Цытаты мінулага – 31 жніўня

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 31 жніўня
“Звезда”, 1924 год. Урадавае паведамленьне:

“У дваццатых чыслах жніўня на тэрыторыі савецкай Расеі ОГПУ затрыманы Савінкаў Барыс Віктаравіч, адзін з найбольш заўзятых і актыўных ворагаў рабоча-сялянскай Расеі (з фальшывым пашпартам на імя Сьцяпанава). Арыштаванаму Савінкаву 23 жніўня ўручылі абвінаваўчае заключэньне і па сканчэньні 72 гадзін у вайсковай калегіі Вярхоўнага суду СССР пачалося слуханьне справы аб ім”. І тут жа, побач, надрукавана: “28-га жніўня, а гадзіне 10 хвіліне ночы, Вярхоўны суд вынес прысуд па справе Барыса Савінкава. Апошні прысуджаны да найвышэйшай меры пакараньня. Але, прымаючы пад увагу зробленыя Савінкавым заявы, суд пастанавіў хадайнічаць перад ЦВК СССР аб зьмякчэньні меры пакараньня падсуднаму”.

“Бацькаўшчына”, 1954 год. Да 15-годзьдзя падпісаньня пакту Рыбэнтропа-Молатава:

“Дзесяткі мільёнаў людзкіх жыцьцяў, дзесяткі мільёнаў калецтваў, мора сьлёз, пажарышчы, мільёны разбураных сем’яў, бяздомных людзей – гэта вынікі жудаснай вайны. Праўда, фашызм за ўсе свае жудасныя праступствы знайшоў заслужаную кару. Але мы ня можам забыцца, што за ўсе няшчасьці другой сусьветнай вайны, нараўне з пакараным фашызмам, вінавата й камуністычная дыктатура. Што й яна-б мусіла панесьці кару за свае праступствы. Сяньня, калі мінае 15 год, прыпомнім гэты здымак, на якім два праступнікі – Молатаў і Рыбэнтроп, дружна паціскаюць сабе рукі”.

“ЛіМ”, 1984 год. Сьвятлана Курылёва:

“Заўтра, 1-га верасня, для соцень тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак прагучыць школьны званок. Тысячы юнакоў і дзяўчат зоймуць месцы ў інстытуцкіх аўдыторыях. Пачынаецца новы навучальны год. І зусім не выпадкова менавіта на гэты дзень прызначана новае наша свята – Дзень ведаў! Школа і веды, інстытут і веды – ці не словы-сінонімы? І адкрыўшы сваю першую кніжку – Буквар, маленькі чалавек пачне сваё вялікае падарожжа ў велічную краіну ведаў. Хай гэтае падарожжа будзе заўсёды шчаслівым”.