Зянон Пазьняк: “Удзел у выбарах у такіх умовах – гэта крыж на будучыні Беларусі”

Сяргей Навумчык, Прага “Удзел апазыцыі ў выбарах у такіх умовах прыцягне на ўчасткі дадатковую колькасьць людзей і легітымізуе рэфэрэндум”, лічыць Пазьняк.
Камэнтуючы для радыё “Свабода” абвяшчэньне рэфэрэндуму, лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк, які цяпер знаходзіцца ў Нью-Ёрку, сказаў, што “ва ўмовах адсутнасьці свабоды слова і неабмежаваных магчымасьцяў для фальсыфікацыяў вынік рэфэрэндуму няцяжка прадбачыць. Як і вынік выбараў – Лукашэнка можа ўтрымліваць уладу яшчэ 12 гадоў”. Пазьняк лічыць, што “17 кастрычніка галоўнае, што адбудзецца – гэта рэфэрэндум, а выбары – толькі “прыдатак”. Удзел апазыцыі ў выбарах у такіх умовах прыцягне на ўчасткі дадатковую колькасьць людзей і легітымізуе рэфэрэндум. Гэта ставіць крыж на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 года і, адпаведна, на бліжэйшай будучыні Беларусі”, сказаў Пазьняк.