Купляць беларускі мёд лепей у спэцыялізаваных крамах, якія праводзяць папярэдні аналіз мёду

Галіна Жарко, Менск Закончыўся сэзон актыўнага медазбору. Дзякуючы мёду, спартоўцы паказваюць лепшыя вынікі, а дзеці менш хварэюць. Спэцыялісты кажуць, што наяўнасьць бактэрыцыдных рэчываў робіць мёд унівэрсальным лекавым сродкам. Адно, што мёд павінны быць правераны. Адсутнасьць пэстыцыдаў, гербіцыдаў, мыш’яку, сьвінцу, радыёнуклідаў, якімі, на жаль, так багатая цяпер беларуская расьліннасьць павінны паказаць адпаведны аналіз, які каштуе нятанна – 130 тысяч. Таму купляць мёд лепей у спэцыялізаваных крамах, дзе аналіз абавязковы. У адну з такіх крамаў наведалася нашая карэспандэнтка.
Апроч пакупнікоў мёду ў краме гэтымі днямі шмат і пчаляроў, якія старанна рыхтуюць пасекі да зімы – у мінулым годзе шмат пчолаў загінула. Паслухайце гутарку з пчалярамі ды ўладальнікам крамы Леанідам Дзёмкіным.

(Карэспандэнтка: ) “Як у нас разьвіта пчалаводзтва?”

(Дзёмкін:) “90% пчаліных сем’яў – у прыватнай уласнасьці”.

(Карэспандэнтка: ) “Калгас ня здольны ўтрымліваць пчолаў?”

(Дзёмкін: ) “Гаспадарка заўсёды зацікаўлена, бо гэта павышае ўрадлівасьць палёў. А бугальтарка кажа – нерэнтабэльная пасека! 300 кіляграмаў мёду – са ста вульляў. Галоўная праблема – пчолы раяцца, а пчаляры не раяцца”.

(Пчаляр: ) “Былі ў дзеда, былі ў бацькі, цяпер – у мяне...”

(Дзёмкін: ) “Сярэдні ўзрост нашага пчаляра 60-70 гадоў. Гэта людзі са шматлікімі хваробамі, і пчолы ім дапамагаюць выжыць”.

(Пчаляр: ) “На тое, што джаляць, я не скарджуся. Сетку ніколі не апранаю”.

(Дзёмкін: ) “Затое такія хваробы, як радыкуліт, остэахандроз для пчаляроў не характэрныя. Сустракаю аднаго пчаляра, а яму 85 гадоў! І ён кажа: дзякуючы пчолам яшчэ 25 гадоў пражыў на сьвеце. А вось малады пчалавод...”

(Карэспандэнтка: ) “Чаму вы заняліся пчоламі?”

(Пчаляр: ) “Па традыцыі. Атрымаў у спадчыну ад бацькоў”.

(Карэспандэнтка: ) “Гэта прыбытковы занятак? Ці можна зь яго разбагацець?”

(Пчаляр: ) “Ды дзе вы бачылі ў Беларусі пчаляра-камэрсанта?! У прынцыпе ж мёд нядорага каштуе”.

(Пчаляр: ) “Ён залаты для мяне!”

(Дзёмкін: ) Каб быў добры прыбытак, мёд павінны каштаваць 10 даляраў”.

(Пчаляр: ) “Кошт на наш мёд падае, бо шмат прывозяць з Расеі, Украіны”.

(Дзёмкін: ) “І невысокае якасьці вязуць. Дакумэнтаў няма на гэты мёд”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі мёду зьядаюць у вашай сям’і за зіму?”

(Пчаляр: ) “Ня лічым. Як у людзей хлеб на стале, так у нас мёд”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці будзем зь мёдам сёлета?”

(Пчаляр: ) “Ёсьць, але не надта многа”.

(Пчаляр: ) “Зусім мала! Для сябе толькі – літры чатыры. У тым жа годзе ўсе пчолы прапалі”.

(Пчаляр: ) “Напачатку лета быў вельмі слабы медазбор. А потым, калі палепшылася надвор’е, сытуацыя выправілася”.

(Дзёмкін: ) “Па Беларусі ў прыватных пчаляроў па 30 кіляграмаў зь сям’і будзе”.

(Пчаляр: ) “А я па 50 сабраў зь сям’і”.

У Беларусі больш за 300 тысяч пчаліных сямей, а ўтрымліваюць іх у асноўным пчаляры-аматары.