Адказваюць чэрвеньцы: ці можа жыцьцё ў Беларусі палепшыцца, калі да ўлады прыйдзе іншы чалавек?

Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Аляксандар Лукашэнка папярэджвае, што калі ўлада будзе не ў ягоных руках, сытуацыя пагоршыцца. Ці падзяляюць гэтае меркаваньне жыхары Чэрвеньскага раёну? Што, на іх думку, можа зьмяніцца да лепшага, калі краіну ўзначаліць іншы палітык?
(Карэспандэнт: ) “Ці насамрэч пагоршыцца сытуацыя ў Беларусі, калі ёй ня будзе кіраваць Аляксандар Лукашэнка?”

(Спадарыня Валянціна: ) “Я ў гэтым ня ўпэўненая. Гледзячы хто будзе пасьля яго. Гэта пакажа будучыня”.

(Спадар Георгі: ) “Лукашэнка малайчына. Ён – гаспадар слова. А вось гэтыя розныя шушкевічы, пазьнякоўцы – іх трэба турыць адсюль”.

(Спадар Валеры: ) “Ну, добра, яго выберам на трэці, на чацьвёрты, на дзесяты тэрмін… Трэцяга тэрміну нельга яму даваць”.

(Карэспандэнт: ) “А калі б да ўлады прыйшоў іншы палітык?”

(Спадар Ісак: ) “Гледзячы які чалавек прыйдзе. У нас тут пазаганялі ўсіх гэтых людзей у кут, дык яны чамусьці й не зьяўляюцца”.

(Спадарыня Ганна: ) “Добрыя людзі ёсьць заўжды”.

(Спадар Мікалай: ) “Лічу, што добрай замены няма пакуль”.

(Карэспандэнт: ) “Ці зьмянілася б што да лепшага, калі б да ўлады прыйшоў іншы палітык?”

(Спадар Мікалай: ) “Вось пры тых палітыках, што я ведаю, Шушкевічы, Лябедзьку і ім падобных – лепш ня будзе. Я за адно тое, што яшчэ захавалася Беларусь, шапку магу скінуць перад Лукашэнкам”.

(Спадарыня Тацяна: ) “Нешта новых палітыкаў і не чуваць. Раней быў Ганчар, Пазьняк, а цяпер у нас адзін Лукашэнка. Выходзіць, што ён адзін разумны. А ўсе астатнія дурныя”.

(Спадарыня Кацярына: ) “Гэта выбарчая тэматыка. А нам бы ігрушы прадаць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можа зьмяніцца жыцьцё да лепшага, калі да ўлады прыйдзе новы чалавек?”

(Спадарыня Натальля: ) “Тады і будзе відаць. Навошта цяпер гадаць? Заўчасна нічога нельга сказаць. Можна на лепшае спадзявацца, а там як Бог дасьць”.

(Спадар Ігнат: ) “Я сумняюся. Любы начальнік імкнецца найперш кішэню сваю грашыма набіць, і дзецям сваім, і ўнукам. А астатнім людзям — як Бог дасьць. Я думаю, што лепш ня будзе”.

(Спадарыня Вера: ) “Можа, што і зьменіцца”.

(Спадарыня Натальля: ) “Асабіста мне не падабаюцца адносіны паміж людзьмі. Нават на тым жа дзікім Захадзе адносіны іншыя, лепшыя”.

(Спадарыня Зіна: ) “Тут нічога ня зьменіш. Таму што сыстэма ўмацавалася, што нічога нельга зьмяніць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можа штосьці зьмяніцца да лепшага, калі прыйдзе да ўлады новы чалавек?”

(Спадар Міхаіл: ) “Можа зьмяніцца да лепшага. Гэты чалавек пакончыць зь бюракратыяй, якая разраслася і ад якой спасу няма. Бо шараговаму чалавеку цяпер хоць на шыбеніцу!”