Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".
Газэта напісала пра пошукі тых, хто “павінен у здарэньні”. Такое недарэчнае – у расійскім значэньні – ужываньне слова павінен нячаста, але, на жаль, па-ранейшаму здараецца ў беларускім маўленьні. Вядома ж, у здарэньні нехта можа быць вінаваты, вінны. Слова павінен тут зусім не падыходзіць – у нашай мове яно выражае абавязанасьць асобы, а таксама магчымасьць, праўдападобнасьць нечага, адпаведнасьць нечага пэўнай умове: ён павінен гэта зрабіць, сустрэча павінна адбыцца, яна павінна зьявіцца, спэктакль павінен быць добры. У слова павінен ёсьць сынонімы, у кожнага зь іх свае адценьні, на якія мы часам забываемся. Выражаючы нешта чаканае, тое, што прадбачым, або проста нешта задуманае, імавернае, варта ўжываць спалучэньні з асабовымі формамі дзеясловаў мець і мецца: маю хутка вярнуцца, мелася даўно пазваніць, мелі сустрэцца, але разьмінуліся. Мелася пазваніць – зусім ня тое, што мусіла пазваніць: проста зьбіралася, яе званка спадзяваліся, але ніхто не абавязваў, нішто не змушала яе званіць. Мусіла – значыць не магла рабіць іначай, ня мела на тое магчымасьці, была як бы зьняволеная абавязкам, болей нават – павіннасьцю. Калі кажам, што мусілі нешта зрабіць, тым самым паказваем, што ня мелі выбару, былі змушаныя. Іншымі словамі, дзеяслоў мусіць прадугледжвае яўна большую залежнасьць ад абавязку, чым слова павінен.
Гаворым, зважаючы на нюансы значэньняў. Гаворым па-беларуску: быў вінаваты, вінны ў здарэньні, меў завітаць у госьці, павінен быў прынесьці кніжкі, але мусіў тэрмінова ад’ехаць.
Гаворым, зважаючы на нюансы значэньняў. Гаворым па-беларуску: быў вінаваты, вінны ў здарэньні, меў завітаць у госьці, павінен быў прынесьці кніжкі, але мусіў тэрмінова ад’ехаць.