Турэцкая апазыцыя заклікае рэфармаваць крымінальны кодэкс краіны

АНКАРА. Рэспубліканская народная партыя Турэччыны – буйнейшая апазыцыйная сіла ў краіне – зьвярнулася да дэпутатаў турэцкага парлямэнту з заклікам аднавіць працу над зьменамі ў крымінальным кодэксе да 6-га кастрычніка, інакш, паводле лідэраў партыі, Турэччына згубіць магчымасьць распачаць перамовы з Брусэлем аб далучэньні да Эўразьвязу. У мінулым тыдні турэцкі ўрад адклікаў прапанову аб папраўках у крымінальны кодэкс з парлямэнту пасьля таго, як апазыцыя заблякавала намер кабінэту ўвесьці артыкул аб крымінальнай адказнасьці за сямейную здраду. Рэформа крымінальнага кодэксу Турэччыны ёсьць галоўнай перашкодай, якая стаіць на шляху пачатку перамоваў паміж Анкарой і Брусэлем у справе далучэньня Турэччыны да Эўразьвязу.