Юрась Бушлякоў, Менск У пятнічных выпусках “Жывой мовы” мы прыпамінаем фразэмы, прыказкі й прымаўкі.
З просьбаю падказаць некалькі беларускіх устойлівых спалучэньняў зьвярнуўся днямі адзін з нашых слухачоў.
(Слухач: ) “Ці ёсьць у беларускай мове выразы, аналягічныя расейскім леденела душа, душа ушла в пятки, захватывает дух?”
Ад страху, спалоху душа, кажучы па-беларуску, заходзіцца, трасецца, калоціцца, млее. “У мяне аж душа зайшлася – так шкада было Івана”, – гэты сказ-ілюстрацыя з прозы Вінцэся Мудрова. Маючы на думцы моцны страх, гавораць таксама, што душа ў пяты ці пяткі пайшла, зайшла, схавалася, ускочыла; душа ў пятках апынулася – усе гэтыя варыянты характэрныя для беларускага маўленьня, усе яны – недакладныя калькі адпаведнай лацінскамоўнай фразэмы (animus in pedes decidit ‘душа ў ногі ўпала’). Ёсьць у сучаснай нашай мове і ўстойлівыя спалучэньні зь дзеясловам ледзянець: кроў ледзянее, ледзянее сэрца (але не душа!).
Калі, напрыклад, ад перажываньня, узрушэньня, ад холаду ці сьпешнага бегу цяжка дыхаць, кажуць, што займае дух, або зацінае дух, ці – яшчэ – дух забівае. “І воды такія сьветлыя, такія поўныя, што дух займае, што спыняецца ад шчасьця сэрца”, – пісаў Уладзімер Караткевіч у “Дзікім паляваньні караля Стаха”. Ёсьць у памянёных фразэм і варыянты – з множналікавай формаю духí: духí займае, духí зацінае.
Паказаныя тут спалучэньні – пераканаўчае сьведчаньне сынанімічнага багацьця беларускай фразэалёгіі, слаба, на жаль, актуалізаванага ў сучасным літаратурным маўленьні. Не забываймася, што душа заходзіцца, трасецца, калоціцца, млее, ідзе ў пяткі, што дух займае, духí зацінае.