Многія беларускія прадпрымальнікі ня бачаць магчымасьці для разьвіцьця свайго бізнэсу, калі Аляксандар Лукашэнка застанецца кіраваць краінай

Юлія Шарова, Менск За час ягонага знаходжаньня пры ўладзе колькасьць прыватных прадпрыемстваў скарацілася ў некалькі разоў. Бізнэсоўцы мяркуюць, што надалей карціна будзе яшчэ горшай.
Гандляры зь менскіх рынкаў адзначаюць: апошнія месяцы ў іхных стасунках з уладай назіралася зацішша — не было ніякіх карных захадаў. Адзін з маіх суразмоўцаў лічыць, што гэта адбылося з прычыны набліжэньня рэфэрэндуму.

(Прадпрымальнік: ) “Цяпер, у дадзены момант гэтыя карныя захады заціхлі. Калі так застанецца, то будзе нармальна”.

(Гандляр: ) “Я лічу, што трэці тэрмін можа даваць толькі пракурор. Ці зьменіцца палітыка ў адносінах да прадпрымальнікаў? Палітыка й бяз гэтага дастаткова жорсткая. Той самы суседні паляк плаціць падатак усяго 50 эўра ў месяц, а я чамусьці павінен плаціць 112”.

(Прадпрымальніца: ) “Кепска і ў бізнэсе, і наогул ва ўсіх адносінах, калі будзе працяг таго, што ёсьць цяпер”.

Старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа лічыць, што ў тым выпадку, калі Лукашэнка застанецца на трэці тэрмін, беларускаму бізнэсу ўжо ня варта чакаць ніякай лібэралізацыі, абяцанай перад выбарамі 2001 году.

(Патупа: ) “Краіна будзе выпадаць з эўрапейскай прасторы. Уся Эўропа ідзе шляхам пашырэньня колькасьці прыватных бізнэсаў, а нашая краіна нейкія арыгінальныя крокі робіць”.

Пра будучыя складанасьці ва ўзаемадачыненьнях беларускага бізнэсу з Эўропай гаворыць і замежны прадпрымальнік Марсэль, які займаецца ў Беларусі рамонтам і продажам бытавой тэхнікі. На ягоную думку, станоўчых пераменаў, калі Лукашэнка застанецца пры ўладзе, чакаць ня варта.

(Марсэль: ) “За дзесяць год у лепшы бок нічога не зьмянілася. Які тады ёсьць шанец, што ў наступныя пяць нешта зьменіцца? Гэта яшчэ больш адпужае інвэстараў, якія могуць сюды прыйсьці”.

Сам Марсэль гаворыць, што цягам апошніх год ягоны бізнэс зусім не расьце ў прыбытках, хоць прадпрымальнік спрабуе неяк пашырыцца. Ён не выключае і будучых стратаў. Калі гэта адбудзецца, ён адразу ж зьедзе дадому ў Эўропу.