Ад 120 да 500 тысячаў амэрыканцаў узялі ўдзел у дэманстрацыі пратэсту супраць палітыкі Джорджа Буша

Аляксей Дзікавіцкі, Прага Паводле розных падлікаў – ад 120 да 500 тысячаў амэрыканцаў узялі ўдзел у Нью-Ёрку дэманстрацыі пратэсту супраць палітыкі прэзыдэнта Джорджа Буша. Дэманстрацыя, якая прайшла даволі мірна, адбылася напярэдадні Рэспубліканскай нацыянальнай канвэнцыі, што распачынаецца Нью-Ёрку сёньня.
Галоўнай мэтай дэманстрацыі быў пратэст супраць палітыкі адміністрацыі Джорджа Буша, але акцыя прыцягнула ў Нью-Ёрк людзей з розных палітычных партыяў і грамадзкіх рухаў. Эбі Цізнэр прыехаў у Нью-Ёрк не дзеля таго каб выказаць сваю нязгоду з палітыкай Буша, але каб агітаваць за Роджэра Калера – кандыдата на пасаду прэзыдэнта ад Сацыялістычнай працоўнай партыі.

(Цізнэр: ) “Мы – за правы рабочых, якія паходзяць з краінаў, прыгнечаных імпэрыялізмам і ня маюць электрычнасьці. Гэта значыць, маючы магчымасьць пашыраць электрыфікацыю, ЗША, насамрэч, найвялікшая перашкода для гэтага. Два мільярды людзей жывуць без электрычнасьці”.

У дэманстрацыі бралі ўдзел актывісты самых розных арганізацыяў, напрыклад руху ў абароне жывёлаў, а таксама простыя людзі.

Пітэр і Рэйчэл Бітл – нью-ёркскія адвакаты – прышлі на марш разам са сваімі дзецьмі. Яны выступаюць супраць цяперашняй замежная палітыкі ЗША, якая, на іхную думку, прывядзе да таго, што Вашынгтон страціць нават сваіх бліжэйшых саюзьнікаў.

(Бітл: ) “Мы хвалюемся, каб удзел у акцыі быў бясьпечны для дзяцей, але лічым вельмі істотным, каб навучыць іх, што ў сваёй краіне трэба выказвацца. Мы ўзялі дзяцей з сабой, каб паказаць, што ЗША і ўвесь сьвет – для іх. Мы глядзім у будучыню і нам не падабаецца, як кіруюць нашай краінай. У нас дэмакратыя. У Злучаных штатах мы спрабуем зьмяніць тое, што нам не падабаецца”.

Назіральнікі адзначаюць, што нягледзячы на вялікую колькасьць удзельнікаў, марш пратэсту прайшоў мірна. Каля дзьвюх сотняў асобаў былі, аднак, затрыманыя. Некаторыя за напад на паліцыянтаў.

Напярэдадні, шмат хто казаў, што рэспубліканцам лепш было б наладзіць сваю канвэнцыю ў іншым горадзе – там, дзе іх больш паважаюць. Нягледзячы на тое, што мэр Нью-Ёрку – Майкл Блумбэрг – рэспубліканец, горад вядомы моцнымі дэмакратычнымі традыцыямі.

Рэспубліканцы, аднак, заяўляюць, што ня хочуць, як дэмакраты, выкарыстоўваць эмацыйныя аспэкты замаху 11 верасьня.

“Мы павінны ладзіць канвэнцыю менавіта у Нью-Ёрку. Гэта правільнае рашэньне і гэта будзе вялікі форум. Дзе, калі не ў Нью-Ёрку”, – заявіў Кэйт Болт – дэлегат Рэспубліканскай нацыянальнай канвэнцыі зь Нью-Джэрсі.