Бацькі Каральковы з Горак задаволеныя, што іх дзеці атрымаюць адукацыю на роднай мове

Марыя Ўсьціновіч, Горкі 1 верасьня Мікіта Каралькоў пойдзе ў першую беларускую клясу, якая сёлета адчыняецца ў 4-й Горацкай школе. У гэтай жа школе вучыцца яго сястра Маша Каралькова. Амаль два гады таму гэтая дзяўчына і яе бацькі апынуліся ў цэнтры гучнага скандалу, калі патрабавалі рэалізацыі свайго права на атрыманьне беларускай адукацыі. Напярэдадні Дня ведаў з Машай Каральковай і яе маці Ірынай сустрэлася наша карэспандэнтка.
Да пачатку новага навучальнага году сям’я Каральковых з Горак сёлета рыхтуецца спакойна. Мікіта і Маша будуць вучыцца на роднай мове. У пазамінулым годзе Маша некалькі месяцаў не хадзіла ў школу на знак пратэсту, пакуль для яе не зрабілі індывідуальнага пляну заняткаў на беларускай мове. Тыя прадметы, якія выкладаюцца для ўсёй клясы па-расейску, дзяўчына вывучае асобна. Такая сыстэма захаваецца і сёлета.

(Маша: ) “Настаўнікі мне ўжо сказалі, што ў 7-й клясе я таксама буду вучыцца на беларускай мове. І я лічу, што гэта добра, я рада”.

Мінулы навучальны год Маша скончыла ў асноўным з адзнакамі 9 і 10. У 7-й клясе яна хоча выправіць адзнаку за расейскую мову.

(Маша: ) “У мяне расейская мова ня дужа добра — сямёрка, і не з-за таго, што яна мне падабаецца, проста яна цяжэй мне даецца, чым беларуская мова”.

Маці Машы Ірына Каралькова, прадпрымальніца і грамадзкая актывістка, задаволеная тым, што 1 верасьня разам з Машай у школу пойдзе яе брат Мікіта. Ён будзе наведваць першую клясу, дзе разам з яшчэ трыма горацкімі дзецьмі будзе навучацца па-беларуску. На гэты раз школа сама запрасіла бацькоў Каральковых аддаць свайго сына ў беларускую клясу.

(Ірына Каралькова: ) “Радуе тое, што ня трэба хадзіць і чагосьці дамагацца, адстойваць свае правы. Прыемна, што ня трэба нейкую зноў рэвалюцыю тут тварыць”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі за мінулы год, у Магілёўскай вобласьці атрымлівае беларускую адукацыю усяго толькі 0,6% гарадзкіх дзяцей. 4-я школа ў Горках сёлета упершыню, дзеля пашырэньня ролі роднай мовы ў навучаньні, адчыніла беларускую клясу. Маша Каралькова вельмі задаволена, што ў ёй будзе навучацца яе малодшы брат.

(Маша: ) “Калі бацькі захочуць аддаць сваіх дзяцей у беларускую клясу, яны могуць гэта зрабіць, яны будуць ведаць, куды ісьці й не трэба будзе ім змагацца за беларускую клясу”.

Мікіта Каралькоў апошнія дні да школы праводзіць у бабулі. Таму пра ягоныя пачуцьці напярэдадні 1 верасьня гаварыла яго маці Ірына:

(Каралькова: ) “А Мікіта задаволены, таму што ён у нашай сям’і чуе беларускую мову, імкнецца са сваімі сябрамі размаўляць па-беларуску. І дарослым і дзецям дужа часта задае пытаньне: “А чаму вы не размаўляеце па-беларуску? Гэта добрая мова!”