У Гомелі адны зьбіраюць дзясяткі тысяч подпісаў, іншым і тысячы сабраць не ўдалося

Казімер Яноўскі, Гомель Звыш 12 тысяч подпісаў сабрала ініцыятыўная група за вылучэньне кандыдатам у дэпутаты парлямэнту вядомага ў Гомелі й краіне апазыцыйнага палітыка Віктара Карняенкі. Гэта самы высокі вынік этапу збору подпісаў.
Я пацікавіўся ў спадара Карняенкі: навошта ажно ў 12 разоў перавышаць афіцыйную колькасьць подпісаў выбарцаў, неабходных дзеля вылучэньня кандыдатам у парлямэнт?

(Карняенка: ) “Для нас збор подпісаў — гэта ня чыста тэхналягічная задача выбарчай кампаніі. Гэта магчымасьць кантакту зь людзьмі, размовы зь імі. Гэта тлумачэньне нашай пазыцыі, гэта пошук новых актывістаў. А колькасьць сабраных подпісаў, гэта той арытмэтычны паказчык, якога ні выбарчая камісія, ні чыноўнікі сфальшаваць ня змогуць. Гэта ёсьць фактар рэальнай падтрымкі”, — сказаў Віктар Карняенка.

Аднак далёка ня ўсё апазыцыйныя палітыкі мяркуюць, што збор подпісаў патрэбны. У прыватнасьці, большасьць прадстаўнікоў Беларускага Народнага Фронту вылучаны паводле партыйных сьпісаў на зьезьдзе.

Гаворыць лідэр рэгіянальнай арганізацыі БНФ Віктар Раманішка:

(Раманішка: ) “Прыналежнасьць да партыі прымушае дэпутата быць адказным. Усе ягоныя рашэньні й дзеяньні абумоўленыя партыйнай праграмай. Выбарцу дастаткова азнаёміцца з гэтай праграмай, каб ведаць, якія ідэі й каштоўнасьці будуць адстойваць дэпутаты ад партыі”.

Адрозна ад БНФ, амаль усе сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі скарысталі падвоенае вылучэньне — ад партыі й шляхам збору подпісаў.

Прынцыпова не зьбіралі подпісаў у рэгіёне прадстаўнікі Лібэральна-дэмакратычнай партыі. Усе 17 чалавек вылучаны кандыдатамі ў парлямэнт ад партыі. Для асобных прадстаўнікоў сацыял-дэмакратычнай партыі этап збору подпісаў скончыўся няўдачай. Групы падтрымкі ня здолелі цягам месяца сабраць 1 тысячу подпісаў выбарцаў.