У Воршы забаранілі праводзіць выставу да 490-х угодкаў Бітвы пад Воршай

Браніслава Станкевіч, Віцебск Выстава, у якой меркавалі ўзяць удзел мастакі менскай суполкі “Пагоня” ды аршанскага клюбу “Рэнэсанс”, мусіла адчыніцца 8-га верасьня, у дзень Беларускай вайсковай славы.
Да адкрыцьця экспазыцыі быў падрыхтаваны праект помніка гетману Канстанціну Астрожскаму, скульптурная кампазыцыя, якую мастакі меркавалі выставіць у Гарадзкім цэнтры культуры.

Аднак кіраўніцтва гэтай установы, скасаваўшы папярэднюю дамоўленасьць, адмовіла старшыні клюбу “Рэнэсанс” Анатолю Жураўлёву ў правядзеньні выставы.

Падставай для адмовы сталася нібыта неабходнасьць тэрміновага рамонту, хаця ў аршанскім мастакоўскім асяродку гавораць пра тое, што сапраўдныя падставы выклалі спадару Жураўлёву ў гарадзкім аддзеле КДБ, куды яго выклікалі на “тлумачальную” гутарку.

Паводле меркаваньня аршанскіх мастакоў, галоўная прычына, паводле якой ім адмовілі ў правядзеньні супольнай выставы, палягае ў тым, што раней падобную выставу былі забаранілі ў Менску.