Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".
Два беларускія прыметнікі – асабісты й асабовы – у мове ў кожнага зь іх сваё месца. Асабісты – той, які належыць канкрэтнай асобе, зьвязаны з гэтай асобаю, закранае яе, для яе прызначаны. Падбіраючы сынонімы, можам сказаць, што асабісты – гэта пэрсанальны, уласны, індывідуальны. Гаворым па-беларуску, напрыклад, пра асабістую ўласнасьць, асабістага прадстаўніка, асабісты клопат, асабістую думку, асабісты лёс. Прыметнік асабовы бальшыні з нас добра знаёмы з школьнай граматыкі: памятаем пра асабовыя займеньнікі, асабовыя сказы, асабовыя канчаткі – ніхто не назаве іх асабістымі. Другое значэньне слова асабовы рэалізуецца ў такіх, скажам, спалучэньнях, як асабовы лісток, асабовы склад, асабовы рахунак. Тут асабовы, бо мае дачыненьне да асобы ўвогуле, да шматлікіх людзей. Асабовы лісток – дакумэнт, запаўняны асобаю пры ўліку кадраў, асабовы рахунак – той, які адкрываецца на асобу, нарэшце, асабовы склад – склад асобаў нейкай установы, арганізацыі. Яшчэ адзін ўстойлівы беларускі выраз – асабовая справа – тэчка ці, іначай, папка з дакумэнтамі канкрэтнай асобы, дакумэнтамі, якія характарызуюць асобу. Вось жа, асабовы – гэта таксама й той, які асобу характарызуе. Можам, прыкладам, сказаць пра асабовыя якасьці – прыметнік асабовы дарэчы на месцы скалькаванага з расійскай слова асобасны.
На завяршэньне жменька ілюстрацыяў, каб ня блыталі мы асабістага з асабовым. Гаворым па-беларуску: асабістыя рэчы, асабісты досьвед, асабістае жыцьцё, асабовы склад ураду, асабовая справа супрацоўніка, асабовыя якасьці прэтэндэнта.
На завяршэньне жменька ілюстрацыяў, каб ня блыталі мы асабістага з асабовым. Гаворым па-беларуску: асабістыя рэчы, асабісты досьвед, асабістае жыцьцё, асабовы склад ураду, асабовая справа супрацоўніка, асабовыя якасьці прэтэндэнта.