Беларускія спажыўцы безабаронныя перад падробкамі фірмовых тавараў

Ігар Карней, Менск Цягам некалькіх дзён у Беларусі згорнутая дзейнасьць адразу трох буйных падпольных цэхаў у справе падробкі прамысловых ці харчовых тавараў. У Менску ў фірмовыя пакункі рассыпалі няякасную каву, на Магілёўшчыне гналі несапраўдную гарэлку, а ў Берасьці і ўвогуле быў наладжаны выпуск тэлевізараў японскіх марак. І апошнім часам падобных паведамленьняў усё больш.
Ці існуе ўвогуле нейкая статыстыка: што падробліваюць часьцей за ўсё? Хутчэй, можна казаць не пра канкрэтныя лічбы, а пра тэндэнцыю, якая падобная ва ўсім сьвеце. Так званыя “чорныя вытворцы” ідуць ушчыльную за рэклямай. Тое, што на дадзены момант найбольш папулярнае і запатрабаванае ў спажыўцоў, выклікае і іхны стратэгічны інтарэс.

Калі прасьцей: якую рэкляму найбольш актыўна круцяць на тэлебачаньні, такі тавар і рызыкуе быць падроблены ў першую чаргу. Таму найбольш нараканьняў у пакупнікоў да якасьці мыйных сродкаў, шампуняў, каваў, сокаў і г.д. – тое, што чалавек спажывае штодня. Але часам замахваюцца і на большыя памеры.

Паведамлялася, што ў Берасьці, на складох прадпрыемства “Тэрмінал”, затрыманы прадпрымальнік, які арганізаваў падпольны цэх зборкі тэлеапаратуры быццам “японскай” вытворчасці. Знойдзена 20 тэлевізараў псэўда-“Соні” і 38 такіх жа “Панасонікаў”. Усяго – болей чым на 40 тысячаў даляраў. Колькі да гэтага моманту тэлевізараў ужо было прададзена – відавочна, высьветліць сьледзтва. Але шмат каму ад гэтага лягчэй ужо ня будзе.

Пра адзін такі выпадак расказаў мне адзін сталічны прадпрымальнік, які перад Новым годам набыў на рынку “Ждановічы” такі тэлевізар і падарыў яго сваім бацькам.

(Прадпрымальнік: ) “Уключылі яны “Панасонік”, адбылося самаўзгараньне. Тэмпэратура была такой, што расплавіліся нават алюмініевыя краткі: потым вызначылі, што яна была дзесьці 700 градусаў. Мы прызначалі бясконцыя экспэртызы, гандляры ні з чым не пагаджаліся. Тым часам высьветлілася, што на тэрыторыі СНД ніякіх афіцыйных прадстаўніцтваў карпарацыі “Мацушыта Электрык” няма ўвогуле: пасьля фінансавага крызысу 1998 году ў Расеі ўсе зьехалі. Сытуацыя, насамрэч, такая: чым больш рэклямуюць тавар, тым больш яго і падрабляюць. “Соні”,“Панасонік” – на жаль, у гэтым шэрагу. Да таго ж, у нас вельмі распаўсюджаны гандаль бяз чэкаў, бяз касаў; усё з рук, нават праз інтэрнэт няма ніякіх гарантый”.

Падпольныя цэхі ў вытворчасьці быццам фірмовай апаратуры – гэта, відавочна, усё ж зьява не масавая, бо патрабуе вялікіх папярэдніх укладаньняў. А вось што тычыцца падробак той жа гарэлкі альбо кавы – тут справа іншая. Тую ж гарэлку сапраўды падроблівалі заўжды. Паведамленьні пра затрыманьні падпольных вытворцаў алькаголю трапляюць у друк рэгулярна.

Другая паводле папулярнасьці сфэра падробак – разьліў розных шампуняў. Тут укладаньняў не патрэбна ўвогуле: пустой тары хапае, а зрабіць неабходнага складу эсэнцыю – справа некалькіх хвілінаў. Дарэчы, самы сьвежы прыклад: пры канцы мінулага тыдня ў Менску “запэленгаваны” цэх расфасоўкі фальсыфікаванай кавы “Нэскафэ” і “Маккона”.

Самае адметнае ва ўсім гэтым, што пакупнік фактычна безабаронны перад небясьпекай набыцьця несапраўднага тавару ці прадукцыі. Вось што распавяла супрацоўніца Таварыства абароны правоў спажыўцоў Ірына Якіна.

(Якіна: ) “Адкуль звычайны спажывец можа пра гэта ведаць? Нешта набыў, але ж ён ня ведае, што гэта выраблена дзесьці падпольна. Ён верыць таму, што ёсьць, што бачыць, той марцы, якая там указаная. Адкуль тавары бяруцца, шчыра кажучы, ніхто і ня ведае. Бо нічога ж не ўказана: усё ідзе як звычайны стандартны тавар, які прадаецца ў краме”.

У падобнай сытуацыі параду супрацоўнікі Таварыства абароны правоў спажыўца даюць толькі адну: будзьце пільныя! Потым штосьці даказаць ужо цяжка.