Прадстаўнікоў апазыцыі не пускаюць у склад участковых выбарчых камісіяў

Валер Каліноўскі, Менск Завяршаецца фармаваньне ўчастковых выбарчых камісіяў. Паводле папярэдніх зьвестак, прадстаўнікоў апазыцыі адмаўляюцца ўключаць у склад большасьці камісіяў. Тым часам назіральнікі скардзяцца на перашкоды, зь якімі сутыкаюцца ў акруговых камісіях.
6659 участковых выбарчых камісіяў фармуюцца раённымі й гарадзкімі выканаўчымі ўладамі. На мінулых мясцовых выбарах у іх склад было ўключана ўсяго 0,3% прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў, актывісты якіх і цяпер не разьлічваюць на лепшы вынік.

Паводле кіраўніка перадвыбарчага штабу ПКБ Валерыя Ўхналёва, сьпісы сябраў выбарчых камісіяў уладнымі структурамі былі ўзгодненыя загадзя, і апазыцыянэрам у іх не знайшлося месца. Выніковая інфармацыя па краіне зьявіцца празь некалькі дзён, аднак ужо цяпер ёсьць сьведчаньні, што дэмакратраў зноў праігнаравалі. Напрыклад, у Савецкім раёне Менску ПКБ вылучыла 37 сваіх сябраў ва ўчастковыя выбарчыя камісіі, але ніводзін туды ня трапіў. Пра матывы рашэньня адміністрацыі Савецкага раёну Менску гаворыць Валеры Ўхналёў:

(Ухналёў: ) “Яны тлумачэньняў не даюць, але сказалі такім чынам: надта шмат народу, вашыя не патрапілі”.

Валеры Ўхналёў прагназуе, што і па іншых раёнах будзе такая ж карціна. Пакуль у выканкамах не сьпяшаюцца паведамляць інфармацыю аб сваіх рашэньнях. Валеры Ўхналёў кажа, што гэтыя ўчастковыя камісіі будуць абслугоўваць і рэфэрэндум, калі той будзе абвешчаны, таму ўлады робяць усё, каб іншадумцы ў іх склад не патрапілі:

(Ухналёў: ) “Цалкам зачышчаецца гэтае поле, каб ніхто там ня мог перашкодзіць магчымым фальсыфікацыям і парушэньням”.

Тым часам пачаліся цяжкасьці ў акрэдытаваных пры акруговых камісіях назіральнікаў. Прадстаўніка незалежнага назіраньня ў Глыбоцкім раёне Андрэя Храпавіцкага не дапускаюць на паседжаньні акруговай камісіі, хаця той афіцыйна зарэгістраваны. Гаворыць спадар Храпавіцкі:

(Храпавіцкі: ) “Аргумэнтавалі гэта так, што трэба за дзень падаваць заяву на ўдзел у кожным паседжаньні. На што я падаў скаргу”.

Андрэй Храпавіцкі кажа, што не дапускаюць яго перш за ўсё супрацоўнікі Глыбоцкага райвыканкаму, у будынку якога разьмешчана камісія. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік назваў падобныя дзеяньні акруговай камісіі беспадстаўнымі:

(Лазавік: ) “Калі ён ужо заявіў, што зьяўляецца назіральнікам у гэтай камісіі, то ён на першае паседжаньне загадзя паведамляе пра свой удзел, а далей ён на любое паседжаньне можа прыходзіць явачным парадкам. Таму там да яго прад’яўляюць няправільныя патрабаваньні”.

Кіраўнік кампаніі незалежнага назіраньня Мікола Астрэйка называе дзеяньні Глыбоцкай камісіі незаконнымі й кажа, што яны будуць абскарджаныя ў пракуратуры.

(Астрэйка: ) “На шчасьце, менавіта такі выпадак адзінкавы, калі назіральніка з такой абсурднай прапановай не пускаюць на паседжаньне акруговай камісіі. Але ў цэлым па краіне адбываецца даволі вялікая колькасьць такіх выпадкаў, калі назіральніку пасіўна перашкаджаюць працаваць — не паведамляюць, калі будзе адбывацца паседжаньне акруговай камісіі. Камісіі такім чынам сабатуюць працу назіральнікаў, асабліва калі выносяцца папярэджаньні альбо калі рэгістравалі ініцыятыўныя групы”.