Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".
Чарговая “фразэалягічная” просьба ад аднаго з нашых слухачоў – падказаць беларускі адпаведнік устойлівага расійскага спалучэньня засосало под ложечкой.
Западзіну ў ніжняй пярэдняй частцы грудзей называюць па-беларуску лыжачкаю, або дыхавіцаю, ці – радзей – дыхавінаю. Пад (у) лыжачку, дыхавіцу могуць даць, ударыць; часам – ад хваляваньня, страху, напрыклад – мы адчуваем, як жыва сьціскае нам пад дыхавіцаю, лыжачкаю, як гняце, цісьне ў дыхавіне.
У мінулым стагодзьдзі поруч зь дзясяткамі іншых фразэалягічных калек зьявілася ў нашай мове й спалучэньне засмактала пад лыжачкаю. “Захацелася есьці, аж пад лыжачкай засмактала”, – гэтым сказам з-пад пяра Рамана Сабаленкі ілюструе перакладзеную з расійскай мовы фразэму шматтомны “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы”. Узаконеная калька, як звычайна, зусім не ад таго, што свайго няма. Калька ў гэтым выпадку збыткоўная – яна на месцы традыцыйных беларускіх спалучэньняў духі (дух) падвяло, духі (дух) падцягнула (падцягло). “Так выгаладаўся, што духі падцягло. Як і ты пабудзеш дзень ня еўшы, то й табе духі падцягне”, – гэтыя сказы з народна-дыялектнае мовы, з запісаў Фёдара Янкоўскага. “У твар цярушыць стрэчны дожджык. Есьці хочацца – падцягнула духі”, – тут ужо мастацкая проза Янкі Брыля. Поруч з названымі беларускімі фразэмамі ёсьць і варыянты жывот падвяло, жывот падцягнула.
Выбар ёсьць – не сьпяшаймася па кальку. Духі падвяло, духі падцягнула – беларускія адпаведнікі расійскага засосало под ложечкой.