Прыватны дзёньнік: Валянцін Бойка

Валянцін Бойка, Мазыр Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя запісы мінулага тыдня прадстаўляе студэнт-філёляг з Мазыра Валянцін Бойка.
13 верасьня

Зранку гляджу тэлевізар. У праграме “Наше утро” вядоўцы радасна шчабечуць пра апошнія навіны. У рубрыцы “Каляндар” зь непрыхаваным захапленьнем штодня пералічваюць падзеі расейскае гісторыі, зьвязаныя з гэтым днём. Пра Беларусь звычайна ані згадкі. “Утро в Северо-Западном крае...” Зрэшты, якое “утро”? Цемра! Жахлівая цемра абыякавасьці. Магчыма, калі-небудзь імглістае “утро” зьменіцца сьветлай “раніцай”. Або “раньнем”. Можна таксама “ранкам”. Вось вам і “бедный белорусский язык”.

Увогуле тэлевізія цешыць усё новымі цікавосткамі. Поўным ходам круцяць агітацыйныя ролікі. На месцы Галоўнага я бы надаваў тэлевізійнікам “па шапцы” за халтуру. Большую бязглуздасьць, чым сюжэт пра двух камбайнэраў, цяжка ўявіць. Ад чысьцюткай расейскай мовы пэрсанажаў тхне, як мінімум, унівэрсытэцкай адукацыяй. Зьнялі бы ролік на лёгкай трасянцы, прыправіўшы мову герояў двума-трыма вострымі слоўцамі — выглядала бы, прынамсі, натуральна. А так сьледам за Станіслаўскім хочацца патэтычна выгукнуць: “Ня веру!”

Зрэшты, я даўно звык абыходзіцца без тэлевізара, хаця раней цэлымі гадзінамі мог бавіць час перад экранам у кампаніі чатырохногага сябра — канапы. Адвыканьне пачалося з таго моманту, калі я прымудрыўся перакуліць на тэлевізар вазу з вадой, у якой стаялі кветкі. Тэлевізар змоўк і цэлы тыдзень спаў мёртвым сном. Малодшая сястра была ў роспачы. Самому мне давялося перайсьці на слуханьне радыё. Тэлевізію цяпер гляджу нячаста — бракуе часу. Дый нэрваў шкада. Віктар Казько нездарма аднойчы назваў тэлевізар “хатнім хлусам”. Пасядзіш гадзінку-другую — і адчуваеш неадольнае жаданьне струсіць локшыну з вушэй.

14 верасьня

Жартам спытаў у аднакурсьніка, што складае вершы, пра творчыя пляны. Адказ неспадзяваны: у плянах капаньне бульбы. Гэткі творчы ўздым штогод назіраецца па ўсёй краіне. Адзін апазыцыянэр неяк пажаліўся, што многія акцыі фатальным чынам прыпадаюць на пару збору ўраджаю, калі ўся краіна — ад малых да пэнсіянэраў — стаіць на гародах, схіліўшыся ў красамоўнай паставе, такім чынам дэманструючы абыякавае стаўленьне да палітыкі. Прыгадваецца савецкі мультфільм пра лайдакаватага хлопчыка Антошку, якога сумленныя таварышы-піянэры агітавалі ісьці “копать картошку”. Мультфільм пра нас. Героі капаюць бульбу, носяць чырвоныя гальштукі й сьпяваюць па-расейску. Адразу відаць, што беларусы.

І хаця мае бацькі ня садзяць бульбы, усеагульны бульбяны псыхоз аднойчы не абмінуў і мяне. Замест сядзеньня ў тлумнай аўдыторыі мы, студэнты, правялі дзень на сьвежым паветры, у неабсяжных прасторах калгасных палеткаў. Вярталіся дадому ў розным гуморы: адныя голасна абураліся, другія маўчалі, трэція ціха радаваліся, бо пасьпелі накрасьці бульбы. У якасьці маральнае кампэнсацыі за змарнаваныя сілы й час застаецца толькі зь непрыхаванай злараднасьцю гладзець, як цяперашнія другакурсьнікі, бразгочучы вёдрамі, будуць грузіцца ў аўтобус.

15 верасьня

Выступаў зь віншаваньнем на канцэрце з нагоды Дня бібліятэкі. Казаў па-беларуску. Мажныя кабеты-бібліятэкаркі ў залі лагодна пасьміхаліся. Адно з двух: або дужа спадабалася, або проста ня ўсё зразумелі. У апошнім выпадку няма інакшае рады, апроч як прыкрыцца замілаванай усьмешкай. Адным словам, інтэлігенцыя. Менавіта яна яшчэ здольная разумець абстрактныя катэгорыі, успрымаючы мову як крыніцу натхненьня й саматоеснасьці. Просты абываталь, разважаючы рэальнымі катэгорыямі сала й гарэлкі, ставіцца да мовы па-спажывецку. Калі тавар добра разрэклямаваны (як, напрыклад, ангельская), то яго набываюць і карыстаюцца. Тая беларуская мова, якую мне прапаноўвала школьная праграма, засьмечаная русізмамі, са скалечанай граматыкай, выглядае ня надта прывабна. Ня дзіва, што ўсе выбіраюць расейскую.

Ну вось, зноўку паляцела душа ў рай. Ні дня не бывае бязь сьлёзных развагаў пра гаротны лёс роднае мовы. Хаця для мяне, украінца, які змалку размаўляў па-расейску, панятак “родная мова” даволі адносны.

Увечары глядзеў тэлевізар. Пераможныя рэляцыі з палёў ды заводаў натхняюць на новыя рэфлексіі. Жыцьцё сьвядомага беларуса ў нечым нагадвае існаваньне ў Матрыцы. Цешу сябе спадзевам, што ёсьць недзе сапраўдная рэчаіснасьць, дзе разумеюць розьніцу паміж Мінскам і Менскам, гуляюць “сьвяты”, а ня толькі “празьнікі”, і ведаюць, што Мілавіца — гэта ня проста жаночая бялізна. Але насуперак законам амэрыканскага фільму ня варта чакаць на добрага лысага дзядзьку, які прапануе выратавальную пігулку, каб усё стала на свае месцы.

16 верасьня

Ад самае раніцы ў Мазыры дождж. Блукаю па гарадзкіх завулках. Нудная чысьціня прылізаных вуліц наганяе маркоту, затое некрануты сьвет глухіх двароў і сьмецьцевых кантэйнэраў наводзіць на глыбокія роздумы. Уважліва вывучаю графіці на сьценах. Творы вулічнага мастацтва — проста скарб для псыхоляга. У стракатым перапляценьні лініяў і ляканічных надпісах з трох літараў адлюстраваны ўвесь хаос, што дзеецца ў людзкіх галовах. Сярод маляванага бязладзьдзя позірк выхоплівае словы “Жыве Беларусь!” Паўзьверх клічніка рука невядомага пэсыміста вывела вялікі пытальнік.

Мая звычка зьвяртаць увагу на розную лухту прыносіць свой плён: каля аўтобуснага прыпынку прыкмеціў пляшку з-пад напою, вядомага ў народзе як чарніла, з чароўнай назвай “Родны кут”.

Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе ня маю сілы!

Хрэстаматыйныя радкі відавочна напаўняюцца новым зьместам.

Вечар таго ж дня. Вяртаючыся дадому, спаткаў у аўтобусе знаёмага, зь якім ня бачыліся амаль паўгоду. Перавіты чорнай стужкай жалобны вянок у руцэ ніяк не стасаваўся зь ягоным жыцьцярадасным абліччам. Аказалася, што спадар працуе ў сфэры рытуальных паслуг. “Калі што, зьвяртайся”, — завершыў ён свой расповед. Я адказаў, што далучыцца да ліку ягоных кліентаў пакуль не сьпяшаюся. Зразумеўшы маю іронію, спадар пакрыўдзіўся. Але ўсё-ткі прапанаваў візытоўку.

Дома доўга гвалціў прыймач, спрабуючы злавіць “Свабоду”. Усё марна. У маёй кватэры ёсьць свая глушылка — усё той жа тэлевізар. “Гарызонтаўскі” агрэгат стварае такія перашкоды, што ўчуць немажліва нічога. “Не відаць табе Свабоды”, — ці то жартам, ці то сур’ёзна кажа маці, не адрываючыся ад хатніх справаў. Я моўчкі пагаджаюся: маці, як заўсёды, мае рацыю.