Камэнтары юрыстаў: Чаму рэфэрэндум абвешчаны за мінімальна магчымы тэрмін?

Ігар Карней, Менск Былыя судзьдзі Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў і Міхаіл Чудакоў камэнтуюць ініцыятыву Аляксандра Лукашэнкі аб правядзеньні 17 кастрычніка рэфэрэндуму.
Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў лічыць, што чарговая рэвізія Канстытуцыі робіцца з адной мэтай — дзеля забесьпячэньня пажыцьцёвага знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі.

(Пастухоў: ) “Так ставіцца пытаньне, доўгатэрміновая пэрспэктыва. Здымаюцца ўсялякія абмежаваньні ў тэрмінах”.

(Карэспандэнт: ) “Пытаньне не пра трэці тэрмін канкрэтна, а…”

(Пастухоў: ) “Увогуле, увогуле, канечне... А што так мала часу засталося, дык для ўлады гэта вельмі добра. Пакуль народ зьбярэцца з думкамі, пакуль пачнуць тлумачыць выбарцам — што ды як, дык усё за гэты час будзе зроблена. Думаю, адмыслова пакідаўся мінімальны тэрмін, каб не баламуціўся народ, каб не разабраўся, чаго ад яго хочуць”.

Яшчэ адзін былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду, Міхаіл Чудакоў, з шэрагу прычынаў ня стаў глыбока аналізаваць сытуацыю, але кажа, што тэхнічна правесьці рэфэрэндум не складзе ніякіх цяжкасьцяў.

(Чудакоў: ) “Шчыра скажу: нічога не магу сказаць уголас, таму што я працую ў Акадэміі кіраваньня…”

(Карэспандэнт: ) “Тэхнічна ажыцьцявіць рэфэрэндум — справа складаная?”

(Чудакоў: ) “Чалавек проста атрымае другую паперу, разам зь бюлетэнем за дэпутата яшчэ і бюлетэнь па рэфэрэндуму. Указ ёсьць, таму проста дадрукуюць блянкі. У нас жа называецца не Цэнтральная выбарчая камісія, а камісія ў справе правядзеньня выбараў і рэфэрэндумаў. Усе тыя ж людзі і г.д., таму якраз тэхнічна гэта нескладана”.