Юрась Бушлякоў, Менск Скончыліся летнія вакацыі - перадача "Жывая мова" зноў гучыць у эфіры Радыё Свабода.
Адзін аднаго, адна адну, адно аднаго – ці заўсёды правільна мы ўжываем гэтыя спалучэньні? На жаль, забываемся часам, што выбар адной з названых формаў залежыць ад полу асобаў, пра якіх ідзе гаворка. «Цягне нешта адно да аднаго кіраўнікоў Беларусі й Судану», – напісаў аўтар інтэрнэт-выданьня. Абодва памянёныя кіраўнікі – мужчыны. То ж характарызуючы іхныя стасункі, можна ўжыць толькі «мужчынскую» форму спалучэньня – адзін да аднаго. Браты, кажучы па-беларуску, дапамагаюць адзін аднаму, клапоцяцца адзін пра аднаго, рэгулярна сустракаюцца адзін з адным. Форма адно аднаго на месцы тады, калі гаворым адначасна пра мужчынаў і жанчын, хлопцаў і дзяўчат, калі гаворка пра маладых істот, а таксама пра зьявы, прадметы ніякага роду або розных родаў. Маладыя кахаюць адно аднаго, дзеці бавяцца адно з адным, брат зь сястрою жывуць адно пры адным.
І яшчэ адзін штрышок у рамках тэмы. Поруч з формамі адзін аднаго, адна адну, адно аднаго здараюцца ў літаратурных тэкстах і варыянты адзін другога, адна другую, адно другога. У дыялектнай нашай мове такія варыянты несумненна радзейшыя – заканамерна, што не асноўныя яны і ў літаратурным маўленьні. Гаворым па-беларуску: мужчыны паразумеліся адзін з адным, жанчыны пыталіся адна ў адной, ён і яна выйшлі адно за адным.