А. Зімоўскі: “З масіраваным выкідам агітацыі за рэфэрэндум дзяржаўныя СМІ перастараліся”

Ігар Карней, Менск Падчас візыту ў Белтэлерадыёкампанію Аляксандар Лукашэнка папрасіў кіраўнікоў дзяржаўных мас-мэдыяў зьнізіць градус агітацыі напярэдадні рэфэрэндуму. Як апавядаюць прадстаўнікі афіцыйных СМІ, Лукашэнка засьцерагаецца, што навязваньне адной пазыцыі можа сыграць супраць яго.
Прысутныя на нарадзе кіраўнікі тэлебачаньня ды буйных дзяржаўных газэтаў болей за пяць гадзінаў слухалі Аляксандра Лукашэнку. Апроч Лукашэнкі, са справаздачамі выступілі толькі кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ўладзімер Мацьвяйчук і ягоны першы намесьнік Аляксандар Мартыненка, аналітык БТ Ігар Леднік і рэдактар “Советской Белоруссии” Павал Якубовіч.

Астатнія вымушаныя былі слухаць, што скажа кіраўнік дзяржавы. На ўмовах ананімнасьці адзін з удзельнікаў паседжаньня расказаў, што Лукашэнка быў незадаволены інфармацыйнымі кампаніямі ў СМІ напярэдадні важных дзяржаўных падзеяў — выбараў дэпутатаў і рэфэрэндуму.

А генэральны дырэктар “Сталічнага тэлебачаньня” Аляксандар Зімоўскі, таксама ўдзельнік учорашняй нарады, удакладніў: узьніклі пытаньні наконт мэтазгоднасьці такой колькасьці сацыяльных ролікаў, якія ўслаўляюць цяперашнюю ўладу. Дарэчы, спадар Зімоўскі пацьвердзіў, што на канале ОНТ гэтыя ролікі з эфіру будуць зьнятыя. Пакуль.

(Зімоўскі: ) “Практычна ўсе ўдзельнікі нашых палітычных працэсаў прадказвалі й чакалі: будзе паведамлена пра маючы адбыцца рэфэрэндум. Калі рашэньне было прынятае і быў падпісаны загад, насычаная, масіраваная інфармацыйная хваля парадзіла гэткую ж хвалю нарыхтовак — давайце ўжо ня будзем хітрыць. Так склалася ўражаньне масіраванага выкіду. Тэлеканалы, газэты, інтэрнэт-рэсурсы нарадзілі ажыятажны інтарэс да гэтай праблемы. Так, напэўна, у нейкім сэнсе перастараліся, перагрузілі інфармацыяй, але тое, што інтарэс да тэмы вялізны — без сумневу”.

Былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Бураўкін лічыць, што Лукашэнка наведаў калектыў тэлебачаньня нават ня столькі для таго, каб даць рэкамэндацыі напярэдадні рэфэрэндуму, а з мэтай асабіста выправіць занадта жвавых прадстаўнікоў СМІ.

(Бураўкін: ) “Лукашэнка вымушаны быў сказаць пра тую кампанію, якая ідзе ў зьвязку з рэфэрэндумам і выбарамі — ідзе перабор, і зразумела, у які бок. Незразумела, навошта праводзіць рэфэрэндум, а можа, і выбары, калі для афіцыйнай прэсы, тэлебачаньня і радыё, даўно ўсё зразумела. Ніякіх іншых думак, акрамя поўнай падтрымкі рэфэрэндуму, няма — хоць гаворка пра відавочныя, грубыя парушэньні Канстытуцыі. Толькі адно і тое ж, і даволі нахабна, і гучыць. Таму і запатрабавалася вымушаная заўвага залішне порсткім і старанным журналістам: ці ня будзе журналісцкае стараньне рабіць сваю справу ўжо наадварот, ці ня пойдзе яно на шкоду?”

Гл. таксама іншыя матэрыялы на тэму рэфэрэндуму – svaboda.org/info/referendum.