варта адзначыць, што гэтым разам візавыя забароны як раз не закранулі кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнку, хаця пра ягоную магчымую датычнасьць да зьнікненьня палітыкаў і журналіста таксама гаворыцца ў адпаведнай рэзалюцыі Рады Эўропы. У мінулыя разы, у 1998 і ў 2002 гадох, падчас крызісаў вакол Драздоў і групы АБСЭ, калі Эўразьвяз і Злучаныя Штаты ўводзілі візавыя санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі, імя Аляксандра Лукашэнкі ўзначальвала “чорныя сьпісы” неў’яздных.