За рэфэрэндум пачалі агітаваць рабочых

Любоў Лунёва, Менск Прадстаўнікі адміністрацыі менскіх прадпрыемстваў пачалі агітацыйную кампанію ў працоўных калектывах наконт рэфэрэндуму аб магчымасьці працягу паўнамоцтваў А.Лукашэнкі. Намесьнікі дырэктараў прадпрыемстваў, адказныя за ідэалягічную працу, праводзяць сходы рабочых. На прадпрыемствы запрашаюць лектараў, якія распавядаюць пра посьпехі ў замежнай і ўнутранай палітыцы беларускага ўраду.
Лектары робяць акцэнты на стабільнасьць, падкрэсьліваючы адстутнасьць тэрарыстычных актаў, але пры гэтым не даюць статыстычных зьвестак, якія адлюстроўваюць крымінагенную сытуацыю ў краіне. Цягам двух тыдняў адбудуцца сходы працоўных калектываў на заводзе колавых цягачоў, на трактарным, падшыпнікавым, аўтамабільным заводах ды іншых буйных прадпрыемствах.

Сёньня сход пройдзе на Менскім маторным заводзе і ўнітарным прадпрыемстве “Крышталь”. Тым часам Аляксандар Лукашэнка наведаў адзін з найбуйнейшых у Беларусі завод “Гарызонт”. Дзьве з паловай гадзіны ён хадзіў па цэхах і размаўляў з працоўнымі. Кіраўнік дзяржавы абяцаў ім дапамогу ў вырашэньні самых розных пытаньняў. Цягам месяца заплянавана некалькі такіх візытаў на прадпрыемствы краіны.

Прадстаўнікі адміністрацыяў прадпрыемстваў адмаўляюцца казаць пра тое, што атрымалі адмысловы загад наконт правядзеньня агітацыйнай працы ў працоўных калектывах. На некаторых прадпрыемствах яшчэ не прызначылі дату сходу, дзе будуць абмяркоўваць ўказ наконт рэфэрэндуму, але пацьвярджаюць, што такія сходы абавязкова адбудуцца.

Намесьнік генэральнага дырэктара Менскага маторнага заводу Аляксандар Хазяеў адказны за ідэалягічную працу на прадпрыемстве. Ён паведаміў Радыё Свабода, што будзе наведваць працоўных на месцах і праводзіць зь імі гутаркі:

(Хазяеў: ) “Я, напрыклад, абышоў усіх сваіх працоўных, а ў нас іх, дзякуй богу, пяць з паловай тысяч, сустракаўся з многімі людзьмі на заводзе і ў кожнага пытаўся: якое іх стаўленьне да падзеяў, якія адбыліся ў Бэслане. Пытаўся, ці пойдуць на мітынг — і людзі пайшлі. На рэфэрэндум буду дзейнічаць адпаведна гэтай схемы. Перад тым як зьбіраць масу людзей, я з кожным паразмаўляю. Прэзыдэнт выказвае ўвагу нашаму заводу, і таму гэтая заява ня можа прайсьці непрыкметна для нас. Працоўныя яго падтрымаюць. Я ўпэўнены”.

На прахадной рабочыя выказвалі розныя меркаваньні на гэты конт. Яны па-рознаму ставяцца да агітацыйнай працы з боку адміністрацыі. Адны кажуць, што іх ня трэба агітаваць, бо яны і так прагаласуюць на карысьць Аляксандра Лукашэнкі. Але ёсьць і такія меркаваньні:

(Рабочы: ) “Мне Лукашэнка не падабаецца. Я папросту хачу сам вырашаць. Не хачу, каб мяне нехта ўгаворваў, каб была свая думка. У прынцыпе, я ня ведаю, ці пайду яшчэ на гэты рэфэрэндум. Напэўна, ня так моцна нешта зьменіцца, ад таго пайду я на яго ці не”.

На многіх прадпрыемствах вызначылі адпаведныя даты правядзеньня сходаў працоўных калектываў, каб абмеркаваць указ аб правядзеньні рэфэрэндуму. Адміністрацыя ўнітарнага прадпрыемства “Крышталь” паведаміла, што адмысловы сход заплянаваны на 23 верасьня пад назвай “Рэалізацыя канстытуцыйных правоў грамадзянаў у часе выбараў і рэфэрэндумаў”. А сёньня запрошаны лектар будзе распавядаць пра посьпехі замежнай палітыкі беларускага ўраду і паляпшэньні эканамічнай сытуацыі ў краіне.