Рыгор Сітніца, Менск Новая перадача сэрыі “Чытальная заля”.
Выйсьці ў людзі. Цяжка згадаць нейкую іншую мэту, якая была бы для нашае нацыі больш прыярытэтнай. Можа трохі й па-блюзьнерску, але наважуся сказаць, што Купалава “А чаго ж, чаго захацелась ім, пагарджаным век, ім, сьляпым, глухім? Людзьмі звацца” — гэта геніяльна агучанае жаданьне вывесьці свой народ у людзі.
“Камо градзешы?” — паўстане пытаньне. “У людзі”, — адкажа беларус. І ня схлусіць. Бо ўжо дзесяць стагодзьдзяў, за пакаленьнем пакаленьне, выходзім мы ў людзі. Хто як можа — выходзім.
Не рызыкну сьцьвярджаць, што гэткага ж намеру трымалася Эўфрасіньня Полацкая, ідучы пешкі да Ерусаліму. Мабыць, у яе былі іншыя матывацыі. А вось ейны зямляк Францішак Скарына, выпраўляючыся з Полацку ў Кракаў, пэўна ж кіраваўся ў людзі. І выйшаў. Ды яшчэ як! Бо шлях па навуку, якім бы пакручастым ні быў, у людзі выводзіў гарантавана. Так што Францішак наш ня толькі сам выбіўся, але й нас усіх прыстроіў. Бо, меўшы ў радні такога дзядзьку, толькі апошні ёлуп не скарыстаецца зь ягоных працэнтаў. То й карыстаемся.
Шмат хто яшчэ з нашых пасьля паўтарыў дзядзькаў шлях, хто з большым, хто зь меншым посьпехам. Паўтараем і да сёньня.
“Можа й будзе з майго меншага які толк”, — пахваляючыся, выказваў свае спадзяванкі наш вясковы сусед Ігнат: “Большыя мае — так сабе, а гэны, бач, спрытны розумам. Дасьць Бог, і выйдзе ў людзі”. Анягож! Выйшаў.
Як мала хто з нас. Прыехаўшы чарговы раз у вёску, сустракаю суседа. Даўшы “дабрыдзень”, распытваю па завядзёнцы пра здароўе, пра жыцьцё-быцьцё, пра сыноў... Расповед пра сваіх старэйшых дзядзька абмежаваў дзьвюма-трыма агульнымі фразамі. Бо што й расказваць пра калгасных трактарыста ды кіроўцу. Затое прамовіўшы імя малодшага, Ігнат прамяніўся сапраўдным гонарам. Хітравата цікуючы за маёй рэакцыяй, ён са знарачыста лянівай важнасьцю паведаміў, што ягоны Валодзя цяпер іншым не раўня, бо працуе ажно ў самім Мазыры, і не абы кім, а... інжынэрам па тэхніцы бясьпекі.
Трэба было бачыць, як ён прамовіў гэтыя словы! Дзядзька здаўна паважаў слова “тэхніка”. Можа таму, што сам ад яе быў дужа далёкі. Але ж асаблівую цану ў яго мела слова “інжынэр”, бо Ігнат ведаў, што дачка старшыні калгасу вывучылася ў Менску ды й працуе там інжынэрам нейкага, ці не ваеннага, а значыць сакрэтнага заводу. Ваеннае й сакрэтнае заўсёды было ў дзядзькавай пашане. Ну дык то ж старшынёвая. Да таго ж невядома шчэ колькі старшыня даў за тое, каб доньку ў інжынэры прапхнуць. А тут сын простага вясковага конюха, і на табе — таксама інжынэр. Ды яшчэ й задарма і безь ніякіх там інстытутаў. Можна было б, як цяпер кажуць, прыкольна парадавацца за дзядзьку Ігната. Але сынава інжынэрства было толькі часткаю суседавай радасьці. Найбольшы гонар выклікала ў яго трэцяе слова — “безапаснасьць”. Гэтае слова Ігнат прамовіў амаль шэптам, траха не азірнуўшыся, і лішне тлумачыць, які шматзначны і таямнічы сэнс ён у яго ўкладваў. Куды там нейкай старшынёвай дачцы, ды й некаторым менскім мастакам таксама.
Інжынэрыў Ігнатаў Валодзя, праўда, нядоўга. Ці то скраў нешта, ці мо тую бясьпеку парушыў, але сеў гады на чатыры. Пры наступнай сустрэчы сусед зусім неахвотна распавядаў пра далёкія і вядома ж, сакрэтныя камандзіроўкі свайго інжынэра “безапаснасьці”. А я паддакваў дзядзьку, амаль праўдзіва захапляўся, нібы й ня ведаў, што адрас камандзіроўкі няўдалага інжынэра — установа за вялізным плотам па вуліцы Кальварыйскай у Менску. Калі ж праз пэўны тэрмін “камандзіровачны” з-за таго плоту выйшаў, то пра яго вяскоўцы казалі, што пабыў у бывальцах. Гэтак зваліся тыя, хто зьведаў і плот, і калючы дрот. Так што, кіруючыся ў людзі, можна было часам патрапіць і ў бывальцы.
Але былі й іншыя кірункі. “Ты ня лайся, дзядзя, пры савецкай уладзе, бо як выйдзе ў людзі, то й табе лепш будзе”, — раіў Кандрат Крапіва свайму баечнаму пэрсанажу, які сарамаціў жонку-дэпутатку.
Меўся й яшчэ адзін спосаб у людзі выбіцца. У нашай вёсцы ў часы сталінскага кок-сагызу ледзьве ня ўсе кабеты аднаго разу атрымалі хто мэдаль, а хто й ордэн за шалёны ўраджай тае чужаніцы-расьліны. А дзьве цёткі нават гераінямі сацпрацы сталі, ну і, вядома ж, дэпутаткамі. Ад таго часу геройствы нашых цётак выяўляліся ў больш далікатных сфэрах, бо той няшчасны кок-сагыз ляснуўся і больш ніколі на палескіх глебах не ўрадзіў. Ды мэдалькі з зоркамі назад не адбярэш, але й не ўгрызьнеш, як казалі тыя ж кабеты.
Аднак найбольш зайздросна выходзілі ў людзі некаторыя спрытнейшыя вясковыя дзяўчаты, балазе мелі дзеля гэтага адмысловую сьцежку. У лесе, блізу нашае вёскі, стаяў нейкі звышсакрэтны вайсковы гарнізон. На калючым дроце віселі шыльдачкі з надпісам “Стой. Запретная зона”. “Зонай” тая страшнаватая мясьціна завецца й да сёньня. Сакрэтнай яна, праўда, заставалася да пэўнага часу, пакуль адзін з вайсковых не прадаў на Захад скрадзеныя таемныя дакумэнты. Часьць тая мусіла кінуць-рынуць усё ды зьехаць у невядомым кірунку. Але пакуль яшчэ “зона” заставалася нерассакрэчанай, — у наш вясковы клюб прыходзілі адтуль патанчыць вайсковыя кавалеры. Нашым хлопцам цяжкавата было вытрымліваць такую канкурэнцыю, і яны бараніліся. Проста і пераканаўча. Вайсковыя часьцяком атрымлівалі па зубах, мусілі падкупляць гаспадароў гарэлкай, але раз-пораз дзяўчат вясковых у людзі вывозілі.
Пашчасьцілася й дачцэ нашае далёкае радні цёткі Просі. Упадабаў Просіну Маню малады афіцэр. Ды й Маня яго палюбіла. Ну, песьня, дый годзе. І тае бяды, што той “ахвіцэр” быў усяго толькі банальным савецкім прапаршчыкам, але ж пагоны на ягоным парадна-выходным кіцелі блішчэлі, як у сапраўднага афіцэра. Ну а ў зорках на зіхоткіх пагонах вясковыя цёткі цямілі ня дужа. А якая розьніца — вялікія зоркі ці меншыя. Галоўнае, што блішчаць. Дый гаворка ў таго ваякі гарадзкая, ня тое што нашая. А што напіваецца часам ды біцца да ўсіх лезе, ну дык жа сапраўдны рускі. І хоць быў той “настаяшчы рускі” недзе з-пад Нароўлі, але ж Маню Просіну ў людзі вывеў. І паехала дзеўка за тым несапраўдным афіцэрам спачатку пад Мурманск, потым у нейкі Ніжневартаўск, пасьля ў тайгу забайкальскую і яшчэ бог ведама куды. Дзе тыя забайкальлі зь ніжневартаўскамі, старая Прося ня ведала, але ж спраўна слала туды пасылкі з палескім салам ды вяндлінаю, бо добра ведала, што нават выйшаўшы ў людзі, есьці таксама хочацца.
Ад таго часу, як сам я падаўся ў людзі, шмат што зьмянілася ў сьвеце і ў роднай вёсцы. Зьмянілася нават краіна, зь якое мы ў тыя людзі спрабавалі выбіцца. Беларусь хоць і заняла “свой пачэсны пасад між народамі”, ды ўсё неяк з краю, збоку, нібы чужое месца заняла. Але, Бог дасьць, абвыкнецца. Вёска таксама стала трохі іншай: шмат хатаў стаіць пустых: хто ў людзі падаўся, а збольшага — у лепшы сьвет. Няма ўжо дзядзькі Ігната. Ды вярнуўся з людзей-“бывальцаў” ягоны Валодзя. Жыве ў бацькоўскай хаце, даглядае, як і бацька, коней, і ні ў якія людзі болей ня хоча.
Памерла Прося, не дачакаўшыся зь людзей сваёй Мані. Праўда, праз колькі гадоў вярнулася й Маня разам з “падшытым” прапарам. Ад таго колішняга кавалера ў ім мала што засталося, але, дзякуй богу, што жывы. Гарэлкі ня п’е і па-расейску амаль не гаворыць. Аказалася, тутэйшую мову ведае дасканала. Згадваючы свае бадзяньні, кляне Расею і злосна сьмяецца з усяго, што зь ёй зьвязана.
“Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”, — успамінаю хрэстаматыйнае, слухаючы “прапара”. Але гэта як для каго. Бо, пабываўшы ў розных краях, я пераканаўся, што любіць Беларусь можна й проста так, нават не выходзячы ў людзі. Бо выйшаў я ў іх, ці не, мне й дагэтуль невядома. Нездарма ж яшчэ й цяпер ад каго зь вяскоўцаў магу пачуць: “Ты нібыта і ў людзі выбіўся, а па-гарадзкому, па-культурнаму гаварыць не навучыўся”. Што ім адказаць? Напэўна, я ня ў тыя людзі выходзіў.