У карыстаньні “вэртыкалі” – адмысловы падручнік па прапагандзе

Алесь Дашчынскі, Менск Прэзыдэнцкая “вэртыкаль” распачала агітацыю сярод насельніцтва ў падтрымку рэфэрэндуму. Дзеля гэтага інфармацыйна-прапагандысцкія групы атрымалі спэцыяльны зборнік матэрыялаў для апрацоўкі людзей. Гэтакі ж зборнік падрыхтаваны і па выбарах у Палату прадстаўнікоў.
Прапагандысцкія групы ўтвораныя загадам прэзыдэнта Лукашэнкі па ўсёй вэртыкалі: рэспубліканскую ачольвае віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, і гэтая група нядаўна павялічаная да 18 чалавек. У Менскім гарвыканкаме пяць такіх груп, па колькасьці намесьнікаў старшыні.

Яшчэ 46 групаў створаныя ў раённых адміністрацыях. У кожнай групе ад 10 да 15 кіраўнікоў вэртыкальных службаў, аддзелаў ды ўправаў. Увесь гэты арсэнал чыноўнікаў нацэлены на людзей. Паводле супрацоўніцы Менскага гарвыканкаму, якая не пажадала называць яе імя:

(Супрацоўніца: ) “Ужо няма працоўнага калектыву, дзе б не пабывалі прадстаўнікі такіх груп”.

Інфармацыйна-аналітычным матэрыялам “вэртыкальных” прапагандыстаў забясьпечвае інстытут сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пры адміністрацыі прэзыдэнта. Іхны апошні зборнік (28 старонак) прысьвечаны рэфэрэндуму. Зь ім прапагандысты ў Менску накіруюцца ў працоўныя калектывы 23 верасьня. Тут падаюцца гісторыя рэфэрэндумаў і вынікі разьвіцьця краіны за апошнія 10 гадоў, а менавіта дасягненьні ў эканоміцы, дыпляматыі, сельскай гаспадарцы, мэдыцыне і гэтак далей. Гэта ўсё тое, што патрэбна і можна казаць людзям. У выніковым артыкуле падкрэсьліваецца, што падаўжэньне тэрміну прэзыдэнцтва Лукашэнкі абумоўлена створанай ім “спрыяльнай палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сытуацыяй”.

Яшчэ адзін інфармацыйны зборнік, падрыхтаваны інстытутам адміністрацыі прэзыдэнта, прысьвечаны выбарам у Палату прадстаўнікоў. Тут ставіцца канкрэтная задача для ідэалягічнай вэртыкалі і выканаўчай улады: “неабходна засяродзіць увагу выбарнікаў на такіх адмоўных якасьцях апазыцыйных кандыдатаў, як асабістыя амбіцыі, папулізм, фінансавая залежнасьць ад спэцслужбаў заходніх краін і імкненьне праводзіць чужую народу палітыку, правакацыйная сутнасьць мэтадаў і гэтак далей”.

Палітычныя тэхнолягі з адміністрацыі прэзыдэнта пачалі апрацоўку людзей яшчэ да пачатку перадвыбарчай агітацыі. Як ставіцца да гэтага сябра Цэнтарвыбаркаму з дарадчым голасам, сакратар ПКБ Алена Скрыган?

(Скрыган: ) “Гэта чорны піяр. З дакладным веданьнем псыхалёгіі гэта робіцца – я думаю, што тут прыклалі руку спэцыялісты. На самыя цёмныя сілы ўзьдзейнічаюць у чалавеку. Шпіёнаманія – яна жывучая справа, і насаджваецца людзям асабліва сталага ўзросту. Але, я думаю, гэта ня пройдзе і не праходзіць”.

Каб даведацца, на чым грунтуюцца высновы прэзыдэнцкіх спэцыялістаў, я некалькі дзён запар тэлефанаваў дырэктарцы інстытута сацыяльна-палітычных дасьледаваньняў пры адміністрацыі прэзыдэнта Ніне Шпак. Аднак яе сакратарка ўвесь час адказвала:

(Сакратарка: ) “Яна паехала ў адміністрацыю прэзыдэнта й сюды вяртацца не будзе”.