Шанцаў на перамогу ў паўфінале Кубку Дэвіса ў беларусаў практычна няма

Ігар Карней, Менск Сёньня прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі, спартоўцы, трэнэры і ўпершыню – немалая група беларускіх заўзятараў тэнісу адляцяць у ЗША на паўфінальны матч Кубку Дэвіса, які адбудзецца 24-26 верасьня на кортах горада Чарльстан у Паўдзённай Караліне. Якія пэрспэктывы беларусаў у супрацьстаяньні са зборнай ЗША?
У заяўцы беларускай тэніснай каманды – Максім Мірны, Уладзімер Валчкоў, юны Андрэй Каратчэня, а таксама Аляксандар Скрыпко, які некалькі апошніх гадоў навучаецца ў ЗША. Капітан зборнай – Сяргей Цяцерын. Таксама ў ЗША адляціць і Аляксандар Швец – трэці нумар беларусаў у хатніх матчах 1/8 і 1/4 фіналаў з Расеяй і Аргентынай.

Гэтым разам са спартоўцамі і прадстаўнікамі Беларускай тэніснай асацыяцыі праз акіян выправіцца і немалая (паводле беларускіх меркаў) група падтрымкі. Натальля Шарэпа, прадстаўніца турыстычнай фірмы “Тусон-Ваяж”, якая арганізавала тур для заўзятараў, не хавае з гэтай нагоды задавальненьня. Пры тым што падобнае падарожжа выліваецца ў суму каля тысячы даляраў, тэндэнцыя ня радаваць ня можа.

(Шарэпа: ) “Дзьве групы, 25 чалавек, вырашыліся паляцець у далёкую Амэрыку падтрымаць нашых хлопцаў. Нарэшце зь Беларусі хтосьці кудысьці паляцеў перажываць за нашых. Гэта ўвогуле першая сапраўды сур’ёзная “ластаўка” заўзятараў. Да прыкладу, на Алімпіяду ніводны заўзятар з Беларусі не паехаў. А зараз 25 чалавек, не баючыся ўраганаў, якія бушуюць у суседніх штатах, паляцелі ў ЗША і будуць перажываць. Натуральна, у параўнаньні з амэрыканскай часткай заўзятараў, іх будзе значна меней. Але ў любым выпадку беларуская прысутнасьць будзе заўважнай. У людзей шанец падтрымаць нашых актыўна – ня проста прагуляцца, а менавіта падтрымаць”.

А вось прадстаўнікі беларускіх мас-мэдыяў у Чарльстан не паедуць. Як паведаміў адзін з супрацоўнікаў каналу АНТ, “карцінка” будзе замоўленая ў ЗША, і тут пад яе будзе камэнтаваць, як і мінулыя разы, Мікалай Петрапаўлаўскі. Менавіта ў яго я і запытаўся пра бачаньне перспэктываў беларускіх тэнісістаў.

(Петрапаўлаўскі: ) “Ну, якія прагнозы? Калі аб’ектыўна, па сілах ацэньваць каманды, то, натуральна ж, амэрыканцы мацнейшыя. Але спорт ёсьць спорт: любая гульня пачынаецца з аднолькавых шанцаў для бакоў. Дый ці мала што? Раптам не ў настроі будзе хтосьці з амэрыканцаў. Не атрымаецца адна-другая падача мяча, псыхалягічна зламаецца – паспрабуй потым зьбярыся. Усяляк бывае ў спорце, і тэніс – не выключэньне. Давайце хоць бы ўзгадаем: расейцы прыяжджалі – каго лічылі фаварытам? Іх, канечне. Аргентына прыехала – такая каманда – і таксама прайграла. У спорце цяжка варажыць”.

Калі беларусы ад’яжджаюць у Чарльстан без асаблівых спадзяваньняў на посьпех, то амэрыканцы, наадварот, перакананыя, што ў іх выдатныя шанцы патрапіць у фінал Кубку Дэвіса ўпершыню пасьля 1997 году. Супернікі беларусаў, браты Боб і Майк Брайны, займаюць першае месца ў рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафэсіяналаў сярод дуэтаў. Эндзі Родзік мае самую магутную ў сьвеце падачу і йдзе другім у рэйтынгу адзіночак. Мардзі Фіш – срэбны прызэр афінскай Алімпіяды.

Амэрыканцы не саромеюцца грунтавацца і на такой красамоўнай статыстыцы: у Грэцыі Мірны прайграў у 1/8 фіналу таму ж Фішу, а ў пары з Валчковым – братам Брайнам на той жа стадыі спаборніцтваў. Апроч таго, Мірны тройчы сустракаўся з Родзікам і тройчы прайграў.

Між тым, тэнісныя адмыслоўцы сыходзяцца ў меркаваньні, што адсутнасьць вялікіх шанцаў на посьпех трэба ўспрымаць па-філязофску. Беларусы, насуперак усім прагнозам, ужо ў паўфінале. А гэта – дарагога каштуе.