У інтэрнэце зьявілася заява Шаміля Басаева, у якой ён заяўляе, што адказны за захоп школы ў Бэслане

Тацяна Поклад, Прага У інтэрнэце сёньня зьявілася заява чачэнскага лідэра Шаміля Басаева, у якой ён абвяшчае сябе адказным за захоп школы ў Бэслане, у выніку якога загінулі болей за 320 чалавек, большасьць зь якіх – дзеці.
Заява зьявілася сёньня на інтэрнэт-старонцы “Каўказ-цэнтр” (сайт kavkazcenter.com, які пасьля абеду перастаў адчыняцца).

Паводле заявы на вэбсайце, атрады групоўкі “Рыядус-Саліхін” зьдзейсьнілі напад у Бэслане і выканалі нядаўна іншыя “пасьпяховыя вайсковыя апэрацыі”. У ліку гэтых некалькіх апошніх “апэрацыяў” – два сынхронныя выбухі ў самалётах і выбух на маскоўскай станцыі мэтро “Рыская”, – напады, якія забілі яшчэ 100 чалавек.

Заява зьявілася праз дзень пасьля таго, як яшчэ адзін чачэнскі лідэр і былы прэзыдэнт Чачэніі Аслан Масхадаў ізноў паўтарыў, што ён ня датычны да трагедыі ў Паўночнай Асэтыі. Масхадаў сказаў у інтэрвію Радыё Свабода:

(Масхадаў: ) “Калі расейскія лідэры вельмі хацелі б, каб я быў замешаны ў падобных тэрактах, ім не шанцуе і ў іх гэта не атрымаецца. Такое зрабіць я бы ня здолеў”.

Сёньняшняя заява Басаева пакуль не пацьверджаная іншымі крыніцамі. Раней, паводле іншых паведамленьняў, адказнасьць за выбухі ў самалётах і каля станцыі мэтро ўзяла на сябе групоўка “Брыгада Ісьлямбулі”. Гэтая групоўка таксама заяўляла, што зьдзейсьніла напады, каб дамагчыся незалежнасьці Чачэніі.

Басаеў лічыцца адказным за захоп закладнікаў у тэатры “Норд-Ост” у Маскве ў 2002 годзе, калі загінулі 170 чалавек, у ліку якіх і 40 ваяўнікоў у выніку штурму тэатру расейскім спэцназам.

Калі заява Басаева аўтэнтычная, высьвятляюцца новыя падрабязнасьці захопу школы ў Бэслане. “Апэрацыю ў горадзе Бэслан зьдзейсьніў другі батальён шахідаў пад камандаваньнем палкоўніка Арстхоева”, – гаворыцца ў заяве. Паводле заявы, у групе захопнікаў было 33 чалавекі, – у іх ліку чачэнцы, інгушы, асэтыны, расейцы і двое арабаў. У заяве гаворыцца, што групоўка ня злучаная з Аль-Кайдай.

Ірына Ісакова, экспэрт і былая дарадца Расейскага і Брытанскага парлямантаў, кажа:

(Ісакова: ) “Колькасьць захопнікаў не істотная, але ўдзел арабаў можа быць вельмі істотным – прынамсі для тых, хто спрабуе прыпыніць там гвалт. Нават калі будзе найменшая сувязь з арабамі альбо Аль-Кайдай, гэта дасьць вельмі моцны аргумэнт у падтрымку тых, хто кажа што гэты напад – частка вялікай міжнароднай карціны”.

Таксама ў заяве Басаева падаецца кошт тэрактаў – арганізацыю нападу ў Бэслане каштавала 8 000 эўра, а выбухі ў самалётах – 4 000 эўра.

Палкоўнік Нік Прат, які ачольвае Праграму па пытаньнях тэрарызму і бясьпекі ў Эўрапейскім цэнтры Джорджа Маршала па дасьледаваньня бясьпекі ў Нямеччыне, пракамэнтаваў гэтыя зьвесткі такім чынам:

(Прат: ) “Насамрэч, фінансавыя магчымасьці тэрарыстаў зьмяншаюцца, але падобныя напады не патрабуюць вялікіх выдаткаў – трэба на хабары, на транспарт. Зброю і выбухоўку яны ўжо маюць”.

Іншыя зьвесткі з заявы таксама насьцярожваюць. Газэта “The Guardian” сёньня паведаміла, са спасылкай на Асланбэка Аслаханава, дарадцы расейскага прэзыдэнта па Чачэніі, што Пуцін быў гатовы да перамоваў з захопнікамі, каб выратаваць жыцьці дзяцей. Аслаханаў паведаміў, што Пуцін прыляцеў 3 верасьня ў Паўночную Асэтыю для перамоваў. Але было позна – у школе пачалася страляніна і выбухі.